Няспынны шлях удасканалення

- 11:02Суразмоўца

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт не мае патрэбы ў прадстаўленні. Ён па праве лічыцца лідарам у сферы моўнай адукацыі нашай краіны, займае перадавыя пазіцыі на міжнароднай арэне. Гэта адна з самых прэстыжных устаноў вышэйшай адукацыі, што пацвярджае вялікі попыт нашай моладзі на вывучэнне замежных моў. Універсітэту ўласціва пастаяннае ўдасканаленне сваёй дзейнасці, пошук усё новых і новых форм і метадаў павышэння якасці адукацыі. Сёлета ўніверсітэт стаў адным з распрацоўшчыкаў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу ў частцы вывучэння замежных моў школьнікамі. Што характэрна для ўстановы на сённяшні дзень, якія новыя кірункі рэалізуюцца і якія найбліжэйшыя перспектывы — аб усім гэтым нашым чытачам расказвае рэктар МДЛУ Н.Я.ЛАПЦЕВА. 

— Наталля Яўгенаўна, рэктарам універсітэта вас прызначылі зусім нядаўна, таму хочацца пазнаёміцца з вамі бліжэй. Наколькі ваша жыццё, прафесійная дзейнасць звязаны з навучальнай установай? Чым цікава сфера вашых навуковых інтарэсаў?

— Маё жыццё звязана з універсітэтам самым непасрэдным чынам. Я ў ім вучылася, тут абараніла кандыдацкую дысертацыю, узначальвала кафедру, факультэт нямецкай мовы і амаль паўгода назад была прызначана рэктарам установы. Як бачыце, я прайшла ва ўніверсітэце ўсе прыступкі прафесійнага росту. Сфера маіх навуковых інтарэсаў уключае методыку выкладання замежных моў, інавацыйныя тэхналогіі ў гэтым працэсе, модульныя тэхналогіі праектавання вучэбных планаў і праграм. Свае падыходы я імкнуся рэалізаваць ў серыі падручнікаў нямецкай мовы для гімназій, аўтарам якіх з’яўляюся.

— Што сёння ўяўляе сабой універсітэт? Якія рысы найбольш характэрны для ўстановы?

— Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — гэта брэнд якаснай моўнай адукацыі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Я гавару гэта з поўнай упэўненасцю менавіта таму, што прайшла шлях ад студэнткі да кіраўніка ўніверсітэта і ведаю пра дзейнасць навучальнай установы не проста са слоў. Для многіх тысяч выпускнікоў МДЛУ быў і застаецца надзейным стартам для паспяховай кар’еры. 

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць 6 вучэбных факультэтаў, магістратура, аспірантура, дактарантура, Лінгвагуманітарны каледж, ІПК і ПК, факультэт рускай мовы для замежных грамадзян, вучэбны цэнтр “Вячэрнія курсы”, 11 філіялаў кафедраў. Ужо амаль 10 гадоў у МДЛУ функцыянуе Інстытут Канфуцыя, з дапамогай якога арганізавана выкладанне кітайскай мовы ў навучальных установах сталіцы і рэгіёнаў (усяго 9 адукацыйных пляцовак). Сёння ў нашай установе паспяхова функцыянуюць 16 цэнтраў замежных моў і культур, на базе якіх праводзяцца міжнародныя мерапрыемствы.

Сёння ў МДЛУ вучацца больш за 7 тысяч студэнтаў і працуе паўтары тысячы чалавек. Універсітэт стаў альма-матар для студэнтаў больш чым з 60 краін свету.

У МДЛУ створаны сучасныя навуковыя лабараторыі і цэнтры, у тым ліку цэнтр распрацоўкі інфармацыйных і дыдактычных матэрыялаў, лексікаграфічны цэнтр, дзе ствараюцца шматмоўныя слоўнікі і даведнікі. У цяперашні час вядзецца работа па афармленні цэнтра моўнай падтрымкі вэб-сайтаў, цэнтра PR-тэхналогій, цэнтра дыстанцыйнага навучання. На базе ўніверсітэта працуе Цэнтр вывучэння мiжнароднай адукацыйнай палiтыкi i практыкi. Універсітэтам заключаны 31 дагавор аб супрацоўніцтве ў сферы педагагічнай інаватыкі.Трэба адзначыць, што ў нашым універсітэце працуюць і выкладчыкі-носьбіты мовы, а таксама замежныя лектары.Колькасць замежных моў, па якіх вядзецца падрыхтоўка ва ўніверсітэце, пастаянна павялічваецца (сёння іх ужо 23.) Студэнты нашага ўніверсітэта могуць атрымаць кваліфікацыі лінгвіста, выкладчыка замежных моў, спецыяліста па міжкультурных камунікацыях, перакладчыка-рэферэнта. Гэтыя кваліфікацыі прадстаўлены шырокім спалучэннем моў і спецыялізацый, што дазваляе задаволіць сучасныя адукацыйныя патрэбы моладзі ў галіне гуманітарнай, лінгвістычнай і педагагічнай адукацыі па замежных мовах. Сёння відавочна, што за перыяд навучання ва ўніверсітэце ўсё большая колькасць студэнтаў імкнецца авалодаць 3—4 замежнымі мовамі. Для гэтага ёсць выдатныя магчымасці. Універсітэт мае сучасную вучэбную базу. Гэта залы сінхроннага перакладу, фанетычныя лабараторыі, класы лінгватрэнажораў шматфункцыянальнага прызначэння. Ва ўніверсітэце створана студыя гуказапісу, існуюць залы для самастойнай работы студэнтаў, лекцыйныя аўдыторыі, якія забяспечваюць правядзенне анлайн- заняткаў і відэаканферэнцый. У нашай установе створана ўнікальная бібліятэка з фондам звыш 1 млн экзэмпляраў выданняў, сярод якіх — вучэбная, навуковая, даведачная і мастацкая літаратура на беларускай, рускай і сотні замежных моў.

— Сёння ўкараненне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій адкрывае новыя падыходы ў рэалізацыі адукацыйнага працэсу, спрыяе ўдасканаленню форм і метадаў падрыхтоўкі кадраў. 

— Так, сапраўды, задачу павышэння якасці адукацыі мы вырашаем у тым ліку выкарыстоўваючы інфармацыйна-камунікацыйныя сродкі, укараняючы тэхналогіі праектнага, праблемнага навучання, распрацоўваючы мадэлі камбінаванага навучання. Мы імкнёмся падрыхтаваць такіх спецыялістаў, якія змогуць эфектыўна адаптавацца да зменлівага свету. Ажыццяўляем гэта праз інавацыйныя курсы, міжнародныя стажыроўкі, навуковыя форумы, вучэбныя практыкі, пазавучэбную дзейнасць. Кожнае з гэтых звёнаў пастаянна развіваецца, удасканальваецца і мабільна рэагуе на рэальныя патрэбы сённяшняга жыцця. Праектаў шмат ва ўсіх сферах дзейнасці нашага ўніверсітэта. Хацелася б спыніцца на праекце па стварэнні інавацыйных анлайн-курсаў, паколькі адукацыйныя інавацыі мы звязваем з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Гэтыя курсы студэнты змогуць асвойваць паралельна з асноўнымі вучэбнымі праграмамі і авалодваць дадатковымі кампетэнцыямі або паглыбляць веды і ўдасканальваць уменні па асноўным курсе навучання.

Напрыклад, мы часта чуем, што сучасны рынак працы патрабуе сфарміраванасці не толькі прафесійных кампетэнцый, але і soft skills. І сёння мы рэалізуем пілотны праект, у рамках якога нашы студэнты, якія праявілі цікавасць, асвойваюць анлайн-курс “Soft skills: навыкі XXI стагоддзя”. Ён праводзіцца ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве з Уральскім федэральным універсітэтам.

Універсітэт з’яўляецца членам Сусветнай асацыяцыі лінгвістычных універсітэтаў, членам Базавай арганізацыі па мовах і культуры СНД, членам Кансорцыума ўніверсітэтаў — партнёраў ААН, членам GAFSU. У МДЛУ плённа працуе кафедра ЮНЕСКА “Свет і талерантнасць праз вывучэнне моў і грамадзянская адукацыя”.

Наступным крокам мы бачым стварэнне больш шырокага спектра анлайн-курсаў у нашай установе, у тым ліку для адкрытага карыстання. Вызначаць іх тэматыку будзем з улікам меркаванняў студэнтаў, а таксама патэнцыяльных заказчыкаў кадраў, з якімі супрацоўнічаем. Плануецца таксама распрацоўваць курсы сумесна з нашымі замежнымі партнёрамі. Спадзяёмся, што праект стане паспяховым адукацыйным стартапам, які будзе дапамагаць не толькі студэнтам, але і выпускнікам установы на шляху прафесійнага станаўлення. 

Вельмі важным у павышэнні якасці адукацыі лічу праходжанне нашымі студэнтамі практык на кожным курсе навучання– у лепшых школах і гімназіях, а таксама ў Вярхоўным камісарыяце ААН,Гандлёва-прамысловай палаце, СТБ, міністэрствах. Значную ролю адыгрывае таксама работа студэнтаў перакладчыкамі ў валанцёрскіх атрадах на міжнародных конкурсах і фестывалях, спартыўных спаборніцтвах і работа выхавальнікамі ў летніх аздараўленчых лагерах. Вялікую ўвагу ўдзяляем таксама міжнародным стажыроўкам.

Нашы студэнты і выкладчыкі актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнародных праектаў Erasmus+ і Тэмпус.

Навучанне за мяжой дазваляе студэнтам атрымаць вопыт адаптацыі да новых умоў навучання ў той ці іншай краіне, наладжваць кантакты, пашыраць свае веды і, безумоўна, адточваць сваё майстэрства ў авалоданні замежнай мовай. Сёння ва ўніверсітэце рэалізуюцца 177 міжнародных дагавораў супрацоўніцтва з 30 краінамі, у тым ліку па праграмах акадэмічнай мабільнасці.

— Мы ведаем, што лінгвістычны ўніверсітэт актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх навуковых праектах, звязаных з выкладаннем замежных моў. Якая роля адведзена вашаму ўніверсітэту ў стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу?

— У лік навуковых праектаў, над якімі мы сёння актыўна працуем, уваходзіць распрацоўка вучэбных планаў новага пакалення для першай ступені вышэйшай адукацыі, а таксама стварэнне вучэбных матэрыялаў па замежных мовах для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, прызначанага для дыстанцыйнага навучання школьнікаў. У рамках кожнага праекта працуюць спецыяльна створаныя рабочыя групы. Асабліва трэба адзначыць, што ў праекце па распрацоўцы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу ў складзе рабочых груп па англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай і кітайскай мовах працуюць сумесна выкладчыкі ўніверсітэта і студэнты старшых курсаў, якія вучацца па кірунку спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (выкладанне)”. Пяць каманд працуюць над стварэннем электронных вучэбных матэрыялаў па прадмеце “Замежная мова” для 3—11 класаў, пішуць сцэнарыі, ствараюць прэзентацыі, здымаюць відэаўрокі. Каардынуюць крэатыўную дзейнасць каманд члены аўтарскіх калектываў падручнікаў па замежных мовах, што дазваляе эфектыўна дапаўняць і тлумачыць вучэбныя матэрыялы. Стварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу дазволіць навучэнцам самастойна ў зручны час ў аддаленым фармаце ўдасканальваць веды пры вывучэнні замежнай мовы. Магчымасць паўторна праслухоўваць і праглядаць вучэбны матэрыял, безумоўна, важная ўмова для паспяховага авалодання замежнай мовай. Такі рэсурс таксама добрая падтрымка для настаўнікаў, паколькі ён можа выкарыстоўвацца для арганізацыі індывідуальнай і групавой работы дыстанцыйна.

Выкладчыкі ўніверсітэта распрацавалі Канцэпцыю выкладання замежных моў у Беларусі, выдаецца часопіс “Замежныя мовы”. Аўтарскія калектывы актыўна працуюць над стварэннем новага пакалення школьных падручнікаў і іншых дыдактычных матэрыялаў, уключаючы матэрыялы на электронных носьбітах.

Вынікі вучэбных і навуковых даследаванняў нашых студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў мы традыцыйна абмяркоўваем на штогадовай канферэнцыі “Дні навукі МДЛУ”. Удзел у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, навуковых форумах, рэспубліканскіх конкурсах навуковых работ дае магчымасць атрымаць навуковы вопыт, які дапамагае аргументавана прадстаўляць свой пункт гледжання, пераканаўча падаваць сваё меркаванне ў навуковай дыскусіі, крытычна ставіцца да вынікаў сваёй дзейнасці, генерыраваць новыя ідэі.

Наш ўніверсітэт прадастаўляе шырокія магчымасці для развіцця творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу студэнтаў. Яны могуць займацца ў творчых калектывах (студэнцкі хор Cantus Juventae, вакальная студыя “АРТ-Груп”, тэатр танца Renaissance dance і інш.), спартыўных камандах, рэалізоўваць маладзёжныя праекты і працаваць у валанцёрскіх атрадах (“Адкрый сэрца”, “Адзінства пакаленняў”, “Рука дапамогі”), экаатрадзе і інш. Пераважная большасць нашых студэнтаў шырока выкарыстоўваюць магчымасці, якія прадастаўляюцца ўніверсітэтам у пазавучэбны час.

Спадзяюся, што Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт стане цэнтрам па распрацоўцы і апрабацыі інавацыйных метадаў і тэхналогій, якія забяспечаць падрыхтоўку канкурэнтаздольных спецыялістаў у сферы лінгвістычнай адукацыі і міжкультурнай камунікацыі. Я хачу, каб ва ўніверсітэце панавала атмасфера адзінай карпаратыўнай культуры, якая будзе аб’ядноўваць студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.