Мой край — мая справа!

- 17:12Нам пішуць

Пад такім дэвізам працаваў аздараўленчы палатачны лагер “Краіна дзяцінства” ў Дужаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

Выхаванцам прапанавалі пяць кірункаў дзейнасці: краязнаўчы, даследчы, спартыўна-аздараўленчы, экалагічны, творчы. А адметнасцю змены стаў актыўны ўдзел у валанцёрскім руху: школьнікі наведвалі ветэранаў і прыводзілі ў парадак воінскія пахаванні ў рамках акцый “Ветэран жыве побач” і “Мы гэтай памяці верныя”, дапамагалі рамантаваць падручнікі ў школьнай бібліятэцы і прыбіралі берагавую зону.

Жыццё ў лагеры арганізавалі ў форме сюжэтна-ролевай гульні. Згодна з легендай дзеці павінны былі аднавіць Чароўную гару, што выконвае жаданні. Для гэтага яны павінны былі:

— адправіцца ў вандроўку па Возеры добрых спраў і “напоўніць” яго карыснымі справамі;
— падняцца на вяршыню Гары дасягненняў дзякуючы сваім поспехам;
— пабываць на Паляне творчасці, дзе працуюць арт-майстэрні, выставы дзіцячай творчасці;
— спусціцца ў даліны Алімпіёнік, Здароўя і Прыгажосці;
— адпачыць на прывалах Сяброўства, Сілы, розуму і спрыту.

На сваім шляху дзеці штодзень атрымлівалі камяні-самацветы для Чароўнай гары. Іх колеры абазначалі кірунак дзейнасці: чырвоны — гісторыка-краязнаўчы, зялёны — экалагічны і г.д. Свае самацветы дзеці наклейвалі на макет гары. У канцы змены былі аб’яўлены самы актыўны, творчы, спартыўны і цікаўны “члены экспедыцыі”.

Для наладжвання зваротнай сувязі працавала “Кладоўка ідэй”, дзе можна было падзяліцца сваімі пажаданнямі і прапановамі.

Паралельна дзеці займаліся праектна-даследчай дзейнасцю, збіралі матэрыял пра малую радзіму (“Нататкі вандроўніка”), якія ў канцы змены аформілі ў альбом. Сабраны матэрыял будзе перададзены ў школьны музей і выкарыстаны на ўроках гісторыі, мастацтва, падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. А ў новым вучэбным годзе аматары краязнаўства змогуць наведваць аб’яднанне па інтарэсах “Юны краязнавец”.

Дапамаглі педагогам у ажыццяўленні вандроўкі супрацоўнікі Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, Дужаўскага сельскага дома народнай творчасці, РАУС, РАНС.

Лілія МЕЛЬНІКАВА,
начальнік палатачнага лагера “Краіна дзяцінства”
Дужаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.