Марыя Кудраўцава вучыла дзяцей не толькі дакладным навукам, але і жыццю

- 17:25Образование

Добра ўвечары распаліць печ і ўспомніць пражытыя гады. Гэта часта робіць былы педагог Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Марыя Паўлаўна Кудраўцава. Не адзін дзясятак гадоў яна прысвяціла любімай матэматыцы.

Шмат выпрабаванняў выпала на яе долю, але яна засталася верная словам “Будзем людзьмі!”. Марыя Паўлаўна не з той кагорты, хто пакорліва на плячах нясе свой лёс. “Мне ніколі нічога не давалася лёгка”, — гаворыць яна і з сумнай усмешкай дадае, што мінулае сёння ўсё ж даражэйшае, чым тады, калі было сучаснасцю. Аб пражытым у яе даўным-даўно склалася апо­весць. Толькі рукапіс не ў шуфлядзе стала, а ў галаве.

Дом, у які перайшла жыць, калі выйшла замуж за Алега Міхайлавіча Кудраўцава, выкладчыка фізікі, мне раней здаваўся шчасцем. Але мой сапраўдны рай — Карэліцкі раён, вёска Новыя Руткавічы, дзе я нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і першым дзіцем франтавіка Паўла Іванавіча і Антаніны Канстанцінаўны Патук на дзявяты пасляваенны год. І зараз у вольны час, асабліва ў бяссонныя ночы, амаль па крупінках успамінаюцца дзіцячыя, школьныя і студэнцкія гады. Хоць бацькі ўмелі толькі распісацца, але мне, як і ў далейшым двум братам, Уладзіміру і Паўлу, і сястры Валянціне, пастараліся даць належнае выхаванне і вывесці ў людзі.

На ўсё жыццё запомніліся Марыі Паўлаўне цяжкія напаўгалодныя дзіцячыя гады. Рана стала памочніцай у бацькоў: нянькай у братоў і сястры, пастушкай, ды і агарод быў на яе плячах. Усё гэта навучыла Марыю Паўлаўну беражліва ставіцца да адзення, абутку і асабліва да ежы. І сёння кожную скарынку і крошку хлеба пакла­дзе ў слоічак, туды ж — і засушаныя рэшткі бульбы, якімі круглы год, асабліва зімой, падкормлівае вераб’ёў і сінічак.

Вялікае жаданне стаць настаўніцай у дзяўчынкі з простай сялянскай сям’і з’явілася яшчэ ў пачатковых класах. І ў гэтым вялікую ролю адыграла яе першая настаўніца Марыя Уладзіміраўна Сакольнік — найдабрэйшай душы чалавек, якую дзеці называлі мамай Марыяй. Як толькі навучылася чытаць, дзяўчынка садзіла самаробных лялек за ўяўную парту, выклікала да дошкі і ставіла ім адзнакі.

Стала прафесіяналам-матэматыкам дзякуючы Серафіме Мікалаеўне Пашкевіч — настаўніцы васьмігадовай школы ў суседняй вёсцы Палужжа.

Перапрафіляваць на “хімічку” яе спрабавала Зоя Фёдараўна Траско — настаўніца хіміі і яе класная ўжо ў гарадской школе, у якой Марыя працягвала атрымліваць сярэднюю адукацыю. Але перамаглі ўсё ж сінусы і лагарыфмы.

Разам з аднагрупнікамі

Ніколі не забудзе Марыя Паўлаўна і студэнцкі час у Мінску. Выдатна помніцца ёй і першая (адзіная за гады вучобы ў БДУ) двойка на першым экзамене першага семестра, якую атрымала за свой любімы прадмет. Праўда, за тыдзень паўтарыла матэрыял і паспяхова пераздала на выдатна, хоць у залікоўку экзаменатар паставіў “чатыры” (за пераздачу адзнака зніжалася на бал).

Прыязджаючы дадому на канікулы, Марыя Паўлаўна, як і ў школьныя гады, хадзіла з мамай палоць калгасныя буракі, убірала лён, дапамагала па гаспадарцы. Працуючы ў школе, таксама не забывала аказваць дапамогу бацькам. Студэнцкія гады праляцелі як адзін дзень. Як стараннай студэнтцы і актывістцы прапаноўвалі месца работы ў сталіцы, але яна настаяла: “Хачу на Гродзеншчыну — быць бліжэй да бацькоў”. Такім месцам на той час па яе профілі аказалася толькі школа ў Гальшанах.

Ні многа ні мала — 43 гады аддала Марыя Паўлаўна гэтай школе, навучаючы дзяцей з Гальшан і навакольных вёсак не толькі дакладным навукам, але і жыццю.

З цеплынёй і вялікай любоўю ўспамінае свайго першага дырэктара Міхаіла Сцяпанавіча Крата, яго пераемніка Эдуарда Сямёнавіча Корзуна.

Марыя Кудраўцава (у цэнтры) з калегамі з нагоды свайго 55-годдзя

Калегі заўсёды былі рады падставіць плячо таленавітай і добрасумленнай настаўніцы, якая пастаянна імкнулася да ведаў і без стомы працавала над сабой і са школьнікамі. Марыя Паўлаўна, не шкадуючы асабістага часу, працавала з адстаючымі, старалася намацаць той самы баланс бізуна і перніка, які дазваляў наладзіць здаровую атмасферу паміж настаўнікам і вучнямі на занятках. Сіл і энергіі ішло шмат, але якое атрымлівала задавальненне ад іх поспехаў.

Строгая, але справядлівая, яна хутка заваявала аўтарытэт у педкалектыве, сярод вучняў і іх бацькоў. Вядома, не ўсе яе падапечныя добра авалодалі дакладнымі навукамі, але ўсе сталі паважанымі людзь­мі! Ёсць сярод яе выпускнікоў і медыкі. Многія сталі спецыялістамі ў сельскай гаспадарцы.

Уся яе працоўная кніжка спісана рознага роду заахвочваннямі. Вось выпіска з Ганаровай граматы Міністэрства адукацыі: “За добрасумленную працу і выніковую працу ў сістэме адукацыі і прафмайстэрства”. А дэвізам Марыі Паўлаўны, якой ужо споўнілася 70 гадоў, з’яўляюцца словы Льва Талстога: “Ёсць два жаданні, здзяйсненне якіх можа скласці сапраўднае шчасце чалавека, — быць карысным і мець спакойнае сумленне”.

 Мікалай БАЛЫШ