МУС: Кампанія праходзіць у абсалютна спакойнай абстаноўцы

- 16:10Выбары 2015

МУС пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Аб гэтым 6 кастрычніка заявіў начальнік упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Дзмітрый Кур’ян на прэс-канферэнцыі аб забеспячэнні грамадскай бяспекі ў час правядзення кампаніі па выбарах Прэзідэнта.

“Пры правядзенні датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў прыняты дадатковыя меры па ахове грамадскага парадку. З 5 па 12 кастрычніка арганізавана кругласутачная работа аператыўна-сітуацыйнага штаба МУС і аналагічных штабоў у рэгіёнах. У той жа час асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы”, – сказаў Дзмітрый Кур’ян.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення, цяпер няма фактараў, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на ход выбарчай кампаніі. “Кампанія праходзіць у абсалютна спакойнай абстаноўцы”, – адзначыў ён.
У сваю чаргу намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Анатоль Балябін і начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук дадалі, што іх ведамствы таксама пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.
“Пры падрыхтоўцы да выбараў разам са старшынямі выбарчых камісій мы правялі спецыяльныя заняткі і трэніроўкі, у час якіх работнікі аб’ектаў, дзе размешчаны выбарчыя камісіі, адпрацавалі эвакуацыю грамадзян, тушэнне пажару”, – адзначыў Анатоль Балябін.