Падарожжа па краіне Мовазнавіі

- 16:31Нам пішуць

Міжнародны дзень роднай мовы ў гімназіі № 2 Ваўкавыска прайшоў пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску!” Ранішнія прывітанні вучняў і настаўнікаў гучалі толькі на роднай мове, на працягу дня прыемна было чуць з вуснаў кожнага жывое беларускае слова.

“Гімн роднай мове” прагучаў на святочным мерапрыемстве ў актавай зале, дзе сабраліся вучні 5—9 класаў. Рэжысёр тэатра-студыі “Лицедеи” В.М.Макуць прачытаў уласныя вершы пра родную мову. Цешылі цёплыя, чулыя, мудрыя і гордыя словы пра беларускую мову, Радзіму, народ, каханне з вуснаў дзяцей. А падчас завочнага падарожжа па краіне Мовазнавіі вучні адкрылі мноства скарбаў, якія тоіць беларуская мова. На працягу ўсяго дня гучалі запісы народных, літаратурных, эстрадных песень на роднай мове ў выкананні знакамітых беларускіх спевакоў.

Падключыліся да дня роднай мовы таксама вучні старэйшых класаў і настаўнікі: узялі ўдзел у акцыі “Пішам па-беларуску разам”. У адным класе за партамі сабраліся ўсе ахвотныя, каб напісаць дыктоўку па-беларуску. У заключэнні акцыі ўдзельнікі дзяліліся ўражаннямі: “Я люблю беларускую мову, таму што…” — “яна прыгожая і мілагучная”, “гэта мова маіх бацькоў і продкаў”, “яна мне родная і блізкая”, “і хоць мне цяжка размаўляць па-беларуску, але я вельмі люблю слухаць, калі хтосьці гаворыць на ёй”…

Т.П.САКАЛОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Ваўкавыска.