Незабыўная экскурсія ў сталіцу

- 14:36Нам пішуць

Усе школьнікі з нецярпеннем чакаюць канікул. Для 37 вучняў Галынкаўскай сярэдняй школы, якая знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці, пачатак канікул супаў з доўгачаканай паездкай у сталіцу. За гэта мы вельмі ўдзячны дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства “Галынка” Уладзіміру Уладзіміравічу Ючу, які дапамог ажыццявіць паездку. У праграме экскурсіі было запланавана наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”.

Наведванне музея да глыбіні душы кранула і дзяцей, і настаўнікаў, якія іх суправаджалі. Перад намі паўсталі жудасныя карціны той вялікай і страшнай вайны, гераізм савецкіх людзей. І ў той жа час мы адчувалі гонар за людзей, якія выстаялі і перамаглі ў вайне. Мы ганарымся і людзьмі, якія змаглі захаваць у першапачатковым выглядзе і ў добрым стане матэрыялы, экспанаты, баявую тэхніку і рэчы салдат, партызан.

І вось перад намі высокія дамы горада. Мінск прачынаўся. Мы любаваліся прыгожымі вуліцамі сталіцы. Пад’ехалі да паркоўкі каля паловы на дзясятую. Прайшлі па алеі да Трыумфальнай аркі і звярнулі да музея. Наперадзе стэла “Мінск — горад-герой”. Вучні пабеглі па прыступках уверх, зрабілі некалькі фотаздымкаў, таксама сфатаграфаваліся ля ўвахода ў музей. Наша экскурсія ў музеі доўжылася адну гадзіну. У першай зале “Свет і вайна” ўсталяваны цікавы глобус, на які праецыруецца малюнак. Карцінка рухаецца, глядзіцца вельмі прыгожа, праецыруецца таксама карта свету, якая паказвае краіны, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне.

У зале № 2 “Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны” распавядаецца пра падзеі перадваеннага перыяду і аб прычынах пачатку Другой сусветнай вайны. Падымаемся па лесвіцы, за ёй знаходзіцца трэцяя зала “Дарогі вайны”. Зала вялікая і прасторная. У розных частках залы адноўлены ваенныя сцэны. Выглядае вельмі маштабна. Пад столлю вісяць макеты самалётаў. Унізе танкі: нямецкі PzKpfw III узору 1937 года, савецкі Т-34-76 узору 1940 года. Каля экспанатаў устаноўлены тлумачальныя шыльдачкі. Плошча экспазіцыі вельмі вялікая. У нас вочы разбягаліся, куды ісці, куды глядзець? Гэтая зала прымусіла нашых школьнікаў, асабліва хлапчукоў, затрымацца, бо тут размясцілася ваенная тэхніка — танкі, самалёты, машыны! Інсталяцыі з фігурамі людзей робяць экспазіцыі “жывымі” і па-сапраўднаму цікавымі.

Ідзём за экскурсаводам далей. Зала № 4. “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі ў Беларусі летам 1941 года, Смаленская бітва. Бітва пад Масквой 1941—1942 гадоў”. Пачынаецца экспазіцыя з гадзінніка, які адлічвае час перад пачаткам вайны. Ну а далей, вядома, аповед пра легендарную Брэсцкую крэпасць-герой. Мы адчулі ўвесь жах пачатку вайны, які прыняла на сябе Брэсцкая крэпасць 22 чэрвеня 1941 года. Калі глядзець прама, то ствараецца ўражанне, што літары вісяць у паветры. Зачароўвае!

Дзеці ўбачылі… не, не відэафільм, а нешта накшталт жывой галаграмы! Словамі гэта не перадаць, лепш адзін раз убачыць, але ўражанне — проста выдатнае. У гэтай жа зале ёсць некалькі панарам. Адна з іх паказвае, як жыхары спрабуюць пакінуць горад, у якім хутка будуць немцы. У якасці экспанатаў за шклом у рамцы знаходзіцца кавалачак сцяны Брэсцкай крэпасці, дзе выдрапана: “Памром, але з крэпасці не сыдзем”, “Бывай, Радзіма. Паміраю, але не здаюся”. Паколькі Беларусь — партызанскі край, то асобная зала пераўтворана ў сапраўдны партызанскі лагер. Тут і зямлянкі, і лясная школа, і партызанская кухня, і шпіталь, і, вядома ж, калекцыя зброі.

Праходзім у наступную залу. “Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі”. Ля ўвахода ў залу тэкст, ён праецыруецца на дымавую заслону, цікавы эфект атрымліваецца. Тут мы даведаліся пра знішчэнне насельніцтва Беларусі нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб спаленых вёсках і іх жыхарах. Лічбы палохаюць… Даведаліся, што на тэрыторыі Беларусі было знішчана больш за 2 357 000 мірных жыхароў і ваеннапалонных. Агульныя людскія страты ў гады Другой сусветнай вайны склалі 60 000 000 чалавек, агульныя страты народаў СССР — 26 600 000 чалавек. Тут жа бачым нямецкую форму, форму паліцая і іх атрыбутыку. Усё сапраўднае, з тых часоў.

Далей шкляны мост, від з мастка, які вядзе ў наступную залу. У гэтай зале экспанаты распавядаюць пра партызанскую барацьбу і антыфашысцкую падпольную дзейнасць. Звычайны пакой таго часу, дзе збіраліся падпольшчыкі. Падчас такіх збораў у пакоі заводзілі патэфон, каб не прыцягваць увагу немцаў. У самавары ляжалі гранаты, у тумбачцы знаходзіўся радыёперадатчык. Таксама ў гэтай зале — самаробны аўтамат А.Я.Кляшчова, партызанская друкарня, а яшчэ — вялізная піла. І сцэны з жыцця партызан. А вось і нямецкі цягнік пад адхон. Незабыўнае відовішча!

Далей мы трапілі ў “Залу Перамогі”. Вельмі прыгожая, здаецца, што ўся са шкла. Сюды лепш прыходзіць у яснае, сонечнае надвор’е. Зверху можна ўбачыць блакітнае неба і яркае сонца. На падлозе таксама шкляныя ўстаўкі. Па перыметры круглай залы размешчана падрабязная інфармацыя пра франты, войскі, флатыліі, а таксама Герояў Савецкага Саюза. Каля будынка музея знаходзіцца самалёт, заўважылі яго, калі наведвалі трэцюю залу. А яшчэ над музеем лунае чырвоны сцяг. Сімвалічна, бо з ім нашы дзяды і прадзеды перамаглі ў гэтай жорсткай вайне. Нам вельмі спадабаўся музей Вялікай Айчыннай вайны. Ён з’яўляецца гонарам нашага народа.

Ангеліна Чачот, вучаніца 5 класа: “Першым месцам, якое мы наведалі, быў музей Вялікай Айчыннай вайны. Музей нам вельмі спадабаўся. Нас перапаўнялі эмоцыі. Там так шмат цікавых дакументаў, экспанатаў і баявой тэхнікі! Усё вельмі прыгожа. Асабліва спадабаўся чацвёрты ўзровень музея. Брэсцкая крэпасць, партызанскі лагер і вельмі шмат рознай зброі. Знаходзячыся там, адчуваеш неверагоднае пачуццё гонару і павагі за краіну і людзей, якія гэта ўсё зрабілі! Вялікі дзякуй нашаму экскурсаводу за тое, што правяла такую цікавую экскурсію”.

А ў нас яшчэ наперадзе два не менш цікавыя аб’екты. Такім чынам, мы накіроўваемся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Узялі аглядную экскурсію і на ліфце падняліся на 23-ці паверх бібліятэкі. Дзіцячаму захапленню не было мяжы. Глядзелі зверху на горад, ва ўстаноўленыя біноклі, фатаграфавалі горад, фатаграфаваліся самі. А вось што сказала вучаніца 10 класа Дзіяна Крыўда пасля наведвання бібліятэкі: “Будынак вельмі прыгожы. Гэта не толькі славутасць сталіцы, але і вельмі пазнавальнае месца. Чытальныя залы нам не ўдалося наведаць, але гэта не паўплывала на агульнае ўражанне ад бібліятэкі. Нам вельмі спадабалася панарама Мінска. Прыгажосць, такі краявід вельмі зачароўвае!”

У завяршэнне экскурсіі мы пабывалі ў ваенным музеі пад адкрытым небам — на “Лініі Сталіна”. Гэта велізарных памераў гістарычны комплекс, створаны да 60-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У аснове музея — адноўленыя доты Мінскага ўмацаванага раёна, пабудаваныя ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Нашы вучні даведаліся, што на тэрыторыі Беларусі існавалі чатыры ўмацаваныя раёны: Мінскі, Слуцкі, Полацкі, Мазырскі. Гісторыка-культурны комплекс унікальны тым, што ўсе яго экспанаты сапраўдныя. На многіх захаваліся сляды ад куль і снарадаў, ўвагнутасці ад аскепкаў. І кожны экспанат можна памацаць рукамі! І нават экскурсаводы тут апранутыя ў форму камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі. Яны нам і дапамаглі адчуць атмасферу таго часу. Мы змаглі ўявіць, якія жорсткія баі праходзілі на тэрыторыі Беларусі.

На тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу вучні наведалі кафэ, у якіх можна пакаштаваць як сапраўдную салдацкую кашу, так і стравы традыцыйнай беларускай кухні. Кожны жадаючы мог зайсці ў дот або акоп, патрымаць у руках стралковую зброю, нават пастраляць з яе, адчуць сябе сапраўдным абаронцам Айчыны. Васьмікласнік Мікіта Яфімаў выказаў свае ўражанні пасля наведвання гэтага аб’екта: “Апошнім пунктам у нашай паездцы стаў гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Мы пры даволі прахалодным надвор’і абышлі ўвесь комплекс. Прыехалі на гадзіну, а затрымаліся на дзве з паловай. Вельмі добра, што тут усё можна кранаць рукамі! Выдатнае месца для тых, хто цікавіцца ваеннай тэхнікай і гісторыяй ХХ стагоддзя. Вялікая экспазіцыя і велізарная колькасць экспанатаў. Можна было ўбачыць ваенную форму таго часу, халодную і агнястрэльную зброю! Экскурсія была класная!”

Безумоўна, экскурсія запаліла ў сэрцах дзяцей любоў і павагу да гісторыі роднай краіны і яе герояў. Калі вы не былі ў гэтых мясцінах — абавязкова адпраўляйцеся! Не пашкадуеце.

Ала ПАНАСІК,
класны кіраўнік 5 класа Галынкаўскай сярэдняй школы.