Пакуль што на Свіцязі восень

- 12:32Родная земля

Складана выбраць галоўную адметнасць Навагрудскага раёна. Канечне, у першую чаргу варта назваць славуты замак, які з ХІІІ стагоддзя ўзвышаецца на старажытным гарадзішчы. Але ж велічны Любчанскі замак заслугоўвае не меншай увагі. А як наконт старадаўніх храмаў, якія, напэўна, толькі дзякуючы малітвам нашых продкаў, выстаялі ў віхуры часу і дагэтуль узносяцца сваімі вежамі і купаламі да неба? Нельга не адзначыць і маляўнічыя ўзгоркі, і адмысловыя легенды і паданні, і багатую прыроду. Вось такая яна, Навагрудчына, паспрабуй сарыентавацца ў рознакаляровай мазаіцы яе адметнасцей. І ўсё ж такі жамчужынай гэтай зямлі з’яўляецца знакамітае возера Свіцязь.

Возера ці сажалка?

Свіцязь і сапраўды падобна на жамчужыну. Круглае, заўсёды празрыстае, а ўлетку, у самую спёку, яшчэ і прахалоднае, яно, нібыта магніт, прыцягвае да сябе жыхароў Навагрудскага і суседніх Баранавіцкага, Карэліцкага, Дзятлаўскага раёнаў. Любяць адпачываць на беразе возера і сталічныя госці. На жаль, культура адпачынку некаторых нашых суграмадзян знаходзіцца, мякка кажучы, на нізкім узроўні. Таму можна толькі ўявіць, што творыцца на беразе Свіцязі летам. Менавіта творыцца, іншае слова складана падабраць, паколькі за адзін дзень мясцовыя настаўнікі і вучні збіраюць вакол вогнішчаў мяхі паперы, пластыкавых і шкляных бутэлек. Рэкрэацыйная нагрузка на возера ў цёплую пару года настолькі вялікая, што толькі дзіву даешся, як возера яшчэ трымаецца, як яно не ператварылася ў сажалку?
Аднак восенню возера выглядае зусім па-іншаму, яно нібыта адпачывае ад шматлікіх “аматараў” прыроды. На азёрных берагах, засыпаных жоўта-аранжавай лістотай, ужо не сустрэнеш шумных кампаній, не рассцілаецца паміж бяроз і клёнаў туман ад дыму вогнішчаў. Такі ж спакой панаваў тут і ў часы Адама Міцкевіча, які любіў прагульвацца па беразе Свіцязі са сваёй каханай Марыляй. Напэўна, пад пошум восеньскай лістоты і нараджаліся знакамітыя радкі балад “Свіцязь” і “Свіцязянка”. Гавораць, неяк закаханыя пасадзілі ў Туганавіцкім парку непадалёк ад возера бярозу. Падчас разлукі з каханым Марыля палівала гэтую бярозу слязамі журбы, дрэва вырасла стромкае, аднак неяк ноччу бярозу знішчыла маланка. З таго часу дзяўчаты з навакольных вёсак вераць, што бяроза жыве і дзяўчыне, якая яе знойдзе, дрэва прынясе ўдачу. Можа, гэта адна з тых бяроз, якія глядзяцца ў празрыстае люстэрка Свіцязі, асыпаюць на ваду сваё пажаўцелае лісце? Хто ведае, можа, і так, тады, каб спазнаць шчаслівыя імгненні, неабавязкова ў пошуках легендарнага дрэва блукаць у лясным гушчары, дастаткова некалькі хвілін моўчкі пастаяць каля адной з прыбярэжных беластволых прыгажунь.

Горад, які ёсць

Па словах дырэктара Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нэлі Канстанцінаўны Санько і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны Шымко, з пакалення ў пакаленне сярод мясцовых жыхароў перадаецца легенда і пра горад Свіцязь, які нібыта стаяў на месцы возера. Аднойчы напалі на Навагрудак чужынцы, і свіцязянскі князь са сваёй дружынай пайшоў на дапамогу землякам. У горадзе ж засталіся толькі старыя, жанчыны і дзеці, сярод якіх была і прыгожая князева дачка. Ворагі разбілі войска князя і падышлі пад сцены горада. Раптоўна перад князёўнай з’явіўся стары чалавек і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей — у кветкі. Так і адбылося. На месцы горада разлілося возера, а па яго паверхні плавалі прыгожыя кветкі-цары. Па іншай версіі, жыхары Свіцязя ніколі не пускалі ў свае дамы начаваць падарожнікаў. Але адна жанчына парушыла традыцыю і пусціла на начлег старога падарожніка. На наступны дзень за непаслушэнства суседзі вырашылі пакараць жанчыну. Аднак чужынец заступіўся за яе і вырашыў пакараць жыхароў горада за такі ўчынак. Ён сказаў жанчыне ісці разам з дзецьмі з горада і не абарочвацца. Толькі яна выйшла за сцены, як вуліцы і дамы пачало заліваць вадой, пачаўся крык, плач, жанчына не вытрымала, азірнулася і тут жа ператварылася ў камень. Гэты камень і цяпер знаходзіцца ў вадзе непадалёк ад берага.
“Сапраўды, прыгожыя легенды, і не больш за тое”, — падумалася пасля захапляльнага аповеду. Аднак раптоўна Нэлі Канстанцінаўна прапанавала: “Цяпер давайце прагуляемся да гэтага горада”. Спачатку падумаў, што дырэктар жартуе, аднак за акном яе кабінета і сапраўды віднеліся магутныя сцены, стромкія вежы, абабітая жалезам уязная брама. Вяла ж да легендарнага горада брукаваная дарога і невялікі драўляны мост.
— Ідэя стварэння Свіцязя ўзнікла невыпадкова. Менавіта дзякуючы вось гэтым вялікім шчытам, на якіх вы бачыце выяву старажытнага горада, мы знаёмім нашых гасцей з легендамі і паданнямі роднага краю. Стварыў выяву горада таленавіты мастак-афарміцель, наш лабарант, выпускнік школы Аляксандр Аркадзьевіч Пліска. А вось брукаванку выклалі вучні старэйшых класаў школы падчас летніх канікул, працуючы ад раённага цэнтра занятасці насельніцтва. Шчыра кажучы, работы па “будаўніцтве” горада яшчэ не закончаны. Мы плануем паставіць каля ўязной брамы макеты стражнікаў. Са знаёмства з горадам пачынаецца для нашых гасцей экскурсія па школьным Народным гісторыка-краязнаўчым музеі. Знаходзіцца музей якраз за сценамі горада, у старым будынку школы, — расказвае Нэлі Канстанцінаўна.

Адзін з самых

Музей Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, стваральнікамі якога з’яўляюцца заслужаныя настаўнікі БССР Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч, Васіль Піліпавіч Ускоў і настаўнік беларускай мовы і літаратуры, краязнаўца Уладзімір Аляксандравіч Урбановіч, унікальны. Яго ўнікальнасць заключаецца не толькі ў колькасці экспанатаў, але і іх арыгінальнасці. Пад шклом, напрыклад, захоўваецца зуб маманта, падараваны школьнаму музею вядомым археолагам Фрыдай Давыдаўнай Гурэвіч, якая праводзіла ў свой час раскопкі на Навагрудчыне. Амаль усе экспанаты археалагічнага раздзела знойдзены валеўскімі вучнямі падчас іх удзелу ў раскопках пад кіраўніцтвам прафесійных археолагаў. Вось такі цудоўны прыклад плённага супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з навукоўцамі ў выхаваўчай рабоце.
— Апошнія такія раскопкі ў ваколіцах Валеўкі, у якіх удзельнічалі і нашы вучні, праводзіліся чатыры гады назад на Гарадзішчы. Вучні тады працавалі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Эдварда Міхайлавіча Зайкоўскага, — расказвае кіраўнік музея Тамара Мікалаеўна Сурага.
Унікальнасць валеўскага музея яшчэ і ў тым, што гэта адзін з самых старых школьных музеяў Беларусі. Ён быў адкрыты ў далёкім 1955 годзе, а ў 1968-м яму было прысвоена ганаровае званне народнага. За дзесяцігоддзі дзейнасці музея ў ім перапляліся як сучасныя элементы афармлення, так і 60—70-х гадоў. Канечне, музею патрэбна рэканструкцыя, і, як запэўніла дырэктар школы, яе плануецца правесці ў найбліжэйшы час. Аднак ці не страціць абноўленая экспазіцыя арыгінальнасць? Усё ж такі бліскучыя, стальныя і пластыкавыя стэнды, якія знаходзяцца ў сучасных музеях, нярэдка выглядаюць аднатыпна, у іх не адчуваецца той цеплыні, якая ўласціва стэндам, створаным настаўнікамі і вучнямі ў савецкі час. Будзем спадзявацца, што гэтага не адбудзецца, а адзін з самых старых школьных музеяў застанецца і надалей адным з самых арыгінальных.
Асобныя раздзелы экспазіцыі прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны на
Навагрудчыне, гісторыі школы, якая бярэ свой пачатак з 1869 года, развіццю школьнага піянерскага і камсамольскага руху, правядзенню актыўнай турыстычна-краязнаўчай работы, флоры і фаўне ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”, гісторыі валеўскай царквы.
— Дарэчы, наша царква з’яўляецца драўляным помнікам архітэктуры XVII стагоддзя. У спецыяльным раздзеле прадстаўлены старажытныя богаслужбовыя кнігі, элементы рызаў святара, звесткі пра валеўскіх святароў. З храмам звязаны і такі цікавы факт. Існуе меркаванне, што іканастас валеўскай царквы — гэта фрагмент іканастаса варшаўскага сабора Аляксандра Неўскага, які быў узарваны палякамі ў даваенны час. Адна частка іканастаса, калі вывозілася ў Савецкі Саюз, трапіла ў Баранавічы, а другая — у нашу вёску. У свой час у Валеўку любіў прыязджаць Уладзімір Караткевіч. Пісьменнік абавязкова прыходзіў да айца Міхаіла, браў у яго ключы ад царквы і падоўгу сядзеў каля іконы Божай Маці. Можа, дзякуючы тым малітвам, і пісаў ён свае цудоўныя творы. А яшчэ кажуць, што крыж на купале царквы знаходзіцца на адным узроўні з паверхняй возера Свіцязь, — расказвае Тамара Мікалаеўна.
Дарэчы, тэме “Пісьменнікі і Навагрудчына” таксама прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі. У ім прадстаўлены шматлікія кнігі з аўтографамі паэтаў, пісьменнікаў, якія ў розныя часы наведвалі валеўскую школу. Гэта былі, напрыклад, удзельнікі семінара для творчай моладзі, што праходзіў у пансіянаце “Свіцязь” у 1968 годзе, Янка Брыль, Максім Танк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі. Бывалі ў Валеўцы і Рыгор Шырма, і Ігар Лучанок. Цікавы, напрыклад, лёс мясцовага паэта Гаўрыла Шутэнкі. Па нацыянальнасці ён рускі, нарадзіўся на Стаўрапольшчыне. У часы вайны служыў у ваеннай разведцы і быў цяжка паранены, страціў зрок. Пасля вайны жыў на Навагрудчыне і ствараў надзвычай пранікнёныя вершы, хоць і не бачыў возера, а толькі чуў плёскат яго хваляў.
— Сярод арыгінальных экспанатаў музея і вось гэты стары фотаздымак маёнтка Чамброва, дзе жылі памешчыкі Узлоўскія. Менавіта ў гэтым маёнтку выхоўвалася Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча, і менавіта тут яна ўпершыню сустрэлася з бацькам пісьменніка. Адбылося спатканне так. Неяк Мікалай Міцкевіч ехаў праз гэтыя мясціны, пачаўся моцны дождж, навальніца. Падарожнік вырашыў перачакаць непагоду ў добра знаёмага Узлоўскага. Гаспадар маёнтка ветліва сустрэў госця і папрасіў Барбару прынесці яму чай. Вось як бывае. А кажуць кахання з першага погляду няма, — расказвае кіраўнік музея.

Спыніся, смецце!

Усе гэтыя звесткі сабраны членамі савета музея пад кіраўніцтвам Тамары Мікалаеўны Сурага. Юныя даследчыкі роднага краю актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, краязнаўчай экспедыцыі “Гістарычныя сядзібы: шлях да адраджэння”, абласным турыстычна-краязнаўчым праекце “Усё помніцца, нішто не забыта…”, распрацавалі турыстычны маршрут “Свіцязянскі пярсцёнак”. А напрыканцы кожнага навучальнага года яны разам з іншымі вучнямі і настаўнікамі паказваюць свае турыстычныя здольнасці на школьным турзлёце, які традыцыйна праводзіцца на беразе Свіцязі.
Падчас экскурсіі па музеі настаўніца некалькі разоў сказала “адно з самых старых”. Нагадаем яшчэ раз: валеўская школа адна з самых старых у раёне (адкрыта ў 1869 годзе), школьны Народны гісторыка-краязнаўчы музей таксама адзін з найстарэйшых у краіне (адкрыты ў 1955 годзе). Акрамя таго, у Валеўцы ў 1966 годзе створана адно з найстарэйшых у краіне школьных лясніцтваў, а яшчэ раней, у 1961 годзе, настаўнікамі і вучнямі закладзены адзін з найстарэйшых школьных паркаў-дэндрарыяў. Адным словам, у валеўскай школе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вядзецца актыўная работа па рознабаковым даследаванні свіцязянскага краю. Адзін з асноўных накірункаў такой работы — вывучэнне экалагічнага стану возера і яго прыбярэжнай тэрыторыі.
Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Мікалаеўны, даследаванні прыроды разам з вучнямі пачала ў 1961 годзе настаўніца біялогіі Алімпіяда Юльянаўна Шымка. Паступова было наладжана сяброўства з Акадэміяй навук БССР. Так, яе супрацоўнік А.Т.Федарук у сваёй кніжцы “Інтрадуцыраваныя дрэвы і кустоўе заходняй часткі Беларусі” спасылаецца на вынікі доследаў валеўскіх вучняў. З 1966 года экалагічнай работай займаюцца ўдзельнікі школьнага лясніцтва. Пра дзейнасць валеўскага школьнага лясніцтва яшчэ ў 70-я гады быў зняты кіначасопіс кінастудыяй “Беларусьфільм”. А ў 80-я гады валеўская школа, як адна з лепшых у рэспубліцы па экалагічным выхаванні, была прадстаўлена на ВДНГ у Маскве. Цяпер юныя лесаводы працуюць на экалагічнай сцяжыне, створанай пад кіраўніцтвам настаўніц біялогіі Ліліі Іванаўны Чыж і Алімпіяды Юльянаўны Шымка. На працягу года ладзяцца акцыі “Увага! Мурашы!”, “Стоп, смецце!”. Удзельнічалі валеўскія вучні і настаўнікі і ў нядаўняй рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”. На сёння работа школьнага лясніцтва вядзецца пад кіраўніцтвам Ліліі Іванаўны Чыж і прыносіць не толькі выхаваўчы, але і матэрыяльны эфект. Напрыклад, сёлета вучні пасадзілі амаль 9 гектараў лесу і зарабілі каля 3 мільёнаў рублёў, якія былі выдаткаваны на экскурсіі па адметных мясцінах Віцебшчыны.
Актыўным даследаваннем флоры і фаўны ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі” займаецца і настаўнік выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання Аляксандр Мікалаевіч Цвырко, дзякуючы якому, мне пашчасціла павандраваць па свіцязянскіх сцяжынах Адама Міцкевіча. У 2007 годзе пад кіраўніцтвам Аляксандра Мікалаевіча вучнем Арцёмам Богданам была створана навуковая работа “Відавы склад і распаўсюджванне відаў раслін, што ахоўваюцца, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”, якая дапамагла Арцёму стаць пераможцам XVIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання.

Работа і вынік

Нягледзячы на тое, што найбліжэйшай установай адукацыі да Свіцязі з’яўляецца Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, вывучэннем экалагічных праблем возера займаюцца настаўнікі і вучні і з іншых устаноў адукацыі, каардынуе гэтую работу Навагрудскі раённы эколага-біялагічны цэнтр.
— Для вучняў мы выкарыстоўваем разнастайныя формы работы і метады. Старшакласнікаў больш цікавіць даследчая работа, якая арганізоўваецца непасрэдна ў прыродзе падчас экскурсій, паходаў, экспедыцый. Першым кіраўніком і натхняльнікам экспедыцый была Таццяна Валянцінаўна Хрышчановіч, потым Наталля Іосіфаўна Каспер, якія працавалі ў нашым цэнтры загадчыкамі аддзела экалогіі, — расказвае дырэктар цэнтра Вольга Віктараўна Котава.
У рамках экспедыцый была распрацавана Праграма комплекснага вывучэння экалагічнага стану возера Свіцязь і прылеглых тэрыторый. Удзельнікі экспедыцый вывучаюць наземныя і водныя экасістэмы. Для работы створаны дзве лабараторыі. У лабараторыі водных экасістэм працуюць групы гідролагаў і гідрабіёлагаў, якія праводзяць мікракліматычныя даследаванні, вызначаюць тэмпературу і вільготнасць паветра, вады, хуткасць і кірунак ветру, ацэньваюць экалагічны стан берага і паверхні вады. У выніку работы юныя даследчыкі прыйшлі да высновы, што вада ў возеры чыстая, але ўсё ж адбываецца паступовы працэс забалочвання возера. Асноўная прычына — вялікая антрапагенная нагрузка на возера. Геабатанікі з лабараторыі наземных экасістэм вывучаюць раслінны свет, выяўляюць месцы знаходжання рэдкіх і знікаючых відаў раслін (выяўлена больш за 10 такіх відаў). Сярод іх лабелія Дортмана, белымі кветкамі якой любаваўся Адам Міцкевіч і ўсхваліў іх у баладзе “Свіцязь”, і тэтрадыніум яванікум, які, акрамя Навагрудчыны, расце толькі на востраве Ява. Падчас апошняй экспедыцыі былі выяўлены 4 рэдкія віды папараці.
У выніку кожнай экспедыцыі, якія праводзяцца з 1996 года, пішуцца справаздачы, ствараюцца навукова-даследчыя работы, гербарыі і фотаальбомы, якія выкары-стоўваюцца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. З вынікамі даследаванняў навучэнцы штогод выступаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і канферэнцыях, дзе займаюць прызавыя месцы. Раённыя экспедыцыі на возера Свіцязь заўсёды праходзяць на высокім узроўні, таму нездарма ў 1999 годзе на Навагрудчыне прайшла ХІ Рэспубліканская эколага-краязнаўчая экспедыцыя “Жыві, наш край”, арганізаваная Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтрам. За шматгадовую работу па маніторынгу возера Свіцязь юныя даследчыкі раённага эколага-біялагічнага цэнтра (вучні сярэдняй школы № 1 Навагрудка) на чале з кіраўніком экспедыцый Наталляй Іосіфаўнай Каспер (цяпер намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Навагрудка) атрымалі ў 1999 годзе дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Шэсць удзельнікаў гуртка “Юныя эколагі” сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Калі глядзіш на велічнасць і прыгажосць возера, перагортваеш матэрыялы экспедыцый, зусім не хочацца думаць пра тое, што чалавек знішчае гэтую прыгажосць. Смецце і вогнішчы на беразе возера, вырваныя з коранем палушнік азёрны і лабелія Дортмана — гэта, на жаль, рэаліі сённяшняга дня. Нашы няведанне і абыякавасць могуць прывесці да вымірання гэтай прыгажосці, таму да возера неабходна беражліва адносіцца, каб Свіцязь заўсёды была жамчужынай нашай зямлі, — сказала Наталля Іосіфаўна.
Педагогі спадзяюцца, што хутка рэкрэацыйная нагрузка на жамчужыну навагрудскага краю пачне змяншацца, а да наступнага лета на беразе возера з’явяцца хаця б шчыты з тлумачэннямі аматарам “культурнага” адпачынку правілаў паводзін на прыродзе. А пакуль што на Свіцязі восень. Стомленае за напружаны сезон адпачынкаў возера набіраецца сіл, бо міне ўсяго некалькі месяцаў, і зноў прыйдуць вясна, лета, зноў з’явяцца шумныя кампаніі, вогнішчы, аўтамабілі, смецце… Хочацца ў гэта не верыць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.