Маленькія героі вялікай вайны

- 16:45Нам пішуць

Дзень юнага героя-антыфашыста… Пра што ён нам гаворыць? Пра каго мы павінны ўспомніць? 8 лютага 1964 года па рашэнні Асамблеі ААН гэты дзень адзначаецца ў гонар загінулых удзельнікаў антыфашысцкіх дэманстрацый — французскага школьніка Даніэля Феры і іракскага хлопчыка Фадыла Джамаля. А 8 лютага 1943 года былі расстраляны савецкія маладагвардзейцы Алег Кашавы, Любоў Шаўцова, Дзмітрый Агурцоў, Віктар Субоцін, Сямён Астапенка. На жаль, гэты спіс папоўнілі яшчэ многія і многія маладыя людзі.

Сёння мы ўспомнілі Лёню Голікава, які загінуў у 17 гадоў, Марата Казея, які не здаўся фашыстам жывым (было яму ўсяго 14), Зіну Партнову, закатаваную і расстраляную ў турме Полацка, Валю Коціка, які на пачатак вайны пайшоў толькі ў шосты клас, а ў лютым 1944 года быў смяротна паранены ў баі за Ізяслаў. Мы ганарымся імі, помнім пра іх подзвіг, таму што дзякуючы мужнасці, самаахвярнасці такіх людзей перамаглі ў той вайне. Гэтая памяць свяшчэнная.

8 лютага ў Хатыніцкай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна прайшло мерапрыемства пад дэвізам “Маленькія героі вялікай вайны”. Удзел узялі вучні сярэдніх класаў, а ініцыятарамі сталі піянеры-лідары. Вучні прагледзелі відэафільм пра піянераў-герояў і даведаліся пра драматычныя і трагічныя факты з іх жыцця. Мерапрыемства яшчэ раз даказала, што фашызм — гэта зло, смерць і разбурэнне, а нацысцкія ідэі — гэта яшчэ і духоўнае разбурэнне. Мы з вялікім асуджэннем ставімся да нацысцкіх арганізацый, якія, на жаль, узніклі і ўзнікаюць у розных краінах і прапагандуюць тыя ж ідэі, якія былі народжаныя Гітлерам і прывялі да шматмільённых ахвяр.

Вучні нашай школы хочуць вучыцца і развівацца, ствараць у імя міру, быць героямі перамог у алімпіядах, конкурсах, праектах. А мы, педагогі, падтрымліваем сваіх выхаванцаў і жадаем бачыць іх паспяховымі, стваральнікамі дабра і справядлівасці.

Юлія ВАЎЧОК,
педагог-арганізатар Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.