Нашы дзеянні ва ўмовах глабалізацыі

У БДУІР завяршыла работу IX Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Вышэйшая тэхнiчная адукацыя: праблемы і шляхі развіцця”. У ёй прынялі ўдзел больш як 300 чалавек — прадстаўнікоў 8 краін (Беларусь, Украіна, Казахстан, Літва, Славакія, Вялікабрытанія, Расія, Узбекістан). У рамках мерапрыемства, акрамя пленарных пасяджэнняў, былі арганізаваны адкрытыя дыскусіі ў фармаце круглых сталоў. Госці мелі магчымасць наведаць вучэбна-навукова-вытворчыя лабараторыі і цэнтры БДУІР.

Адным з першых на канферэнцыі выступіў рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы прафесар Віктар Гайсёнак, які ў многім задаў тон наступным абмеркаванням і дыскусіям. Ён акцэнтаваў увагу на праблемах сістэмы вышэйшай адукацыі, бо “задачы павінны вызначацца, зыходзячы з поля праблем, з таго, што мы павінны выправіць”, заўважыў Віктар Анатольевіч.

Па яго словах, праблемы айчыннай вышэйшай школы тыповыя для глабальнай вышэйшай адукацыі і асабліва для постсавецкіх краін. А самы галоўны выклік сучаснасці звязаны з пераходам да масавай вышэйшай адукацыі.

“Сёння на Зямлі больш як 200 мільёнаў студэнтаў, — адзначыў Віктар Гайсёнак, — і Беларусь не выключэнне: больш за 80% выпускнікоў школы атрымлівае вышэйшую адукацыю ў той ці іншай форме. Масавасць выклікала каласальныя праблемы якасці. Раней ва ўніверсітэты ішла эліта, цяпер — усе”.

Наступная праблема, якую назваў Віктар Анатольевіч, — паскарэнне навукова-тэхнічнага развіцця, інфармацыйны выбух. “Па розных звестках, аб’ём наяўных ведаў падвойваецца кожныя 3—5 гадоў, — заўважыў прафесар. — Каласальная колькасць інфармацыі ўкідваецца ў наасферу. Як вынік, узнікае пытанне, чаму вучыць: фундаментальнасці ці новым ведам, якія трэба выкарыстоўваць непасрэдна ў рабоце. Выйсце, як заўсёды, напэўна, пасярэдзіне, але з гэтага вынікае і тое, што неабходна бесперапынная адукацыя на працягу ўсяго жыцця”.

Рэктар РІВШ заўважыў, што сёння толькі па двух напрамках — сельская гаспадарка і ахова здароўя — выпуск спецыялістаў адпавядае патрэбам адпаведных галін. Па астатніх напрамках мае месца істотная перавытворчасць кадраў.

“Паўстае пытанне: а ці патрэбна нам столькі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй? — звярнуўся прафесар да аўдыторыі. — Здавалася б, простае рашэнне: скараціць колькасць студэнтаў (прымаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі да 50% выпускнікоў школ, як гэта было ў савецкі час). Аднак ўсё не так проста. Беларусь — адкрытая краіна, і нашы суседзі (Польшча, Чэхія) ужо нават прапаноўваюць курсы на рускай мове. А ў Расіі нашых абітурыентаў сустракаюць з распасцёртымі абдымкамі. Ёсць попыт на вышэйшую адукацыю, натуральна, бу­дзе і прапанова, калі не на радзіме, то за мяжой. Сусветны рынак адукацыйных паслуг ужо перавышае трыльён долараў, ідуць глабальныя працэсы інтэрнацыяналізацыі. І з гэтым трэба таксама лічыцца”.

Віктар Гайсёнак прапанаваў паглядзець на праблему і з другога боку: “Вышэйшая адукацыя — гэта не толькі магчымасць працаваць па пэўнай кваліфікацыі на пэўных рабочых месцах. Гэта яшчэ і чалавечы патэнцыял. Чалавек з вышэйшай адукацыяй больш мабільны, больш рэфлексіўны, больш інфармаваны, больш законапаслухмяны; ён больш уважліва ставіцца да свайго здароўя, лепш выхоўвае дзяцей і г.д. Такім чынам, сацыяльны эфект істотна перавышае тыя затраты, якія мы выдаткоўваем на вышэйшую адукацыю. Аднак нам трэба думаць, як найбольш аптымальна выкарыстоўваць той патэнцыял, які мы назапасілі. Калі выпускнікі гуманітарных факультэтаў масава ідуць гандляваць на рынак — гэта ненар­мальна”.

Яшчэ адна задача, якая патрабуе вырашэння і адпаведных напрацовак з пункту гледжання нарматыўнага забеспячэння, — удзел Беларусі ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

“Нам трэба рэалізаваць асноўныя прынцыпы Балонскай дэкларацыі, — сказаў Віктар Гайсёнак. — Нічога складанага ў гэтым няма, да 2011 года большасць гэтых прынцыпаў мы ўжо рэалізавалі. Адзінае, патрабуецца пэўная інстытуцыялізацыя — нарматыўна-прававая база, якая ў поўнай меры адпавядае гэтым прынцыпам. Трохузроўневая сістэма ў нас ёсць, яе трэба давесці. Акадэмічныя крэдыты ўведзены, трэба пачаць іх выкарыстоўваць. Акадэмічная мабільнасць падтрымліваецца. Еўрапейскі дадатак да дыплома распрацаваны — патрэбен закон, які б яго ўвёў. Незалежнае агенцтва якасці будзе стварацца. Акадэмічная аўтаномія ёсць (у нас не міністры пішуць вучэбныя планы і праграмы, а выкладчыкі). І мы гатовы ўключацца ў Еўрапейскую даследчую прастору. Гэта пэўны адказ на крытыку, якая чуецца ў наш адрас, маўляў, Беларусь неактыўна ўдзельнічае ў Балонскім працэсе. Калі ўлі­чыць, што мы толькі тры гады там знаходзімся, то зроблена каласальна многа. Але патрэбны дадатковыя намаганні для распрацоўкі нарматыўна-прававой базы”.

Рэктар РІВШ асобна спыніўся на змяненнях, якія прапаноўваюцца ў новай рэдакцыі Кодэкса “Аб адукацыі” (праект зараз знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе): “Прапаноўваецца тая ж многаўзроўневая сістэма: бакалаўрыят (ад 3 гадоў для студэнтаў, якія вучацца па сістэме бесперапыннага навучання на скарочанай форме, да 4,5 года), магістратура (1—2 гады) і бесперапынная адукацыйная праграма для асабліва складаных спецыяльнасцей, напрыклад, для медыкаў, якая можа працягвацца да 6 гадоў (зараз вызначана каля 50 такіх праграм; пасля завяршэння выпускнік атрымлівае дыплом магістра). Ну і, вядома, аспірантура”.

Важна, што бакалаўр павінен быць спецыялістам, гатовым да самастойнай дзейнасці. У гэтым адрозненне беларускага падыходу, напрыклад, ад расійскага, дзе бакалаўр атрымлівае нейкую агульную адукацыю і мае складанасць у тым, каб знайсці месца на рынку працы. Што да магістратуры, то яна прызначана рыхтаваць да відаў самастойнай дзейнасці, якія патрабуюць аналітыкі, асновы навуковых ведаў.

Мяркуецца, што з прыняццем новай рэдакцыі кодэкса будзе зменена структура спецыяльнасцей, Агульнадзяржаўны класіфікатар будзе перапрацаваны.

“Зараз у нас на першай ступені каля 400 спецыяльнасцей, на другой — больш як 300. Будзе прыкладна ўдвая менш, — заўважыў Віктар Анатольевіч. — Мы адмаўляемся ад напрамкаў спецыяльнасцей і спецыялізацый як структурных адзінак класіфікатара. Пры гэтым універсітэтам даецца права фарміраваць любыя адукацыйныя праграмы ў рамках так званай прафілізацыі. Стандарт, дзяржаўны кампанент будзе вызначаць толькі 50% зместу адукацыі, астатнія 50% аддаюцца ўніверсітэту (у магістратуры — адпаведна 30 і 70%). Сваю частку адукацыйнага зместу ўніверсітэт можа напаўняць тым, што лічыць неабходным, у розных камбінацыях. Яму не трэба пытацца дазволу ні ў міністэрства, ні ў заснавальніка. Пажадана, вядома, каб гэтае напаўненне было скаардынавана з заказчыкам — тым, для каго ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў. Такім чынам, ёсць магчымасць гібка рэагаваць на запыты заказчыка: праз прафілізацыю вучэбную праграму можна будзе мяняць на хаду. Адукацыйныя стандарты пакалення 3+, якія будуць адпавя­даць новым спецыяльнасцям, павінны забяспечыць фундаментальнасць, якасць, сувязь з рынкам працы, пашырэнне акадэмічных свабод, магчымасць акадэмічнай мабільнасці і сеткавай адукацыі”.

Віктар Гайсёнак расказаў таксама пра пераход сістэмы адукацыі да новай мадэлі магістратуры. Вынікам стане ўзбуйненне і аб’яднанне роднасных спецыяльнасцей; вызначэнне ступені “Магістр” без указання навуковай і вытворчай сфер і інш.

На карысць студэнтам і навуцы

У рамках канферэнцыі праходзіла вельмі цікавая выстава “Інавацыйныя тэхналогіі і тэхнічныя сродкі навучання”, дзе былі прадстаўлены распрацоўкі БДУІР. Увагу многіх гасцей прыцягнуў стэнд “Далучэнне студэнтаў ІТ-спецыяльнасцей у працэс стварэння творчых работ па курсе агульнай фізікі ў рамках інавацыйнага навучання”. Дацэнт кафедры фізікі факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Ія Ігараўна Ташлыкова-Бушкевіч прэзентавала калегам вынікі апрабацыі сваёй аўтарскай методыкі.

Аднойчы на лекцыі па фізіцы Ія Ігараўна прапанавала студэнтам 1 курса зрабіць творчую работу — ярка, эфектна, даступна праілюстраваць складаную тэму. І студэнты адгукнуліся: правялі цікавыя доследы, знялі відэасюжэты і потым паказалі іх аднакурснікам. Спадабалася ўсім — і тым, хто працаваў над ролікамі, і тым, хто глядзеў іх у аўдыторыі. Назіраючы, як студэнтаў захоплівае фізіка, Ія Ігараўна вырашыла працягваць педагагічны эксперымент.

У мінулым семестры яе студэнты выканалі аж 42 творчыя работы. Такая высокая студэнцкая актыў­насць, вядома, радавала, але суправаджэнне працэсу на розных этапах патрабавала вельмі шмат часу і сіл. Ія Ташлыкова-Бушкевіч вырашыла прааналізаваць, што пабуджае студэнтаў, здавалася б, нятворчых спецыяльнасцей да творчай дзейнасці і чаму цікавасць да яе з кожным годам узрастае.

— Выявілася, што дзяўчаты часцей бяруцца за выкананне творчых работ, чым хлопцы,  — расказвае Ія Ігараўна, — а іншагароднія — часцей, чым мінчане. З усіх раздзелаў фізікі студэнты найбольш ахвотна выбі­раюць магнетызм, электрыч­насць і оптыку. І хоць оптыка ў тэорыі вельмі складаная, студэнтаў, напэўна, падкупляе тое, што яна бачная. Кожны сам выбірае тэму для работы. Напачатку я спрабавала даваць ім тэмы, але зразумела: любымі сваімі прапановамі я абмяжоўваю ініцыятыву. Студэнты прыхо­дзяць з уласнымі ідэямі, мы зацвярджаем сцэнарый (работа павінна адпавядаць пэўнай тэме з курса фізікі і быць бяспечнай у рэалізацыі), абмяркоўваем план, тэрміны — і яны прыступаюць да выканання.

Каб павысіць эфектыўнасць праект­най дзейнасці, Ія Ігараўна стварыла сістэму куратарст­ва: студэнты-куратары 2 курса на працягу семестра працуюць з аўтарамі праектаў. Для іх гэта выдатны вопыт работы ў камандзе, які вельмі спатрэбіцца ў прафесійным жыцці.

— Куратары надзвычай важныя людзі, — гаворыць Ія Ташлыкова-Бушкевіч, — і я падумала, што будзе правільна, калі студэнты 2 курса факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Слава Мухін, Арцём Шышоў, Аляксей Захарчэня і Аслан Наўрузаў выступяць маімі суаўтарамі на гэтай канферэнцыі. Прэзентаваць праекты нам дапамог першакурснік ФКСіС Антон Патрушаў.

Дарэчы, на выставе хлопцы дэманстравалі ўласныя творчыя работы — лазерную арфу і гармату Гауса, прыцягваючы вялікую ўвагу да стэнда.

Паколькі студэнцкіх работ многа, немагчыма прадэманстраваць іх усе на лекцыі. Аднак іх можна пагля­дзець у спецыяльных групах “УКантакце”: vk.com/physics_vmsis17 i vk.com/projects_physics. Ія Ігараўна ўпэўнена, што гэтыя работы могуць быць карыснымі пры вывучэнні фізікі ў любой установе адукацыі, і не толькі нашай краіны.

Вынік работы над творчымі праектамі па меркаванні студэнтаў

  • “Дае магчымасць папраца­ваць у камандзе, праявіць крэатыўнасць і паказаць веды” (каманда праекта “Акуляры для дальтонікаў”).
  • “Фарміруе цікавасць да фізікі і навукі ў цэлым. Выдатная магчымасць паглыбіцца ў свет навукі не на ўзроўні вучэбнага матэрыялу, а выканаўшы штосьці на практыцы” (каманда праекта “Вакуумная гар­мата”).
  • “Конкурс дазволіў прымяніць сухую тэорыю на практыцы і перажыць шмат яркіх эмоцый” (каманда праекта “Індукцыйны награвальнік”).
  • “Быў запал старацца і зрабіць штосьці асаблівае. Конкурс стаў своеасаблівым знаёмствам з патокам” (каманда праекта “Прынцып нявызначанасці Гейзенберга”).

— Я магу займацца творчай работай са студэнтамі, таму што ў мяне ёсць цыкл, — прызнаецца Ія Ігараўна. — Па-першае, мой падручнік па фізіцы — я маю магчымасць даваць студэнтам матэрыял для самастойнага вывучэння, а на лекцыях расказ­ваць штосьці сапраўды цікавае. Па-другое, мультымедыйныя прэзентацыі лекцый. Выкарыстоўваю таксама відэадэманстрацыі фізічных эксперыментаў, у тым ліку зробленыя і маімі студэнтамі (першыя відэадэманстрацыі я набыла на фізічным факультэце МДУ ў 2005 годзе). А ў апошнія гады право­джу конкурс студэнцкіх творчых работ. Усё гэта істотна павышае эфектыў­насць навучання студэнтаў такой важнай для іх навуцы, як фізіка.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.