Мы ў адказе

- 17:12Нам пішуць, Сацыяльны ракурс

У рамках экалагічнага выхавання школьнікаў у сярэдняй школе № 13 г. Гродна прайшла акцыя па зборы корму для жывёл, прымеркаваная да Сусветнага дня хатніх жывёл (World Pets Day), які штогод адзначаецца 30 лістапада. Дэвізам сталі словы Маленькага Прынца з твора Антуана дэ Сент-Экзюперы “Ты заўсёды ў адказе за тых, каго прыручыў”.

Галоўная мэта акцыі — прыцягненне ўвагі школьнікаў да праблем утрымання хатніх гадаванцаў і бяздомных жывёл: гэта браты нашы меншыя, а не аб’ект для забавы.

У рамках акцыі была арганізавана выстаўка творчых работ “Парад хатніх жывёл”. Навучэнцы пачатковых класаў майстравалі сваімі рукамі, малявалі і ляпілі сваіх хатніх гадаванцаў, стваралі калажы.
Як аказалася, ва ўсіх навучэнцаў 1 “А” класа ёсць хатнія гадаванцы, і фотакалаж, створаны класным кіраўніком Людмілай Мікалаеўнай Капелевай, стаў пасведчаннем гэтаму. Навучэнцы 2 “Б” класа падрыхтавалі плакат-віктарыну “У свеце жывёл”, на пытанні якой адказ было цікава даведацца нават старшакласнікам.

З мэтай выхавання спагадлівасці да бяздомных жывёл для навучэнцаў першых і другіх класаў прайшлі ўрокі дабрыні на фоне кніжнай выстаўкі “Жывёлы — героі дзіцячых кніг”. Дзеці чыталі вершы, слухалі і спявалі песні, расказвалі пацешныя гісторыі пра сваіх хатніх улюбёнцаў. На працягу ўсёй акцыі дэманстраваліся мультфільмы пра самых адданых сяброў чалавека — сабак. Навучэнцы 5 “А” класа падрыхтавалі для малодшых таварышаў прэзентацыю “Помнікі сабакам”.

Па словах бацькоў, дзеці з ахвотай паставіліся да прапановы дапамагчы жывёлам, якія знаходзяцца ў прытулках часовага ўтрымання. Ніхто ні застаўся абыякавы. Дзеці актыўна збіралі пакуначкі з кормам у агульную скарбонку.

У Гродне на сёння існуе прытулак для бяздомных жывёл “Адданае сэрца” і пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл. Для іх у ходзе акцыі школьнікі сабралі больш за 150 кг корму. Прадстаўнікі гарадскіх прытулкаў выказалі вялікую падзяку калектыву школы, дзецям і іх бацькам за аказаную дапамогу і супрацоўніцтва. Усім навучэнцам і класным кіраўнікам класаў, якія ўзялі ўдзел у акцыі, былі ўручаны падзякі.

Марына ЛЯСКОЎСКАЯ,
бібліятэкар СШ № 13 г. Гродна.