Новыя факультатывы з’явяцца ў школьным раскладзе вучняў 5—7-х класаў

- 12:09Образование, Школа управления

Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў «Мая Айчына» і «Асновы этыкету» зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 23 кастрычніка 2023 г. № 326. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Факультатыў «Мая Айчына» прызначаны для навучэнцаў 5—7-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Праграма разлічана на 105 гадзін (па 35 у кожным класе).

Сярод задач курса — пашырэнне ведаў школьнікаў аб асаблівасцях гістарычнага развіцця Рэспублікі Беларусь і жыцця беларускага народа, фарміраванне каштоўнасных адносін да сваёй Радзімы. Ён накіраваны на выхаванне глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, звычаяў і культуры беларускага народа, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Факультатыўныя заняткі «Мая Айчына» з’яўляюцца варыятыўнымі па форме і змесце. Яны прадугледжваюць выкарыстанне як традыцыйных, так і актыўных форм і метадаў арганізацыі дзейнасці: мадэляванне, гульні, прэзентацыі, праекты, вучнёўскія канферэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы са спецыялістамі, экскурсіі, абмеркаванне маральных і прававых норм і г. д.

Плануецца, што ў выніку засваення праграмы курса у школьнікаў будуць сфарміраваны ўяўленні пра такія паняцці, як «Радзіма», «Айчына», «сімвалы дзяржаўнасці», пра ідэалогію беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічныя дасягненні нашай дзяржавы, спосабы арганізацыі жыццядзейнасці чалавека ў адпаведнасці з маральнымі нормамі і законамі. Вучні азнаёмяцца са значнымі гістарычнымі падзеямі краіны, яе культурнай і гістарычнай спадчынай, даведаюцца пра памятныя мясціны і звязаныя з імі легенды, паданні і інш.

Факультатыў «Асновы этыкету» распрацаваны для 7-га (8-га) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (сувораўскага ваеннага і кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў (першы год навучання і выхавання), і разлічаны на 35 гадзін у год (1 на тыдзень). Ён накіраваны на вывучэнне асноў этыкету і засваенне агульнапрынятых норм і правіл паводзін у грамадстве. Праграмай прадугледжана фарміраванне ўяўленняў аб асновах этыкету, авалоданне ведамі аб агульнапрынятых нормах і правілах паводзін у грамадстве, уключаючы веды ў галіне воінскага этыкету; развіццё навыкаў культурных паводзін у штодзённым жыцці і фарміраванне вопыту маральных узаемаадносін у калектыве, паміж старэйшым і падрастаючым пакаленнямі; выхаванне пазітыўнага ўспрымання навакольнага свету, валявых якасцей асобы.

Для дасягнення мэт і задач праграмы прадугледжана выкарыстанне такіх форм і метадаў работы, як лекцыі, дыскусіі, актыўныя і інтэрактыўныя формы і метады навучання, трэнінгі, гульні, прэзентацыі, аналіз публікацый у сродках масавай інфармацыі, работа са слоўнікамі і інш.

Падчас заняткаў дзеці навучацца весці тэлефонныя размовы ў адпаведнасці з правіламі этыкету, прытрымлівацца правіл паводзін у грамадскім транспарце, на вуліцы, у тэатры і інш., а таксама за сталом, карыстацца прадметамі сервіроўкі, прымяняць веды моўнага этыкету, шанаваць і выконваць воінскія традыцыі і рытуалы, правілы воінскага этыкету, арганізоўваць свой побыт у адпаведнасці з засвоенымі нормамі этыкету.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА