Пасадзілі дрэва, абаранілі мурашнік

- 11:55Нам пішуць

У рамках тыдня прыродазнаўчых навук у гімназіі № 6 Гродна прайшло шмат акцый у абарону прыроды.

Падчас акцыі “Захаваем першацветы” навучэнцы рабілі рэкламныя лістоўкі па прадухіленні вынішчэння першацветаў і іншых рэдкіх раслін Беларусі. Навучэнцы 11-х класаў падрыхтавалі маляўнічыя фатаграфіі жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, правялі апытанне сярод настаўнікаў і праверылі, наколькі добра яны ведаюць родную прыроду. Лепшымі знаўцамі беларускай флоры і фаўны сталі Данута Мечыславаўна Ціхановіч, Наталля Міхайлаўна Бароўская, Віталь Юр’евіч Горбач, Таццяна Юр’еўна Свірыдзенка. Пераможцам у конкурсе “Жывёлы Беларусі, якія знікаюць” стала Святлана Уладзіміраўна Стэльмах, у конкурсе “Расліны Беларусі, знікаюць” — Вольга Львоўна Грыгор’ева.

На прышкольным участку ў рамках акцыі “Пасадзі дрэва” будуць высаджаны каштаны, елкі і туі.

Удзельнікі акцыі “У абарону мурашнікаў” стварылі рэкламныя листоўкі, у Румлёўскім парку ўсталявалі агароджы вакол мурашнікаў.

У акцыі “Чысты бераг” удзельнічалі вучні старшых класаў. Пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлаўны Бароўскай навучэнцы сабралі бытавое смецце на берагах сажалак біялагічнай ачысткі і вадаёма каля вёскі Ласосна. Акцыя “Новае жыццё старых рэчаў” уключала мерапрыемствы па зборы прадметаў побыту, прыдатных для выкарыстання. Мэта акцыі — змяншэнне адходаў. На працягу дня навучэнцы і іх бацькі прыносілі ў гімназію макулатуру і пластыкавыя бутэлькі. А яшчэ сабралі цёплыя рэчы для выкарыстання ў якасці подсцілу ў прытулку для жывёл.

Завяршыўся тыдзень мерапрыемствам для вучняў 8-х класаў “Захаваем прыроду на стагоддзі”.

Людміла БАРАНАВА,
настаўнік біялогіі гімназіі № 6 Гродна.