Паштоўка для маці

- 15:39Нам пішуць

Напярэдадні Дня маці ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна была арганізавана святочная выстава работ, выкананых педагогам установы. Гэта творы з выявамі дзяцей, вышытыя крыжыкам, і сярод іх ёсць асаблівая карціна — маці з дзіцяткам на руках.

Другая выстава створана ўжо рукамі нашых малышоў. Пад фотаздымкамі, аформленымі ў стылі сямейных сэрцайкаў, пажаданні да свята. Але больш за ўсё ўразіла прапанова былых выхаванцаў, якія сталі работнікамі пошты, зрабіць на першы погляд звычайную справу — падпісаць віншавальную паштоўку для сваёй мамы. Выхавальнікі прапанавалі падтрымаць акцыю “Павіншуем маму разам!”.

Я сама даўно маці, і мне прыемна атрымліваць віншаванні ў гэты святочны дзень, бо, сапраўды, няважна, колькі нам гадоў і колькі ў нас дзяцей, для нашых мам мы заўсёды застаёмся дзецьмі. Яны любяць сваіх унукаў, клапоцяцца пра іх, наколькі хапае сіл і здароўя, аднак перш за ўсё яны мамы. Колькі яшчэ часу яны будуць побач з намі, невядома, але мы гаспадары свайго часу і ў нашай уладзе распараджацца ім.

Вялікі дзякуй, паважаныя педагогі, што стварылі для нас прыпынак у штодзённай мітусні, узрушылі сэрца і падштурхнулі задумацца пра вечнае.

Леакадзія ЦІМАФЕЕВА,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна.