Мабільныя дадаткі і штучны інтэлект

“Мабільны расклад заняткаў”, “Турыстычны даведнік па Гомелі”, “Геалакацыя пацыентаў і машын хуткай дапамогі”… Гэта далёка не поўны пералік мабільных дадаткаў, якія апошнім часам распрацавалі і ўкаранілі ў практыку студэнты факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

У адноўленай лабараторыі «ЭПАМ Сістэмз».

Дыспетчары Гомельскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі больш за паўгода карыстаюцца мабільным дадаткам, які дазваляе ў рэальным часе вызначаць месцазнаходжанне пацыента і машын хуткай дапамогі з указаннем іх статусу (вольная, спяшаецца на выклік, ажыццяўляе дастаўку хворага ў шпіталь). Калі дыспетчар атрымлівае выклік, ён бачыць на Google-карце месцазнаходжанне чалавека. Праект распрацаваў магістрант факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Уладзіслаў Ефімянкоў. Навуковы кіраўнік — загадчык кафедры вылічальнай матэматыкі і праграмавання Дзмітрый Кузьмянкоў.

— Восенню 2020 года ГДУ адзначыць
95-гадовы юбілей. Напярэдадні свята студэнты працуюць над дадаткамі для ўніверсітэцкага музея. Ужо зараз у электронным выглядзе можна ўбачыць усю інфармацыю пра яго экспанаты, распрацаваны сканер QR-кодаў, дадатак з эфектам дапоўненай рэальнасці, — гаворыць Дзмітрый Сяргеевіч.

На мінулым тыдні будучыя праграмісты пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук дацэнта кафедры матэматычных праблем кіравання і інфарматыкі Сяргея Масловіча скончылі работу над мабільным раскладам заняткаў кожнай групы кожнага факультэта. У ім аператыўна адлюстроўваюцца ўсе змены, што вельмі карысна для студэнтаў, іх выкладчыкаў, намеснікаў дэканаў.

С.П.Жогаль.

— Мы супрацоўнічаем не толькі з ІТ-кампаніямі, але і з прамысловымі прадпрыем­ствамі: ААТ “Белшына”, ВА “Беларуснафта” і іншымі, — расказвае дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Сяргей Жогаль. — У межах навуковых даследаванняў з удзелам вядучых вучоных, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў ствараюцца камп’ютарныя дадаткі. Напрыклад, база даных, у якой захоўваюцца характарыстыкі розных труб: для водазабеспячэння, ацяплення, нафтапаліўных. Сістэма аналізуе зададзеныя параметры і робіць вывад, ці адпавядаюць яны дзяржаўным стандартам. Многія дадаткі, распрацаваныя на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання, знаходзяць прымяненне ў эканамічным і прамысловым сектары.

У перыяд навучання карыснымі для далейшага развіцця студэнтаў становяцца зносіны з прадстаўнікамі розных ІТ-кампаній. Для будучых праграмістаў рэгулярна арганізоўваюцца семінары і трэнінгі ад кампаній “ІВА-Гомель-Парк”, “ЭПАМ Сістэмз”, “Эксадзел”. Праграмы асноўных дысцыплін і спецыялізацый у галіне інфармацыйных тэхналогій узгадняюцца з вядучымі спецыялістамі прадпрыемстваў. Яны рэгулярна пераглядаюцца і дапаўняюцца. Гэта значыць, што маладыя спецыялісты здольны адразу ж прыступаць да работы па рэальных праектах у ІТ-кампаніях. Дзякуючы адкрыццю на факультэце мадэрнізаванай лабараторыі кампаніі “ЭПАМ Сістэмз”, студэнты маюць магчымасць удасканальваць свае навыкі.

— Нядаўна на базе філіяла кафедры матэматычных праблем кіравання ў IT-кампаніі “IBA-Гомель-Парк” адбылася сустрэча прадстаўнікоў нашай кафедры з кіраўніцтвам Гомельскага філіяла найбуйнейшага міжнароднага холдынга IBA Group. Размова ішла пра вытворчасць і пастаўку рашэнняў і паслуг у сферы інфармацыйных тэхналогій, — дзеліцца падрабязнасцямі доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык кафедры матэматычных праблем кіравання Віктар Смародзін. — Абмяркоўваліся пытанні прымянення тэорыі штучнага інтэлекту пры рэалізацыі міжнародных навуковых і адукацыйных праектаў.

На традыцыйным практыка-арыентаваным семінары для студэнтаў і выкладчыкаў факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання “Выкарыстанне машыннага навучання для вырашэння практычных задач” таксама разглядаюцца пытанні актуальнасці і перспектыўнасці вывучэння дысцыплін, звязаных з тэорыяй штучнага інтэлекту. Па гэтым кірунку на факультэце былі ўведзены спецкурсы “Штучныя нейронныя сеткі і іх прымяненне для вырашэння практычных задач”, “Машыннае навучанне”, “Тэорыя штучнага інтэлекту і практычныя дадаткі”. Для аспірантаў і магістрантаў прадугледжаны курс “Выкарыстанне штучных нейронных сетак пры аптымізацыі функцыянавання складаных тэхналагічных сістэм”.

— Тут створаны ўсе ўмовы, каб натхніць маладых людзей на стварэнне перспектыўных праектаў. Мы імкнёмся падтрымаць ініцыятыву, навучыць, падказаць, накіраваць у правільным напрамку. У час тэхнічнай рэвалюцыі і штучнага інтэлекту ў руках менавіта нашых студэнтаў, можа так стацца, апынецца будучыня краіны, — падсумоўвае дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Сяргей Жогаль.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.