“Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”

- 10:41Нам пішуць

Гэта тэма першага ўрока ва ўсіх школах Беларусі сёлета. Мне, як класнаму кіраўніку выпускнікоў (9 “А” клас), вельмі хацелася, каб урок для навучэнцаў быў асабліва запамінальны. Улічваючы тэму першага ўрока, у якасці госця я запрасіла вядомага беларускага паэта і пісьменніка Яўгена Зубовіча. Сам Яўген родам з Чавус і выпускнік нашай школы.

Пачала свой урок з гісторыі Чавус. Потым мы ўспаміналі вядомых і выбітных землякоў, далей слова далі Я.Зубовічу. Пачаў Яўген з падзякі за запрашэнне. Потым адзначыў, што яму вельмі прыемна сустракацца з роднай школай. Пасля аповеду пра сябе наш зямляк пазнаёміў вучняў са сваімі творамі, а таксама прадставіў новую кнігу “Беларускі палкоўнік”. Падзеі рамана разгортваюцца ў XVII стагоддзі на Магілёўшчыне. Акрамя актыўнай гутаркі з навучэнцамі, Яўген Зубовіч прадэманстраваў гульню на дудзе і гайтане, выканаўшы творы эпохі, апісанай у яго апошнім рамане.

Напрыканцы размовы наш госць правёў невялікую віктарыну на веданне гісторыі горада. Пераможца атрымаў у якасці прыза новы раман Яўгена Зубовіча з подпісам аўтара. Сустрэча з госцем пакінула ў хлопцаў і дзяўчат яркія ўражанні і эмоцыі, бо Я.Зубовіч займаецца арганізацыяй і распрацоўкай экскурсійных і турыстычных праграм па Беларусі. Вучні папрасілі аб сустрэчы са сваім земляком дзе-небудзь за межамі іх малой радзімы.

Ірына ШУНДАЛАВА,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Чавус.