Пасадзілі лес

- 15:21Нам пішуць

Кожны год вучні нашай школы бяруць удзел у акцыях, прысвечаных аднаўленню лесу, пашкоджанага ў выніку прыродных стыхій ці масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў. Не стала выключэннем і сёлетняя рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”, прысвечаная Году малой радзімы.

Нашы дзеці ўжо не навічкі ў справе захавання прыродных рэсурсаў: восенню 2017 года ў Індурскім лясгасе засадзілі новымі ляснымі культурамі пяць гектараў пацярпелых ад жука-караеда плошчаў. На пяць тысяч маленькіх сосен і бярозак стала больш на тэрыторыі Індурскага лясніцтва дзякуючы дапамозе нашых навучэнцаў!

Вясна сёлета можа быць хуткаплынная, часу для пасадкі саджанцаў застаецца мала, таму дапамагаць трэба як мага хутчэй, каб саджанцы за лета паспелі прыжыцца на новым месцы і ў поўнай гатоўнасці маглі сустракаць зіму. На заклік лесніка ўнесці ўклад у прымнажэнне ляснога фонду краю дзеці адгукнуліся з радасцю.

Працавалі парамі: адзін мячом Колесава (клінаватая мадыфікацыя лапаты) робіць у мяккай пясчанай глебе лунку, другі змяшчае туды саджанец. Дзецям даверылі высаджваць сосны і бярозы. Гэтыя пароды самыя прыстасаваныя да нашага клімату і выдатна прыжываюцца. Пасля высечкі пашкоджаных караедам дрэў былі падрыхтаваны разоры і саджанцы сосен з закрытай каранёвай сістэмай, якія беражліва вырошчвалі ў гадавальніку. Як расказаў памочнік ляснічага, гэтыя гнуткія сцёблы з мяккімі, яшчэ некалючымі іголкамі выкапалі ў гадавальніку, звязалі ў пучкі і захоўвалі ў снезе, каб саджанцы не рушылі ў рост, калі трэба будзе іх высаджваць у адкрыты грунт, інакш прыжыцца ім будзе цяжка.

— Вось так чакалі сустрэчы з вамі будучыя магутныя сосны-веліканы, — падахвочваў дзяцей памочнік ляснічага.

Дзецям раздалі маленькія сосны і тонкія пруткі бярозак — і работа закіпела. У дзесяцісантыметровым саджанцы сасны цяжка ўбачыць магутнае высокае дрэва, але пад уздзеяннем вялікай сілы прыроды дзіўнае ператварэнне ўжо пачалося. Дзеці з захапленнем “давалі справаздачу” адзін аднаму, колькі сосен і бяроз пасадзілі. Колькі задавальнення ад гэтага карыснага занятку! Дружная кампанія, чыстае паветра, спеў птушак, цудоўнае сонечнае надвор’е і ўсведамленне таго, што праз дзясятак гадоў можна будзе пабываць у гэтых мясцінах і пахадзіць па “сваім” лесе, надавалі сіл.

Малады памочнік ляснічага Пётр расказаў, як ствараюцца новыя лясы, колькі намаганняў неабходна прыкласці, каб яны былі чыстыя і здаровыя.

Дзеці здзіўляліся, што тысячы дрэўцаў, якія змяшчаліся ў невялікіх кантэйнерах, праз восемдзесят гадоў ператворацца ў гектары адборнага лесу. І гэта адбудзецца дзякуючы ім!

Марыя КОЎШЫК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.