На Брэстчыне вызначылі лепшых сацыяльных педагогаў

- 16:03Образование

Да фіналу І абласнога конкурсу “Педагог сацыяльны года” дайшоў 21 чалавек, з якіх былі адабраны 12 лепшых. Яны сустрэліся на сцэне Пружанскага гарадскога палаца культуры, дзе спаборнічалі ў двух выпрабаваннях — “Адзін дзень з жыцця педагога сацыяльнага” і “Педагагічны кейс”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння эфектыўнасці работы ўстаноў адукацыі па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы дзяцей, вывучэння і распаўсю­джвання перадавога вопыту, фарміравання стабільнага кадравага складу спецыялістаў і папулярызацыі прафесіі сацыяльнага педагога, — расказала дырэктар Брэсцкага абласнога СПЦ Наталля Фяцісава. — Сёння ва ўстановах адукацыі вобласці працуе больш за 630 сацыяльных педагогаў, якія прыйшлі ў прафесію па-рознаму, але іх усіх аб’ядноўвае любоў да сваёй работы. 

Сняжана Аніська з сярэдняй школы № 4 Пружан па адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры, але ўжо 17 гадоў працуе сацыяльным педагогам. І не шкадуе, хаця ўзаемадзейнічаць з нядобрана­дзейнымі сем’ямі і цяжкімі падлеткамі складана. Больш за ўсё педагогу падабаецца бачыць вынікі сваёй дзейнасці, якія натхняюць і надаюць сіл.

Прыемна, калі выхаванцы і іх баць­кі, сустракаючыся са мной на вуліцы, гаво­раць дзякуй, — прызнаецца Сняжана Аніська.

Конкурс — гэта выдатная магчы­масць пазнаёміцца з творчымі калегамі, абмяняцца лепшымі практыкамі работы, — працягвае сацыяльны педагог Ірына Каток з Пінскага раённага ЦКРНіР. — Маё крэда — з увагай і разуменнем адносіцца да тых, хто звярнуўся да мяне па дапамогу, быць заўсёды наперадзе, каб паспяхова вырашаць прафесійныя задачы.

Журы ацэньвала не толькі кампетэнцыі канкурсантаў і іх уменні спраўляцца з рознымі праблемнымі сітуацыямі, але і арыгінальнасць задумы і падачу матэрыялу. Асаблівых цяжкасцей гэта не выклікала ў прафесіяналаў, якія парадавалі гледачоў і цікавымі разважаннямі, і гумарам, і песнямі, і танцамі.

Пераможцаў вызначылі ў 4 намінацыях. Лепшым сацыяльным педагогам установы агульнай сярэдняй адукацыі стала Сняжана Аніська з сярэдняй школы № 4 Пружан, сацыяльна-педагагічнай установы — Ірына Валасюк з Драгічынскага раённага СПЦ, ССНУ — Юлія Храмко з Высокаўскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, установы спецыяльнай адукацыі — Таццяна Бягеза з Маларыцкага раённага ЦКРНіР.

Усе ўдзельнікі былі адзначаны грашовымі сертыфікатамі ад спонсараў — Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, абласных аддзяленняў Беларускага дзіцячага фонду і Беларускага фонду міру.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ