Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і асенне­-зімовага перыяду пачалася на Гомельшчыне

- 10:25Образование

Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і асенне­-зімовага перыяду пачалася на Гомельшчыне. На базе гомельскай сярэдняй школы № 75 кіраўнікі ўсіх аддзелаў адукацыі вобласці і ўстаноў адукацыі абласнога падначалення абмеркавалі, як паэтапна і без збояў за лета правесці неабходныя работы, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Гаворка ішла не толькі пра бягучыя рамонты, але і пра ахову, арганізацыю кантрольна-прапускнога рэжыму, санітарна-гігіенічную, дарожную і пажарную бяспеку ўстаноў адукацыі.

— Хацеў бы зрабіць акцэнт на ахове жыцця і здароўя дзяцей, — задаў тон семінару-практыкуму начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Гэта самае галоўнае, для чаго мы з вамі жывём і працуем: каб нашы дзеці былі жывыя і здаровыя. Гомельскім абласным цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі распрацаваны дапаможнік, у якім паэтапна распісана, што вы, кіраўнікі, павінны зрабіць да 1 верасня. Наогул, у гэтым дакуменце распісана ўсё суправаджэнне вашай дзейнасці па падтрыманні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі на працягу года.

Кіраўнік Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Алена Капа нагадала пра тое, што падпісанне сертыфікатаў гатоўнасці да навучальнага года трэба завяршыць не пазней як 20 жніўня, а прыёмка ўстаноў павінна адбыцца да 15 жніўня. Да пачатку новага навучальнага года плануецца даабсталяваць частку школьных аўтобусаў відэарэгістратарамі, а таксама вырашыць пытанні з усталяваннем турнікетаў і трывожных кнопак у асобных установах адукацыі. Цяпер у 1032 установах адукацыі Гомельскай вобласці ёсць пасты вартаўнічай аховы, большая частка з якіх — ведамасная. Сёлета на Гомельшчыне паэтапна будуць перададзены пад фізічную ахову Дэпартамента аховы МУС 17 асобных устаноў адукацыі. Тыя, дзе колькасць навучэнцаў 700 і больш.

— Паэтапна ўстанаўліваюцца сістэмы відэаназірання з падключэннем да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу, — адзначыла Алена Капа. — Амаль палова ад агульнай колькасці ўстаноў адукацыі ўжо абсталяваны сістэмамі відэаназірання. Усюды відэакамеры ўстаноўлены з аглядам, які дазваляе кантраляваць тэрыторыю. Важна давесці да ладу і падтрымліваць у спраўным стане фізкультурна-спартыўнае і гульнявое абсталяванне, звярнуць асаб­лівую ўвагу на цэласнасць агароджы, наяўнасць турнікетаў, замкі на варотах і брамках, схемы руху па тэрыторыі, дарожную разметку, знакі паркоўкі, знешняе асвятленне.

Дарэчы, да пачатку новага навучальнага года плануецца набыць 19 школьных аўтобусаў. Бюджэтам Гомельскай вобласці таксама прадугле­джаны сродкі на набыццё тэхналагічнага, халадзільнага і іншага абсталявання.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА