Лірычны фізік

- 10:46Людзі адукацыі, Суразмоўца

 

Хто прыдумаў супрацьпастаўляць фізікаў і лірыкаў? Жыццё пацвярджае, што для гэтага няма ніякіх падстаў. Якраз сярод фізікаў часам сустракаюцца вельмі творчыя людзі. Прыклад таго – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Генадзьевіч Лашкевіч.

У свой час Ігар Генадзьевіч скончыў фізіка-матэматычны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. Больш за дваццаць гадоў плённа працаваў настаўнікам фізікі.

— Заўсёды лічыў, што ў мяне больш тэхнарскі склад розуму. Але любую работу выконваю з творчым падыходам. Лічу, што руціннасць — галоўны вораг эфектыўнасці. З творчым пошукам працаваў і ў часы актыўнай педагагічнай дзейнасці, гэтым прынцыпам кіруюся і зараз, — гаворыць І.Г.Лашкевіч.

Напэўна, менавіта гэты прынцып неяк раптоўна прывёў Ігара Генадзьевіча да рэальнай творчасці. Звычайны выпадак паказаў, што ў яго душы ёсць месца не толькі фізіцы, але і лірыцы.

— Да паэтычнай творчасці нечакана для сябе прыйшоў у 2010 годзе. Памятаю, што быў чарговы дзень майго нараджэння. Мой сябар Аляксандр Вараб’ёў у гэты час знаходзіўся ў Маскве і, віншуючы, “падарыў” мне мелодыю званоў храма Хрыста Збавіцеля. Калі слухаў гэтыя цудоўныя гукі, у сэрцы нешта быццам перавярнулася. Імгненна прыйшлі радкі: “Звон Христа Спасителя пробуждает нас, к вере призывает светлоликий Спас. И слеза стекает по твоей щеке, ждет тебя надежда где-то вдалеке. С сердцем исстрадавшимся бьется в унисон, близкий и далекий колокольный звон…”. Гэты першы свой верш пісаў яшчэ некалькі месяцаў, але ён стаў для мяне знакавым, таму што быў пачаткам для далейшага глыбокага захаплення паэзіяй, — успамінае І.Г.Лашкевіч.

Асноўны напрамак сваёй творчасці Ігар Генадзьевіч называе пейзажна-філасофскай лірыкай. Натхненне для многіх вершаў ён знаходзіць у прыгажосці беларускай прыроды.

— Я нарадзіўся ў Магілёве. Але ў дзяцінстве шмат часу праводзіў у Чавускім раёне ў вёсцы ў бабулі. Лес, рака, бязмежныя хлебныя палі – гэтыя краявіды назаўсёды засталіся ў маёй памяці, пакінулі пэўны след у душы. Магчыма, таму, прырода — мая галоўная крыніца натхнення. Вельмі натхняюся і творчасцю любімага пісьменніка — Афанасія Фета, — адзначае І.Г.Лашкевіч.

Адметна, што ў сваіх вершах Ігар Генадзьевіч імкнецца не толькі перадаць праз творчасць прыгажосць пейзажа, які яго крануў, але і тыя думкі, пачуцці, эмоцыі, што ў гэты момант ускалыхнулі сэрца. Усе яго творы нясуць у сабе дадатковы сэнс, разважанні аб адвечных жыццёвых ісцінах.

— Важнай для мяне з’яўляецца таксама ваенная тэматыка. У першую чаргу звязаная з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя вершы напісаны на аснове ўспамінаў маёй мамы — Марыі Прохараўны. Яшчэ пішу вершы і песні — прысвячэнні дзецям і сябрам, — расказвае І.Г.Лашкевіч.

Па словах Ігара Генадзьевіча, часам напісанне вершаў праходзіць лёгка, а бывае, што гэта становіцца дастаткова працаёмкім працэсам. Некаторыя свае творы ён пісаў па некалькі месяцаў. Адкладваў завяршэнне работы і на больш працяглы тэрмін: знаходзіўся ў творчым пошуку, думаў, як лепш увасобіць ідэю.

— Сёння паэзія для мяне не проста захапленне. Гэта своеасаблівая філасофія, звязаная з паглыбленнем у сябе і пастаянным унутраным пошукам, — падкрэсліў І.Г.Лашкевіч.

Захапленне паэтычнай творчасцю прывяло да таго, што зараз Ігар Генадзьевіч стаў не толькі больш зазіраць унутр сябе, але і матываваць на гэта іншых. У вершах ён акцэнтуе ўвагу чытачоў на тым, што ў мітусні бягучых дзён бывае трэба спыніцца, каб паглядзець навокал і ў сваю душу.

Прафесійным паэтам І.Г.Лашкевіч сябе не лічыць. Ён прафесіянал у сферы адукацыі, педагогікі і гэтым ганарыцца. Але паэзія адкрыла для яго новыя гарызонты, якія вельмі цікава спазнаваць і пашыраць. 

Дарэчы, у найбліжэйшы час пры падтрымцы сям’і і калег Ігар Генадзьевіч рыхтуе да выдання ўласны паэтычны зборнік. У кнізе будзе каля 150 старонак і некалькі тэматычных раздзелаў. Усе вершы будуць суправаджацца ілюстрацыямі, якія аўтар падбіраў сам. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Вершы Ігара Лашкевіча чытайце ў нумары “Настаўніцкай газеты” ад 30 снежня 2021года.