Навуковая школа гістарычнай спадчыны

- 10:00Суразмоўца

З гэтага навучальнага года ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ў сферу павышэння кваліфікацыі ўведзена новая праграма “Адукацыйны працэс ва ўмовах мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі”. Гэтая праграма распрацавана і рэалізавана калектывам кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Сёння мы гутарым з яе загадчыкам доктарам гістарычных навук Аляксеем Віктаравічам МАРТЫНЮКОМ.

— Аляксей Віктаравіч, хочацца даведацца, як пачыналася дзейнасць вашай кафедры. Якая місія ў сферы паслядыпломнай адукацыі ёй адведзена сёння?

— Гісторыя кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі пачалася ў 1973 годзе разам са стварэннем у Мінску Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук вышэйшых навучальных устаноў. Інстытут быў адным з сямі ІПК аналагічнага профілю саюзнага значэння. За амаль паўвекавы перыяд ён і непасрэдна кафедра прайшлі праз шэраг трансфармацый. За гэты час неаднаразова мянялася назва кафедры, але нязменнай заставалася галоўная мэта і асноўны напрамак яе дзейнасці — удасканаленне зместу і якасці адукацыі ў галіне гістарычных і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.

 Сёння кафедра прапануе сваім слухачам, супрацоўнікам устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі шэраг адукацыйных праграм, прысвечаных актуальным праблемам выкладання гісторыі і сумежных дысцыплін, выкарыстанню новых тэхналогій і актыўных форм арганізацыі вучэбнага працэсу, пытанням метадалогіі гуманітарнай адукацыі. У сваёй рабоце мы імкнёмся аператыўна рэагаваць на запыты часу: рэгулярна абнаўляем нашы адукацыйныя праграмы, прыслухоўваемся да пажаданняў нашых партнёраў — адукацыйных структур, на базе якіх праводзім заняткі. Так, згаданую праграму “Адукацыйны працэс ва ўмовах мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі” рэалізуем разам з Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў у завочнай (дыстанцыйнай) форме атрымання адукацыі. Сумесная дзейнасць з РІКВ, які валодае значным вопытам і патэнцыялам у сферы адукацыйных тэхналогій, патрабуе вялікай адказнасці, прадукцыйнасці працы і адначасова дае магчымасць зверыць час, абмеркаваць у прафесійных дыскусіях актуальны стан і перспектывы развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны.

— Азнаёмце, калі ласка, з іншымі кірункамі дзейнасці вашай кафедры. Якія варыянты дадатковай адукацыі педагогаў вы прапаноўваеце? 

— Сучасная кафедра ў РІВШ, як і кафедра ў любой іншай установе адукацыі, — гэта не толькі вучэбнае, але і навуковае падраздзяленне, цэнтр метадычнай і асветніцкай дзейнасці. У нас параўнальна невялікая кафедра ў колькасным вымярэнні, аднак у сістэме вышэйшай школы Беларусі мы маем свой яскрава акрэслены навуковы профіль. Кафедра вядзе сістэмную работу ў галіне вывучэння і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Па гэтай тэматыцы выходзяць не толькі навуковыя публікацыі, але і шматлікія вучэбныя матэрыялы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі кафедры. 

Педагагічнай грамадскасці нашай краіны добра знаёмы імёны доктара гістарычных навук прафесара Уладзіміра Сяргеевіча Кошалева; кандыдата педагагічных навук дацэнта Сяргея Веньямінавіча Панова; кандыдата гістарычных навук дацэнта Уладзіміра Аркадзьевіча Сосны. Яны аўтары падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы, многія з якіх ужо сталі класічнымі. Нядаўна наш калега С.В.Паноў за сваю шматгадовую працу ў галіне вучэбнага кнігавыдання атрымаў заслужаную і ганаровую ўзнагароду — нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

Прадметам асаблівага гонару кафедры з’яўляецца наша дзейнасць па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. За два дзесяцігоддзі мы падрыхтавалі 43 кандыдаты гістарычных навук, якія сёння працуюць ва ўстановах адукацыі па ўсёй краіне. Выкажу сваё асабістае меркаванне: работа з аспірантамі, з маладымі людзьмі, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуцы, — гэта, напэўна, адна з тых сфер нашай дзейнасці, якая прыносіць найбольшае маральнае задавальненне. Можна з упэўненасцю сказаць аб фарміраванні навуковай школы ў галіне вывучэння айчыннай і ўсеагульнай гісторыі.

Педагагічнай грамадскасці нашай краіны добра знаёмы імёны доктара гістарычных навук прафесара Уладзіміра Сяргеевіча Кошалева; кандыдата педагагічных навук дацэнта Сяргея Веньямінавіча Панова; кандыдата гістарычных навук дацэнта Уладзіміра Аркадзьевіча Сосны. Яны аўтары падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы, многія з якіх ужо сталі класічнымі. Нядаўна наш калега С.В.Паноў за сваю шматгадовую працу ў галіне вучэбнага кнігавыдання атрымаў заслужаную і ганаровую ўзнагароду — нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

У нашай рабоце ўзнікаюць і новыя, нестандартныя задачы. Так, зараз супрацоўнікі кафедры прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ў РІВШ пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай развіццю вышэйшай школы Беларусі. Гэта прымусіла нас задумацца, як расказаць і як візуальна паказаць гісторыю вышэйшай адукацыі ў Беларусі, адлюстраваць традыцыі, якія былі закладзены яшчэ да з’яўлення ў нашай краіне першых універсітэтаў, сучасныя тэндэнцыі развіцця вышэйшай школы Беларусі. Гэта аказалася няпростай задачай. Спадзяюся, у хуткім часе наведвальнікі РІВШ змогуць азнаёміцца з гэтай экспазіцыяй.

Наша адукацыйная, навуковая, метадычная, асветніцкая дзейнасць развіваецца ў рамках агульнай місіі кафедры — выхавання патрыятызму праз спасціжэнне гісторыі і культурнай спадчыны роднай краіны. Думаю, значэнне такой работы будзе толькі ўзрастаць, паколькі задача нацыянальнай сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях — гэта не толькі трансляцыя ведаў і сацыякультурных кампетэнцый, але і фарміраванне адказнага, свядомага грамадзяніна, сапраўднага патрыёта сваёй краіны. 

— Аляксей Віктаравіч, пандэмія ў значнай меры змяніла ўмовы працы ў адукацыйнай галіне. А якія шляхі вы знайшлі, каб паспяхова ажыццяўляць вашу прафесійную дзейнасць?

— Сапраўды, пандэмія — глабальны выклік усяму чалавецтву, і я як гісторык прытрымліваюся думкі, што гэта адна з тых падзей, якія мяняюць аблічча свету. У нашай дзейнасці пандэмія рэзка паскорыла тэхналагізацыю і лічбавую трансфармацыю адукацыі, фарсіравала пераход на дыстанцыйны фармат работы. Наша кафедра разам з усім інстытутам імкнулася аператыўна рэагаваць на развіццё сітуацыі: пры неабходнасці пераходзіць на анлайн-фармат навучання, спалучаць розныя формы камунікацыі, сачыць за эпідэмічнай сітуацыяй і выконваць рэкамендацыі ўстаноў аховы здароўя. Як загадчык кафедры скажу, што ў цэлым у нас гэта атрымліваецца, а як звычайны чалавек спадзяюся на нармалізацыю сітуацыі. Хачу пажадаць усім калегам, усім работнікам сістэмы адукацыі, усім чытачам “Настаўніцкай газеты” здароўя і сілы ў гэты няпросты час.

Адукацыйная, навуковая, метадычная, асветніцкая дзейнасць развіваецца ў рамках агульнай місіі кафедры — выхавання патрыятызму праз спасціжэнне гісторыі і культурнай спадчыны роднай краіны. Значэнне такой работы будзе толькі ўзрастаць, паколькі задача нацыянальнай сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях — гэта не толькі трансляцыя ведаў і сацыякультурных кампетэнцый, але і фарміраванне адказнага, свядомага грамадзяніна, сапраўднага патрыёта сваёй краіны.

— Улічваючы ролю патрыятычнага выхавання сярод нашай моладзі, мэтазгодным было б яшчэ больш развіваць унутраны турызм у Беларусі. Як кафедра садзейнічае падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў для гэтай галіны?

— Мы актыўна ўключаемся ў праблематыку адукацыйнага турызму. Сёлета мы рэалізавалі пілотную праграму “Гісторыка-культурная спадчына і турыстычны патэнцыял Брэста і Брэсцкай вобласці”. Заняткі былі арганізаваны на базе Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Карыстаюся выпадкам, каб выказаць словы падзякі кіраўніцтву і калегам з гэтай установы адукацыі за падтрымку нашага пачынання і гатоўнасць да эксперыментаў. Як паказвае сама назва, гэтая адукацыйная праграма можа быць лёгка адаптавана да іншых рэгіёнаў Беларусі. Метадычны складнік (экскурсія ў сучасным адукацыйным працэсе, выхаваўчы патэнцыял гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна і інш.) застаецца ранейшым, а зместавая частка (рэгіянальны аспект) будзе мяняцца ў залежнасці ад месца правядзення. Спадзяюся, што гэтую праграму мы прадставім ва ўсіх абласцях Беларусі.

У апошнія гады мы развіваем і супрацоўніцтва з арганізацыямі ў сферы экскурсійна-турыстычнай дзейнасці на пазабюджэтнай аснове. Гэта параўнальна новы кірунак у дзейнасці нашай кафедры. Але гэты напрамак — ад вывучэння і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны да ўзаемадзеяння з арганізацыямі, якія працуюць у названай сферы, — цалкам лагічны. Для таго каб ён быў паспяхова рэалізаваны, спатрэбіўся дастаткова доўгі перыяд падрыхтоўкі. Гэта было не так проста — прапанаваць якасны адукацыйны прадукт прафесіяналам, якія працуюць у галіне экскурсійнай дзейнасці і турызму. 

Мы пачалі з параўнальна невялікіх адукацыйных праграм, разлічаных прыкладна на адзін тыдзень заняткаў, сярод якіх — “Гістарычная і культурная спадчына Беларусі ў экскурсійна-турыстычнай дзейнасці”, “Сацыякультурнае забеспячэнне дзейнасці санаторна-курортных устаноў” і інш. Пры гэтым мы вельмі ўважліва ставімся да пажаданняў нашых слухачоў і арганізацый-партнёраў і ў адпаведнасці з іх запытамі аператыўна мадэрнізуем нашы праграмы. 

Хачу таксама звярнуць увагу на наш значны праект — перападрыхтоўку кадраў па спецыяльнасці “Экскурсійная дзейнасць ва ўстановах адукацыі” з прысваеннем кваліфікацыі “спецыяліст па экскурсійнай дзейнасці”. У адрозненне ад адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі перападрыхтоўка разлічана на працяглы тэрмін і доўжыцца больш за год. Заняткі пачнуцца 15 лістапада гэтага года і закончацца 23 снежня 2022 года. Мы стараемся скласці максімальна зручны графік работы. Заняткі будуць праходзіць у другой палове дня на базе РІВШ у пяць этапаў, кожны з якіх будзе доўжыцца каля месяца і мець перапынкі на самастойную работу. Таксама запланаваны дзве стажыроўкі на базе ўстаноў сферы культуры. У канцы вучобы выпускнікі атрымаюць дыплом дзяржаўнага ўзору аб перападрыхтоўцы. 

Але самае галоўнае — нашы слухачы атрымаюць прафесійныя веды ў экскурсійнай сферы: уменне распрацоўваць з нуля ўласную экскурсію (ад збору інфармацыі аб маршруце да неабходнага дакументальна-метадычнага забеспячэння), сістэмныя веды ў галіне гісторыі і культуры Беларусі (музейная педагогіка, краязнаўства, архітэктура, культурная спадчына і інш.), практычныя навыкі, неабходныя экскурсаводу (экскурсійная методыка, маркетынг, інфармацыйныя тэхналогіі ў турызме і інш.). 

У нас ужо ёсць вопыт рэалізацыі перападрыхтоўкі па гэтай спецыяльнасці. Першы набор мы ажыццявілі ў 2019 годзе, а выпуск — у 2020-м. Нашы выпускнікі сталі запатрабаванымі ва ўстановах не толькі вышэйшай, але і сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў якасці супрацоўнікаў музеяў, аддзелаў выхаваўчай работы з моладдзю, выкладчыкаў-куратараў вучэбных груп, сацыяльных педагогаў і г.д. Падкрэслю, што навучанне па такой спецыяльнасці бясплатнае для слухачоў, якія маюць накіраванне ад дзяржаўных устаноў адукацыі. Прыём дакументаў ажыццяўляем да 10 лістапада — калі ласка, звяртайцеся да нас, калі вас зацікавіла гэтая інфармацыя!

У заключэнне з усёй шчырасцю скажу, што кафедра гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы адкрыта да супрацоўніцтва. Мы запрашаем педагогаў прайсці навучанне па нашых адукацыйных праграмах павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, будзем рады бачыць вас у аспірантуры інстытута, гатовы адгукнуцца на вашы ініцыятывы ў галіне навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасці. Усе гэтыя напрамкі скіраваны на ўдасканаленне зместу і якасці адукацыі.

Гутарку падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.