Пацеркі ў агні

- 11:44Прафесіяналы

Рукадзелле, ці больш распаўсюджанае handmade, з’явілася адначасова з чалавецтвам. І нават з развіццём цывілізацыі, з заменай мануфактур фабрыкамі і заводамі, адносіны да ручной справы засталіся па-ранейшаму цёплымі. У славянскія жылы дабавілі ўмення і імкнення ствараць эксклюзіўныя рэчы сваімі рукамі ў часы дэфіцыту, аднастайнасці тавараў масавай прамысловасці. Апошнія гады часта на замену творчасці для сябе прыходзяць творчыя майстэрні, а само рукадзелле з разраду хобі пераходзіць на прафесійны ўзровень. Гэты шлях — ад захаплення да прафесіі — паспяхова прайшлі майстры лэмпварку мінчане Лідзія і Аляксандр Бугаевы. Якім ён быў і да чаго прывёў, мы даведаліся, завітаўшы да іх у госці.

Наталенне творчасцю

Lampwork перакладаецца з англійскай мовы як работа з лямпай. Гэта мастацтва стварэння пацерак праз плаўленне шкла над газавай гарэлкай. Руская назва, якая лунае ў рунэце, больш паэтычная — шкло ў агні. І тая, і другая назвы пакуль малавядомыя беларусам, але ўпрыгажэнні ў гэтай тэхніцы бачылі многія. Брошкі ў падобнай тэхніцы Ліда ўпершыню ўбачыла ў 4 гады: “У 90-я гады мой бацька працаваў інжынерам-оптыкам-тэхнолагам на заводзе, але гэта не дазваляла зарабіць нават на самае неабходнае для сям’і. Таму ён вечарамі рабіў са шкла брошкі ў моднай сёння, але якая не мела нават назвы тады, тэхніцы ф’юзінг і прадаваў на рынках Польшчы. Я тады была зусім маленькай, і бадай адзінае, што памятаю, — гэтыя брошкі і тое, як я гадзінамі іх разглядвала. Для мяне яны хавалі ў сабе цэлы сусвет”.
Успомніла пра іх дзяўчына, ужо калі скончыла БНТУ, стала магістрам архітэктуры і прыйшла працаваць у праектную арганізацыю. І хоць работа ёй падабалася, магчымасцей для творчага разгону не хапала. Для яе было прынцыповым атрымліваць ад сваёй работы поўнае захапленне.
І калі ўвечары яна вярталася дадому, адчувала патрэбу ў творчым працягу.
“Варыянт для мяне быў адзіны: я хацела, як некалі тата, навучыцца рабіць брошкі — з такой ідэяй і прыехала да яго, — успамінае Лідзія. — Для гэтага патрэбна была муфельная печ. За ўсю першую зарплату ў 150 долараў (столькі ж дабавіў тата) мы з татам купілі старую савецкую печ. Калі прыехалі дадому, высветлілася, што яна дрэнна грэе. На другую, вытворчасці ЗША, прыйшлося аддаць амаль усе накапленні сям’і. Менавіта ў ёй я пад бацькавым кіраўніцтвам зрабіла першыя брошкі, але аказалася, што яны нікому не патрэбны: мода на іх даўно мінула. Таму я пачала рабіць пярсцёнкі, завушніцы, падвескі”.
У той жа час, было гэта пяць гадоў назад, праз інтэрнэт даведалася пра сумежную тэхніку — лэмпварк: шкляныя рэчы нараджаліся не ў печы, а ў полымі газавай гарэлкі. Толькі тут настаўніка Лідзія ўжо не знайшла, таму бацька адправіў яе на курсы па лэмпварку ў Тальяці.
“Шкло — унікальны матэрыял, і сутыкненне з ім, магчымасць ператвараць яго ва ўпрыгажэнні заварожвае. Я да цяперашняга часу не магу нацешыцца тым, як плавіцца шкло, як яно пераліваецца, як ператвараецца ў элегантныя пацеркі”, — гаворыць Лідзія, дэманструючы апошнія свае работы. Калі ў руках — мандрэль, а ў галаве — вобраз будучай прыкрасы, яна забываецца пра час, бо гэта даволі карпатлівая праца: у лепшым выпадку за дзень удаецца зрабіць завушніцы і пару пярсцёнкаў. А часам адну пацерку можна ствараць цэлыя суткі. Нядзіўна, што, калі дзяўчына сур’ёзна захапілася справай, вечароў пасля работы ёй ужо не хапала. Сваю ролю адыграла сарафаннае радыё: шкляныя падарункі, якія яна дарыла сваім сяброўкам, сталі лепшай рэкламай. Пасыпаліся заказы, і каб паспяваць іх выконваць, дзяўчына праводзіла з пацеркамі ночы напралёт. І калі прыйшлося выбіраць паміж архітэктурай і творчасцю, доўга вагацца не стала.

Ствараючы сямейны тандэм

Пра тое, што творчасцю можна зарабляць, Ліда ведала з дзяцінства. Яна вырасла ў мастацкай сям’і, дзе многія жылі з гэтага. Дзядуля Мікалай Лазоўскі быў мастаком, цётку Лідзію Лазоўскую называюць лепшым мініяцюрыстам Беларусі, іх шляхам пайшла старэйшая Лідзіна сястра Ганна. Паглядзеўшы на імклівыя поспехі дачкі, прафесійна лэмпваркам заняўся і яе бацька — цяпер яго ўпрыгажэнні, як некалі брошкі, носяць прыгажуні не толькі ў роднай Лідзе, але і па ўсёй краіне і далёка за яе межамі.

Калі зарадзілася шкларобства, дакладна невядома. Па адных даных, гэтае рамяство зарадзілася на тэрыторыі Старажытнага Егіпта больш за 4 тысячы гадоў назад, па другіх — першым пацеркам, знойдзеным у Месапатаміі, каля 30 тысяч гадоў. Але як бы там ні было, шкларобства паступова ахапіла ўвесь свет: Фінікію, Эладу, арабскія краіны, Кітайскую імперыю. Найбольшага майстэрства дасягнулі італьянцы. Слава пра венецыянскае шкло загучала на ўвесь свет. Венецыянцы насялілі востраў Мурана, дзе і нараджалася знакамітае муранскае шкло. Менавіта тут з’явілася і тэхніка стварэння шкляных пацерак і ювелірных вырабаў — лэмпварк.

Калі дзяўчына выйшла замуж, спадзявацца на стабільны заробак мужа не давялося. Аляксандр працаваў на заводзе інжынерам, а паралельна займаўся мастацкай чорна-белай фатаграфіяй. Але гледзячы на творчасць жонкі, дапамагаючы ёй шукаць і абсталёўваць майстэрню, суправаджаючы яе на шматлікія выставы і кірмашы, сам не на жарт захапіўся лэмпваркам. З таго часу яны разам дні напралёт праводзяць у майстэрні. Вучні Лідзіі, асвоіўшы тэхніку, яе канкурэнтамі не сталі: у кожнага — свой стыль, свой почырк. І натуральна, што іх кліенты розныя. Так, ва ўпрыгажэннях Лідзіі, аматаркі чарчэння, галоўнае — імкненне да правільных форм і карункавасць. Іх выбіраюць вытанчаныя асобы як дапаўненне да вячэрніх убораў. Аляксандрава ж фішка — экспрэсія, эмоцыі. Зробленыя ім завушніцы ці кулоны ніколі не маюць правільнай формы. Таму ўсе яго вырабы — толькі ў адзінкавым экзэмпляры, ён ніколі не паўтарае ўжо зробленае, у адрозненне ад Лідзіі, якая з лёгкасцю паўтарае любыя дэталі.
У сацыяльных сетках у сямейнага тандэма — прыблізна дзве з паловай тысячы прыхільнікаў. Іх вырабы прадаюцца ў магазінах, мастацкіх галерэях і крамах Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, іх носяць модніцы не толькі Беларусі, але і Расіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Турцыі, Лівіі, ЗША і многіх іншых краін. Бугаевых запрашаюць на буйныя мастацкія выставы. Першыя ж спробы параўнаць сваю творчасць з творчасцю замежных калег сталі нядрэннымі. Удала для іх завяршылася міжнародная спецыялізаваная выстава вырабаў са шкла ў Маскве, дзе свае работы прадстаўлялі лепшыя майстры Еўропы. На апошняй міжнароднай выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Фарбы душы”, якая праходзіла ў Мінску і ў якой прынялі ўдзел майстры з краін СНД, іх работа заняла 3 месца. Днямі ў Мінску завяршылася выстава-кірмаш ручных работ “Млын”, дзе вырабы Бугаевых былі ў цэнтры ўвагі. Мінулыя выхадныя свае работы яны павезлі на Калядную выставу ў Санкт-Пецярбург.
Акрамя таго, нядаўна Аляксандр пачаў ствараць не толькі біжутэрыю, але і прадметы інтэр’ера: талеркі, пано, падстаўкі, сувеніры, арт-аб’екты. Для гэтага купіў спецыяльную печ, ліставое шкло для ф’юзінгу і некалькі керамічных баз, у якія памяшчаецца шкляная загатоўка перад заплаўленнем у печы.

Каб шкляны бізнес не стаў крохкім

Сёння імёны маіх герояў на слыху, іх творчасць не застаецца незаўважанай, а новыя калекцыі хутка разыходзяцца. Але выпадковасцю гэта назваць нельга.
“Галоўнае, што мы займаемся творчасцю разам. Некалькі людзей у Беларусі таксама паспрабавалі працаваць у гэтай тэхніцы, выходзілі на выставы, але цяпер пра іх не чуваць. Бывала, што і ў нас з Лідай па чарзе то апускаліся, то паднімаліся рукі. Але мы ўваходзілі ў супрацьфазу і трымаліся за кошт гэтага на плаву”, — жартуе Аляксандр. А прычын гэтага спаду запалу майстры называюць некалькі. Галоўная праблема ў тым, што лэмпварк — гэта вельмі дарагое захапленне. Шкло ў выглядзе каляровых палачак, з якіх атрымліваюцца пацеркі, інструменты для апрацоўкі шкла: гарэлка, мандрэль, газавы балон, кіслародны канцэнтратар, ахоўныя акуляры — усё прыходзіцца заказваць за мяжой, што ўплывае на цану. Напрыклад, адна палачка, якой хопіць на 2—3 пацеркі, можа каштаваць 10 долараў. Мала людзей, якія гэта разумеюць, большасць па-ранейшаму аддае перавагу традыцыйным золату і серабру. Для таго каб паспяхова прадаваць свае вырабы, Лідзія асвоіла цэлую навуку маркетынгу.

Каб зрабіць пацерку, награваем шкляную палачку на агні гарэлкі — сумесі прапану і кіслароду. Калі яе кончык размякчыцца, яго пачынаюць накручваць на мандрэль — сталёвы пруток. Спачатку пацерка больш нагадвае абаранак, толькі потым круглее. Цяпер на яе паверхні можна ствараць малюнкі. Для гэтага можна, напрыклад, узяць шкло іншага колеру, расплавіць яго ў полымі і, не перастаючы круціць пацерку, накапаць на яе маленькія кропкі. Гэтыя кропкі з дапамогай шыла можна злучыць, скажам, у кветкі або зрабіць іх выпуклымі, выцягваючы на паверхню. Можна дабавіць і некалькі фрытаў — каляровых шкляных крошак. Потым пацерка яшчэ крыху аплаўляецца, скругляецца і адпраўляецца астываць пад коўдру з керамічнай ваты. Пасля гэтага яе трэба гадзін 6—12 абпаліць у печы.

“Пяць гадоў назад на выставе людзі хадзілі, прыглядваліся, і калі я агучвала цану, часта гаварылі: “За што? Гэта ж звычайнае шкло”. І гэта пры тым, што гэта быў сабекошт вырабу — звыш гэтага я не мела ні рубля.
Толькі потым я зразумела, што цана павінна быць правільнай, не толькі не завышанай, але і не заніжанай, — сярэдняй”, — гаворыць Лідзія.
Не менш важна, па яе словах, правільна выбраць месца. Напрыклад, на свята горада і падобныя, на якіх людзі адпачываюць, эксклюзіўныя рэчы насіць не варта. Лепшы варыянт — прафесійныя выставы-кірмашы з адборам удзельнікаў. Для іх наведвальнікаў — гэта выдатная магчымасць убачыць і купіць вырабы ручной работы са знакам якасці. Бо часта “майстры”-аднадзёнкі прапаноўваюць свае першыя творчыя спробы, а па іх у пакупнікоў і складваецца меркаванне пра ручную работу. Таму лепш, калі з аўтарамі яны знаёмы загадзя. Канечне, найлепш гэтаму спрыяе інтэрнэт. “Нішто так не падбадзёрвае, не дае падпітку, як самі кліенты, — дзеліцца Лідзія. — Прыемна, калі яны адсочваюць выставы і кірмашы ў сваіх гарадах і рэгіёнах, а часам прыязджаюць здалёк: на нядаўнюю выставу вырабаў ручной работы, якая праходзіла ў Пецярбургу, да нас прыехала дзяўчына за тысячу кіламетраў. Дзеля гэтага варта жыць і тварыць (бо бываюць моманты сумнення). І такія маячкі паказваюць шлях”.
У найбліжэйшых планах маіх герояў — прадставіць свае вырабы на прафесійных выставах у Еўропе. Яны ўпэўнены, што гэта паспрыяе развіццю не толькі іх бізнесу, але і кірунку ўвогуле. Яны плануюць арганізаваць школу лэмпварку для яго прыхільнікаў. Цяпер яны абдумваюць, як паставіць яшчэ некалькі працоўных сталоў: ужо шмат жадаючых за імі размясціцца. А галоўная іх мэта — даказаць, што сучасны хэнд-мэйд не саматужніцтва, а сапраўнае мастацтва, здольнае адной дэталлю змяніць вобраз, а з гэтым і настрой.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Таццяны КАЖДАН.