На тэрыторыі Іялчанскай сярэдняй школы Брагінскага раёна летась адкрылі Алею Памяці і Славы ў гонар педагогаў установы, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Устаноўлена 7 партрэтаў людзей, якія набліжалі Перамогу, а ў мірны час перадавалі свае веды і вопыт падрастаючаму пакаленню. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кожны дзень, праходзячы ўздоўж алеі, вучні нібы ўбіраюць у сябе гісторыю, звязаную з іх рэгіёнам. Шмат у чым дзякуючы настаўніцы геаграфіі Ганне Бельчанка, якая актывізавала работу па захаванні гістарычнай памяці, удалося сабраць і зберагчы каштоўныя звесткі пра герояў, фатаграфіі, архіўныя матэрыялы. Дарэчы, у сельскай школе менавіта яна стала ініцыятарам стварэння залы баявой славы. Праз вывучэнне гісторый гераізму і самаахвярнасці продкаў дзеці лепш разумеюць значэнне сваіх каранёў і ганарацца сваёй краінай.
— Мне пашчасціла вучыцца ў гэтых вялікіх людзей, — гаворыць пра сваіх педагогаў-герояў Ганна Іванаўна. — Паглядзіце, на адным з партрэтаў былы дырэктар Аляксей Нічыпаравіч Ключанкоў, які ўзначальваў школу з 1958 па 1976 год. У ваенных дзеяннях удзельнічаў з чэрвеня 1941-га, у ліку заслужаных узнагарод — ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, медалі “За Перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу”. Дарэчы, менавіта пры яго кіраўніцтве з’явіўся будынак, у якім сёння вучацца школьнікі. Дырэктар унёс змяненні ў праект школы, што пасадзейнічала стварэнню больш камфортных умоў для работы і вучобы. У гэтым будынку яшчэ вучылася я ў 11 класе ў 1974 годзе.
Ганну Іванаўну з дзяцінства натхнялі настаўнікі, якія змаглі перадаць усю прыгажосць і значнасць педагагічнай прафесіі.
— Колькі сябе памятаю, увесь час хацела стаць настаўніцай, — успаміны суразмоўніцы пераносяць нас у мінулае. — Мяне неверагодна ўразіла мая настаўніца пачатковых класаў Зоя Георгіеўна Сізова. Яна перажыла вайну, была вельмі строгай, але справядлівай, адданай сваёй справе. Несумненна, вялікі ўплыў аказаў былы дырэктар школы настаўнік грамадазнаўства і гісторыі Аляксей Нічыпаравіч Ключанкоў.
У Іялчанскай школе Ганна Іванаўна спачатку спасцігала азы навук, а адвучыўшыся на гістарычным факультэце Гомельскага ўніверсітэта, стала выкладаць гісторыю і геаграфію. 13 гадоў была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Аднойчы зрабіўшы выбар на карысць педагогікі, 50 гадоў працягвае вучыць сельскую моладзь.
Выпускнікі, арыентуючыся на вопыт і прафесійны шлях Ганны Бельчанка, таксама выбіраюць высакародную прафесію. Так, 8 выпускнікоў зараз выкладаюць геаграфію, перадаючы атрыманыя веды новаму пакаленню.
Іх намаганні не толькі ўмацоўваюць школьную праграму, але і натхняюць іншых вучняў выбіраць шлях у навуку і адукацыю. Гэтаму факту суразмоўніца надае асабліва важнае значэнне.
Настаўніцы геаграфіі ўдаецца захапіць навучэнцаў прадметам, дзеці добра здаюць выпускныя іспыты, маюць поспехі ў алімпіядным руху на раённым і абласным узроўні. У гэтым годзе навучэнец 11 класа Ягор Ветчанка спрабаваў свае сілы на ўніверсітэцкай алімпіядзе ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны. Акрамя таго, старшакласнікі прымалі актыўны ўдзел у двух этапах вочна-дыстанцыйнай школы алімпіяднага руху.
— Сёлета анлайн-школа алімпіяднага руху для нас была ў навінку, аднак сістэма дазваляе добра падрыхтавацца адораным і матываваным дзецям, — адзначае педагог. — Сістэматычныя заняткі з вопытнымі настаўнікамі, прафесіяналамі сваёй справы, далі дзецям магчымасць пашырыць свае веды па прадмеце, больш якасна падрыхтавацца да алімпіяды. Важна было атрымаць разбор заданняў: школьнікі маглі паглядзець, на якім этапе дапусцілі памылку, і ўлічыць гэта ў будучыні.
Урокі геаграфіі ў сельскіх навучэнцаў — у ліку прыярытэтных. Пазнавальныя і займальныя заняткі кожны раз знаёмяць з фактамі гісторыі розных краін і культур, што дапамагае ім лепш зразумець навакольны свет.
— На ўроках абмяркоўваем актуальныя пытанні, такія як змяненне клімату і ўстойлівае развіццё, што дапамагае ўсвядоміць важнасць геаграфіі ў сучасным свеце, — працягвае педагог. — Дзеці актыўна працуюць з контурнымі картамі, арганізоўваюць самаправерку для аднакласнікаў. Так яны могуць адчуць сябе ў ролі настаўніка і дапамагчы сябрам лепш засвоіць пройдзены матэрыял.
Нават падчас перапынку можна было назіраць, як школьнікі стоўпіліся каля карты, відаць, у пошуках важнага адказу на пытанне.
— Дзеці паглядзелі на цэтлікі ад кашуль, джэмпераў, абутку, а цяпер шукаюць на карце краіну вытворцы ўласных рэчаў школьнага гардэробу, — убачыўшы маю зацікаўленасць тым, што адбываецца ля дошкі, тлумачыць суразмоўніца. — Кожны ўрок стараюся вучняў зацікавіць, каб у іх з’явілася патрэба самім падысці да карты або ўзяць у рукі глобус. У 10 класе творча падышлі да вывучэння транснацыянальных карпарацый: школьнікі падрыхтавалі па 10 слайдаў, на якіх разгледзелі ролю, размяшчэнне, дынаміку развіцця, прыбытак буйных прадпрыемстваў. Прычым матэрыял з інтэрнэту не прымаецца, лепш за любы дадатак распазнаю плагіят. А падчас абагульняючага ўрока вывучалі Афрыку: клас разбіўся на дзве каманды, у гульнявой форме навучэнцы адказвалі па чарзе на 5 самастойна складзеных камандай-саперніцай пытанняў. На тыдзень геаграфіі мы зрабілі газету, падрыхтавалі касцюмы, якія знаёмяць з культурай і традыцыямі розных краін, гатавалі стравы нацыянальнай кухні.
Ганна Іванаўна лічыць, што галоўная яе місія ў школе — дапамагчы навучэнцам зразумець асновы геаграфіі, экалогіі, эканомікі і сацыяльных навук, гэта важна для фарміравання светапогляду дзяцей.
Настаўніца вучыць аналізаваць інфармацыю, параўноўваць розныя даныя і прымаць абгрунтаваныя рашэнні, што з’яўляецца важным навыкам у сучаснасці. А таксама факусіравацца на асаблівасцях мясцовых экасістэм, геаграфіі і гісторыі роднага краю, што дапамагае выхаванцам лепш разумець сваю культуру і навакольную прыроду.
— Імкнуся, каб у маіх выпускнікоў былі моцныя веды, але самае галоўнае — каб мае навучэнцы сталі добрымі людзьмі, — не столькі па-настаўніцку, колькі па-мацярынску падсумавала Ганна Бельчанка.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара