Натасся МАСКВІНА: “Я сама выбірала свой шлях”

- 13:59Моя школа

Сённяшняя госця праекта “Мая школа” да свайго зорнага часу ішла доўгімі заблытанымі сцежкамі, а лёс неаднаразова ставіў яе перад выбарам. Сёння пра школу і шлях на сцэну расказвае лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальніца медаля Францыска Скарыны, заслужаная артыстка Беларусі, салістка Нацыянальгага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Настасся Масквіна.

— Настасся, з чаго пачалася ваша школа?
— Першага верасня я пайшла ў адну школу, а праз тыдзень — у іншую. Справа ў тым, што мая маці, калісьці атрымаўшы адукацыю інжынера-тэхнолага па пашыве адзення, пэўны час выкладала ў школе працоўнае навучанне. А Ангарская ў тыя часы была новым перспектыўным раёнам, у якім будаваліся жылыя дамы, дзіцячыя сады і школы. Вось у адну з такіх новых школ — № 141 — перайшла працаваць мая маці, а разам з ёю туды перавялі і мяне.
Як я даведалася потым, у той самай школе № 8 вучыўся дырыжор Прэзідэнцкага акрестра Рэспублікі Беларусь Віктар Бабарыкін, але ў адрозненне ад мяне ён вучыўся, а я толькі схадзіла туды на тыдзень.

— Першую настаўніцу памятаеце?
— Калі я прыйшла ў новую школу, мне (відаць, таму, што я была настаўніцкай дачкой) прапанавалі самой выбраць настаўніцу: у школе былі тры першыя класы (а ў той, старой, — аж адзінаццаць), і мне трэба было выбіраць адну з трох настаўніц. Мой выбар спыніўся на прыгожай маладой бландзінцы — відаць, таму, што яна нагадвала мне казачную фею. І я не памылілася: Алена Аляксееўна была добрай настаўніцай і цудоўным чалавекам. Потым яна выйшла замуж і з’ехала з Мінска, а мы вельмі перажывалі, што школа страціла такога педагога.

— Якія школьныя прадметы даваліся асабліва лёгка?
— Мне прасцей сказаць, што мне не давалася, — гэта матэматыка. Для мяне яна заўсёды была і будзе цёмным лесам, нягледзячы на тое, што па матчынай і бацькавай лініі ўсе з матэматыкай сябравалі. Ад маці я пераняла здольнасць добра маляваць. І цяпер у бацькоў захоўваецца мая карціна, на якой намалявана скрыпка.

— А калі пачалі займацца музыкай?
— У музычную школу я пайшла раней, чым у агульнаадукацыйную. У тыя часы традыцыйна выкладчыкі музычнай школы хадзілі па дзіцячых садках і праслухоўвалі дзяцей. Мяне таксама праслухалі, знайшлі ў мяне абсалютны слых і прапанавалі вучыцца іграць на скрыпцы. Тады мне было пяць гадоў, і са мной займаліся індывідуальна. Потым мой педагог перадаў мяне Бэле Рыгораўне Індыкт, у якой я стала вучыццца ў дзіцячай музычнай школе № 2 імя М.І.Аладава.
Як усе дзеці, я некалькі разоў хацела кінуць музычную школу, але мама настаяла: “Паложыш на стол дыплом аб заканчэнні музычнай школы і будзеш вольная!” На самай справе гэта было вельмі карысна, бо заняткі музыкай, асабліва ў такім малым узросце, вельмі развіваюць.
У дзявятым класе, як усе падлеткі, сама пайшла вучыцца іграць на гітары. І, дарэчы, вучыў мяне Валерый Громаў, бацька майго сённяшняга калегі барытона Уладзіміра Громава. Увогуле, ёсць вакалісты, якія выходзяць з музычнага асяроддзя, а ёсць такія, хто шукае свой талент самастойна. Так што музычная спадчыннасць не з’яўляецца сакрэтам поспеху ў маёй прафесіі. Мае бацькі не мелі ніякага дачынення ні да тэатра, ні да музыкі.
Падчас вучобы ў школе спявала ледзь не на ўсіх канцэртах, у школьным хоры мы праспявалі з настаўнікам спеваў увесь савецкі дзіцячы рэпертуар. Часта іграла на школьных канцэртах на скрыпцы — у іх уключалі ўсіх, хто быў на што-небудзь здатны: спяваў, танцаваў, дэкламаваў ці іграў на нейкім інструменце. Выконвала тое, што іграла ў музычнай школе. Гэта толькі цяпер сталі вельмі папулярныя сучасныя апрацоўкі ў стылі Ванэсы Мэй і можна выступаць з аркестравай фанаграмай. Тагачасны рэпертуар быў больш класічны і аскетычны.

— Што адчувалі, калі выходзілі на сцэну?
— Для мяне спяваць на сцэне было настолькі натуральна, што нейкіх асаблівых эмоцый у мяне і не было, — спяваць для мяне было як дыхаць.

— Як вы трапілі на тэатральныя падмосткі?
— У дзясятым класе за кампанію з сяброўкай схадзіла на прагляд у тэатральны клас, які ўпершыню набіралі ў 136-й школе. І, як часта бывае ў такіх выпадках, мая сяброўка адбор не прайшла, а мяне ўзялі: у мяне знайшлі тэатральны талент (можа, таму, што я спявала?), да таго ж я нядрэнна вучылася, а гэта было таксама важна.
Першую палову дня мы асвойвалі агульнаадукацыйную праграму, а пасля абеду аж да ночы былі заняткі па тэатральным профілі. Гэта было надзвычай цікава і незвычайна для мяне, бо выкладалі ў нас вядомыя ў той час тэатральныя дзеячы, а кіраваў нашым курсам тагачасны акцёр Тэатра юнага гледача Сяргей Дзмітрыеў. Мне прыходзілася ўставаць у шэсць гадзін раніцы і праз увесь горад з перасадкамі ехаць у школу. А маці назірала за ўсім і чакала, калі ж мне гэта ўсё надакучыць.
Канечне, у класе былі і выпадковыя людзі, і тыя, каму гэта было сапраўды патрэбна і хто пасля школы вырашыў выбраць акцёрскую кар’еру. Скончыўшы школу, мы кампаніяй ездзілі паступаць у Санкт-Пецярбург і Маскву, але нас там не чакалі. (Смяецца.) Трэба было спецыяльна займацца і рыхтавацца да паступлення, а можа, таленты ў нас былі не настолькі яркія… Усе мае аднакласнікі вярнуліся дадому і паступілі ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. А я настолькі на ўсіх пакрыўдзілася, што вырашыла ўвогуле нікуды не паступаць.

— А як жа тэатр?
— З тэатрам я не развіталася. Сяргей Дзмітрыеў і нашы выкладчыкі тэатральных дысцыплін стварылі тэатр-студыю, і мы працягвалі іграць казкі па школах і на ёлках. Нават паставілі спектакль па апавяданнях Міхаіла Зошчанкі. Карацей, набывалі сцэнічны вопыт і зараблялі грошы. Тэатрам наша сяброўства не абмяжоўвалася: мы бавілі разам вольны час, хадзілі ў байдарачныя паходы. Потым праз некаторы час я як актрыса была задзейнічана ў тэатральным праекце тэатра імя Горкага “Мадам, месье і…”, у якім выконвала адну з роляў і спявала.
Неяк Сяргей сказаў мне: “Што ты так боўтаешся? Ну хоць у Інстытут культуры паступі на завочнае аддзяленне”. Так я стала вучыцца на спецыяльнасці “Рэжысура тэатральнага калектыву”. Але гэта была ўжо другая спроба стаць студэнткай гэтай ВНУ. Пасля школы я ўсё ж паспрабавала свае сілы і паступіла на рэжысуру, але праз месяц мне і яшчэ адной дзяўчыне прапанавалі забраць дакументы, бо нашы месцы спатрэбіліся нейкім ільготнікам.

— Няўжо ніколі не хацелася вучыцца на спявачку?
— Яшчэ будучы школьніцай я рыхтавалася паступаць у музычнае вучылішча на вакал. І нават па рэкамендацыі выкладчыка па вакале з тэатральнай школы хадзіла на праслухоўванне да тагачаснага загадчыка вакальнага аддзялення Мінскага музычнага вучылішча Адама Асманавіча Мурзіча. Ён паслухаў, як я спяваю, і прапанаваў пазаймацца з ім вакалам і пахадзіць на трохмесячныя падрыхтоўчыя курсы па іншых прадметах. Я стала займацца, але аднойчы пасля чарговай рэпетыцыі ў школе прыйшла да Адама Асманавіча з сарваным голасам. “Выбірай: ці вакал, ці тэатр, — сказаў ён мне, — гэтыя рэчы — тэатральнае майстэрства і класічны вакал — несумяшчальныя!” І я выбрала тэатр.
Я працягвала спяваць, і пастаянна ўзнікала адчуванне, што нечага не хапае. Толькі потым я зразумела: не хапала тэхнікі — дыхання і апоры для голасу. І я шукала магчымасць вучыцца спяваць: займалася вакалам у інстытуце, у прыватных педагогаў. Пры гэтым я не ведала, што такое опера, — для мяне гэты жанр быў чужы.
Праз некалькі гадоў я зноў прыйшла да Мурзіча, але ён, паслухаўшы мяне, вынес несуцяшальны для мяне вердыкт: “Раней у цябе быў голас, а зараз я яго не чую. Але ты можаш паспрабаваць паступіць у вучылішча”. І я паспрабавала, тым больш што вучоба на завочным аддзяленні давала магчымасць гэта зрабіць. Спроба аказалася зноў няўдалай: я недабрала некалькі балаў, але мне прапанавалі ехаць у Віцебск, бо там быў недабор на вакальнае аддзяленне. “Вось здорава! Нарэшце адарвуся ад бацькоў!” — падумала я і накіравалася ў Віцебск. Аднак інтэрнацкае жыццё мне не спадабалася з самага пачатку, і я вярнулася ў Мінск, а на дошцы аб’яў у Віцебскім музычным вучылішчы пра мяне было напісана, што я не прыступіла да заняткаў.

— Я так разумею, оперная кар’ера асабліва не ўваходзіла ў вашы планы?
— Я ніколі не бачыла сябе опернай спявачкай. Мне падабаліся рамансы, бардаўскія песні, захаплялася творчасцю Алены Камбуравай. Ад прыроды мне дастаўся прыгожы тэмбр, а дзякуючы эмацыянальнасці, я выконвала свой рэпертуар тэатральна, з драматызацыяй.

— Вы ўсё ж паступілі на вакал, але адразу ў кансерваторыю.
— Гэта таксама вельмі цікавая гісторыя. Я даведалася, што пры кансерваторыі ёсць двухгадовае падрыхтоўчае аддзяленне. На экзамене трэба было спяваць класічны рэпертуар пад акампанемент фартэпіяна, але я такога ніколі не рабіла. Было крыху страшнавата, але я нешта вывучыла і пайшла. Мяне праслухалі, але культурна адправілі, сказаўшы, што падрыхтоўчае аддзяленне закрываецца.
Аднак я не спынілася. Усвядоміўшы, што навучыцца спяваць можна толькі займаючыся класічным вакалам, зноў стала актыўна шукаць, дзе гэта можна зрабіць. Пра мае пошукі ведалі ўсе сябры, і нарэшце мая мара пачала здзяйсняцца: мяне пазнаёмілі з выкладчыкам па вакале, мецца-сапрана, народнай артысткай Беларусі Лідзіяй Іванаўнай Галушкінай. Але і тут не абышлося без кур’ёзаў.
Найперш варта адзначыць, што Лідзія Іванаўна была сапраўдным — вельмі жорсткім, але справядлівым — педагогам. І вось мне назначылі час, калі я павінна была прыйсці да яе. Я прыйшла, яна выслухала мяне і рэзка сказала: “Голас у цябе ёсць, але займацца з табой я не буду. Можаш ісці”. “Ах не будзеце? Ну і не трэба!” — раззлавана і пакрыўджана выпаліла я і пайшла, грукнуўшы дзвярыма. Лідзія Іванаўна выйшла за мной і прамовіла: “Хадзі сюды. Я буду з табой займацца. Мне падабаецца твой характар”. Так я стала займацца з ёй, нават не думаючы пра паступленне.
Але, калі я прыходзіла ў кансерваторыю, атмасфера гэтай навучальнай установы мяне заварожвала: тут вучыліся лепшыя з лепшых, і мне вельмі захацелася таксама там вучыцца. Неяк у размове з Лідзіяй Іванаўнай я сказала, што вырашыла паступаць. “На падрыхтоўчае аддзяленне?” — запыталася яна. “На першы курс. Для падрыхтоўчага аддзялення я ўжо старая,” — адказала я. Мне параілі педагога, з якім можна было пазаймацца сальфеджыа, і я паступіла. Як і хацела, на першы курс. І Лідзія Іванаўна перадала мяне сваёй калезе — заслужанай артыстцы Беларусі прафесару Людміле Якаўлеўне Колас. Я была вельмі рада гэтаму, бо яна, на маю думку, была найлепшым педагогам акадэміі. Маючы за плячыма ўкраінскую вакальную школу і прастажыраваўшыся ў Італіі, яна шмат гадоў выконвала вядучыя партыі на сцэне тэатра оперы і балета і магла растлумачыць студэнту і паказаць увесь працэс спеваў знутры, як кажуць, на пальцах (я сама ўпэўнілася, што прасцей самому навучыцца спяваць, чым навучыць кагосьці). Нават зараз, стаўшы заслужанай артысткай, я звяртаюся за парадай да Людмілы Якаўлеўны, бо ў маёй прафесіі, каб быць у форме, трэба вучыцца ўвесь час.
Увогуле, я сказала б, што працэс навучання вакалу — справа вельмі інтэлектуальная: калі ў цябе няма мазгоў, наўрад ці навучышся спяваць — аднаго прыроднага голасу недастаткова. Трэба галавой зразумець, як што працуе ў арганізме, і ўмець падпарадкаваць гэтыя працэсы. Вельмі добра памятаю, як захапіў мяне працэс самаадкрыцця, як закружылася галава, калі гук першы раз трапіў у рэзанатары, — навучанне можна было параўнаць з касмічным працэсам.
Паступала я на платнае навучанне, бо гэта была мая другая адукацыя. Але, калі высветлілася, што я прыйшла ў акадэмію музыкі пасля Інстытута культуры з рэжысёрскай адукацыяй (у прыёмнай камісіі былі ўпэўнены, што я паступала пасля харавога аддзялення), усе былі ў разгубленасці, бо па законе ў акадэмію можна было паступаць толькі з сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыяй ці пасля падрыхтоўчага аддзялення. Але я была ўжо залічана, і, на маё шчасце, на гэты недагляд прыёмнай камісіі махнулі рукой.

— Відаць, цяжка было вучыцца ў кансерваторыі, не адвучыўшыся ў музвучылішчы?
— Мой узровень не вельмі адрозніваўся ад тых, хто паступаў пасля музычнага вучылішча. Маё сальфеджыа было ненамнога горшым, чым у выпускнікоў вучылішча, і за гэта дзякуй выкладчыкам, якія вучылі мяне спецыяльным дысцыплінам у музычнай школе (па іроніі лёсу ў кансерваторыі я вучылася з выпускнікамі таго курса музычнага вучылішча, на які калісьці не паступіла). А вось спявала я лепш за іх. У кансерваторыі было многа добрых выкладчыкаў, але якімі б прафесіяналамі яны ні былі, перавучыць спяваць інакш, калі ў юнацкім узросце былі дапушчаны памылкі, амаль немагчыма. Вось так вольнае жыццё мне дапамагло не сапсаваць голас.
Платна я вучылася толькі першы год, а потым за выдатныя поспехі мяне перавялі на бясплатнае навучанне.

— Выдатныя поспехі былі, напэўна, і ў іншых сферах дзейнасці?
— У той год я паступіла не толькі ў акадэмію музыкі, але і ў аспірантуру ўніверсітэта культуры. Я была актыўнай студэнткай, і прафесар Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі настойліва прапаноўваў мне працягваць навучанне. “Нам такія людзі патрэбны,” — казаў ён мне. І мне ўдавалася спалучаць заняткі ў акадэміі і аспірантуры: здала кандыдацкі мінімум, але работу так і не напісала — не хапіла інфармацыі. Я сядзела ў архівах і шукала інфармацыю пра тэатр Уладзіслава Галубка, які быў рэпрэсіраваны ў 1937 годзе. Тэма была недаследаваная і вельмі модная, і мне падабалася працаваць — гэта было маё. Я падняла ўсё, што было, але ў самы галоўны архіў, дзе, відаць, і была патрэбная мне інфармацыя, — архіў КДБ — мяне, канечне, не пусцілі.
Пасля другога курса я выйшла замуж і нарадзіла сына. Сядзець адразу на трох крэслах не ўдавалася, і, як мяне не ўгаворвалі, аспірантуру я кінула.

— Не шкада было патрачаных сіл?
— Крыху шкада, але гэта мой вопыт, тым больш што і тут сітуацыя склалася на маю карысць.
Калі сыну споўніўся год, я зноў стала спяваць. Паралельна працавала спачатку ў педагагічным каледжы, а потым восем гадоў выкладала вакал на музычна-педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Было цяжка, бо з мужам адносіны не склаліся, разлічваць прыходзілася толькі на сябе. Я многа працавала, але мне заўсёды на жыццёвым шляху трапляліся добрыя людзі.
Пасля таго як я атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі, з падачы былога рэктара педуніверсітэта П.Д.Кухарчыка па сукупнасці заслуг атрымала званне ВА Каўскага дацэнта мастацтваў. Мой педагог па вакале таксама паспрыяла таму, каб я зачапілася ў кансерваторыі, і нейкі час я працавала ў тэатры і дзвюх ВНУ адначасова.

— Ці не ўплываюць такія вялікія нагрузкі на голас?
— Яшчэ як уплываюць! Вялікая колькасць заняткаў са студэнтамі стамляе голас, і якасна працаваць у тэатры будзе праблематычна.
Праз некаторы час жыццё паставіла мяне перад выбарам: універсітэт ці кансерваторыя. І я выбрала кансерваторыю, бо гэта мой непасрэдны профіль і тут я магу прынесці больш карысці, чым у педуніверсітэце. Маючы невялікую нагрузку (зараз у мяне толькі дзве студэнткі), я застаюся ў добрай вакальнай форме, ды і студэнтам лепш: не ў кожнага ёсць “гуляючы трэнер”.

с Голушкиной.jpeg(сйат)— Вы былі стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і прадстаўлялі акадэмію музыкі на рэспубліканскім выпускным балі. Што з гэтага найбольш запомнілася?
— Частку дысцыплін у акадэміі я не наведвала, бо прайшла іх яшчэ ў Інстытуце культуры, але гэта потым стала прычынай адной няёмкай сітуацыі.
З трэцяга курса я стала ездзіць на конкурсы ў розныя краіны і прывозіць адтуль узнагароды, стала стыпендыятам прэзідэнцкага фонду. На пятым курсе ў мяне было даволі многа заслуг (я была лаўрэатам і дыпламантам розных конкурсаў), каб мяне выбралі прадстаўляць акадэмію на выпускным балі. Але, калі ў дэканаце глянулі на мае адзнакі, жахнуліся: “Мы ж думалі, што ты выдатніца!” (Не сакрэт, што завочнікі рэдка могуць пахваліцца добрымі адзнакамі, а частка гэтых самых “не вельмі добрых” адзнак была перанесена з маёй першай ВНУ.)

— Як складвалася ваша тэатральная оперная кар’ера?
— Скончыўшы акадэмію музыкі, я стала праслухоўвацца ў тэатры. Усе спевакі, як правіла, “ходзяць” у музычны тэатр і ў тэатр оперы і балета. У оперны тэатр я прыходзіла на праслухоўванне чатыры разы, але спачатку мяне не бралі: тут быў свой касцяк выканаўцаў, і дзяўчатам прабіцца на сцэну было вельмі цяжка — так адбываецца амаль ва ўсіх тэатрах. На чацвёрты раз мяне ўзялі на чвэрць стаўкі. Я была вельмі задаволена, бо ў той час у мяне была работа ва ўніверсітэце. Толькі праз некалькі гадоў я крыху выбілася ў людзі і стала спяваць вялікія партыі. Мне пашанцавала, бо многія па дзесяць гадоў спяваюць “Кушать подано!”, а потым не могуць адолець што-небудзь больш сур’ёзнае.
І ў музычны тэатр мяне таксама ўзялі на палову стаўкі. Дзякуючы маёй фактуры, у музычным мне адразу прапанавалі галоўную партыю — ролю Разалінды ў “Лятучай мышы” Іагана Штрауса, а ў оперным — маленькую партыю першай дамы ў “Чароўнай флейце” Моцарта. Рэпетыцыі былі ў адзін час, і я зноў разрывалася, не ведаючы, што мне рабіць. Аднойчы тагачасны мастацкі кіраўнік оперы Маргарыта Ізворска-Елізар’ева амаль паставіла мне ўльтыматум: “Ты выбірай: ці мы, ці яны”. Не ведаючы, што мяне тут чакае, я выбрала оперу, ахвяраваўшы музычным тэатрам, хаця пасля ўдалага дэбюту там мяне гатовы былі загрузіць напоўную (вяртаючыся да “Лятучай мышы”, скажу, што менавіта партыя Разалінды (толькі на нямецкай мове) была дэбютнай і на сцэне маскоўскага Вялікага тэатра). Шмат у чым у руху наперад мне дапамагла стратэгія Маргарыты Мікалаеўны: яна стала набіраць у тэатр моладзь і даваць ім адразу вялікія партыі.

— Ці параўноўваюць вас зараз з вашымі калегамі па цэху?
— Прадзюсар, які запрасіў мяне ў Маскву для ўдзелу ў сучаснай пастаноўцы “Лятучай мышы”, неяк параўнаў мяне з амерыканскай опернай спявачкай Рэнэ Флемінг.

— Ваш першы дыск выйшаў у Германіі яшчэ ў дзевяностых гадах. Раскажыце, калі ласка, пра гэта.
— У 90-я гады па лінні фонду “Дзеці Чарнобыля” я ў якасці кіраўніка вазіла дзяцей на аздараўленне ў Германію. Часам мы давалі там канцэрты. Мяне заўважылі і прапанавалі ўзяць удзел у дабрачыннай акцыі. Разам з вядомым нямецкім саксафаністам Рычардам Вэстэрам у 1991 годзе мы запісалі альбом “У дапамогу дзецям Чарнобыля” (Benefit for the Children of Chernobyl), які выйшаў у 1993 годзе адразу ў двух варыянтах: на вініле і на кампакт-дыску. У маім выкананні былі запісаны народныя песні “Купалінка” і “Чорны воран”, вядомыя бардаўскія песні пад гітару “Зялёная карэта” і інш. Гэта ўсё арганічна дапаўнялі п’есы, выкананыя Рычардам на саксафоне. Дыск атрымаўся вельмі прыемны і меладычны. Канечне, потым былі прома-канцэрты, якія не прынеслі мне грошай, але далі магчымасць паглядзець Еўропу і падвучыць англійскую мову, бо таго, што засталося ў маёй галаве пасля школы, было вельмі мала для зносін. Усе грошы ад продажу альбома пайшлі на лячэнне дзяцей.

— Калі б вы не пайшлі ў тэатр, куды б вы маглі пайсці яшчэ?
— Нават не ведаю. Мае бацькі не маглі на мяне паўплываць, і я сама выбірала сваю дарогу, таму ў мяне быў такі доўгі шлях у прафесію, але я змагла шмат чаго паспрабаваць. Увогуле, я лічу, што падлетку, які заканчвае школу, самастойна вызначыцца з выбарам будучай прафесіі вельмі складана — тут патрэбен уд зел бацькоў. Выключэнне складаюць, відаць, дынастычныя прафесіі — музыканты, урачы, ваенныя. Школа — гэта закрыты свет, пакідаючы які дзіця разумее сваю бездапаможнасць. Да выбару будучай прафесіі свайго сына Івана я, безумоўна, таксама прыклала руку: пасля дзявятага класа ён паступіў у каледж. “А раптам гэта не маё?” — пытаўся ён. “Не паспрабуеш — не будзеш ведаць, тваё ці не!”
А зараз, відаць, магла б пайсці ў педагогіку — гэта мне блізка. У апошні час паступаюць прапановы паспрабаваць сябе ў якасці вядучай на радыё ці тэлебачанні. Але я не ўпэўнена, што мне гэта хутка не надакучыць. Я хоць і люблю пагаварыць, але мне таксама падабаецца закрыцца і пабыць адной. А вось опера і музыка мне не надакучваюць. Я пастаянна атрымліваю асалоду ад сваёй работы.

— Ці можна параўнаць работу са студэнтамі і работу на сцэне?
— У нечым можна. Але стамляючыся падчас спектакля, пасля фіналу адчуваеш прыліў сіл і эмоцый ад рэакцыі гледачоў: тое, што ты аддаеш са сцэны, вяртаецца да цябе шматкратна павялічанае. Калі студэнты радуюць педагога, паказваючы добрыя вынікі работы, таксама радуешся і за іх, і за тое, што твая работа дала плён.

— Наша інтэрв’ю выходзіць напярэдадні Дня настаўніка. Што б вы пажадалі настаўнікам нашай краіны?
— Прафесія педагога вельмі складаная і адказная, я гэта вельмі добра адчула на сабе: калі б не было такіх цудоўных педагогаў, што сустрэліся ў маім жыцці, я б не адбылася ні як артыстка, ні як педагог. Кожны педагог варты павагі і шанавання не толькі ў гэты дзень — Днём настаўніка павінен быць кожны дзень, калі педагог дае свае ўрокі ці праводзіць заняткі.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Настассі МАСКВІНОЙ.