Пазітыўная прафілактыка

- 14:49Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Выхаваннем павагі да закона, арыентацыі навучэнцаў на здаровы лад жыцця і іншымі відамі прафілактычнай дзейнасці займаюцца ўсе педагогі­псіхолагі ўстаноў адукацыі. Дзейнасць гэтая сур’ёзная, адказная і, можна сказаць, часам складаная для дзіцячага ўспрымання. Аднак не заўсёды.

У гімназіі № 1 Барысава Мінскай вобласці вырашылі падысці да пытанняў прафілактыкі правапарушэнняў з крэатывам і пазітывам. З 2019 па 2021 год у гімназіі дзейнічаў сацыяльны праект па прафілактыцы правапарушэнняў “Я выбіраю правільны шлях. Прафілактыка ў пазітыве”. Арганізавала работу па праекце педагог-псіхолаг названай установы адукацыі Ірына Валер’еўна Шаркунова. 

Ірына Валер’еўна працуе ў гімназіі з 1994 года, з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў, шчодра дзеліцца вопытам з маладымі калегамі. На пытанне, што хвалюе бацькоў сучасных падлеткаў, адказвае, што таты і мамы занепакоены праблемай гаджэтаў, а дакладней тым, што іх дзеці не выпускаюць свае смартфоны з рук. 

“Дзверы ў мой кабінет не закрываюцца, дзеці ідуць і ідуць, асабліва па суботах, — расказвае педагог-псіхолаг. — Бачу, што ім больш за ўсё не хапае зносін паміж сабой. Думаю, што асноўныя праблемы з паводзінамі менавіта з-за гэтага. Плюс — недахоп узаемадзеяння ў сям’і, нястача дамашняй цеплыні. Адным словам, ёсць чым займацца ў плане прафілактыкі.

Наша крэатыўная каманда — я, педагог-арганізатар Марыя Аляксадраўна Саладар, сацыяльны педагог Людміла Рыгораўна Дзямідка — прыдумала сацыяльны праект па прафілактыцы правапарушэнняў “Я выбіраю правільны шлях. Прафілактыка ў пазітыве”, заснаваны на інавацыйным спосабе пазітыўнай прафілактыкі. Мы разумеем, што такая работа праводзіцца ў кожнай установе адукацыі, але мы вырашылі зрабіць яе пазітыўнай, цікавай для падлеткаў”. 

Спецыфічная задача гімназіі ў сферы папярэджання правапарушэнняў — гэта правядзенне ранняй пазітыўнай прафілактыкі. У сваю чаргу аснова ранняй прафілактыкі заключаецца ў стварэнні ўмоў, якія забяспечваюць магчымасць паспяховага развіцця дзяцей, а таксама своечасовае выяўленне тыповых крызісных сітуацый, якія ўзнікаюць у вучняў пэўнага ўзросту.

Праект складаецца з 6 блокаў. Першы блок — “Закон пра мяне. Мне пра закон”, гэта работа лектарскай групы. На працягу 4 гадоў у гімназіі гэтай дзейнасцю займаецца настаўнік Мікалай Анатольевіч Дзямідка, які выкарыстоўвае прынцып “роўны вучыць роўнага”. Дзеці атрымліваюць выдатны вопыт аратарскага майстэрства, выступаючы перад аднагодкамі. Акрамя таго, удзельнікі лектарскай групы з’яўляюцца ўдзельнікамі раённай алімпіяды па прававой асвеце.

Другі блок — “Вывучаем гуляючы”, дзе актыўна выкарыстоўваюцца ІКТ. Дзеці маюць магчымасць праз QR-коды прайсці прававы тэст, даведацца карысную для сябе інфармацыю. Дарэчы, гэтую ідэю прапанаваў малады сацыяльны педагог гімназіі Вадзім Валер’евіч Крывінец. 

Пазітыўная прафілактыка — гэта прапаганда пазітыўнага стаўлення да жыцця, стварэнне сітуацыі паспяховасці, дабрабыту, уключэнне навучэнца ў тую дзейнасць, дзе ён зможа праявіць сябе, адчуць сябе значным для іншых, паверыць у сябе, адчуць радасць праяўлення ўласнай актыўнасці. 

Трэці блок — “Сацыяльная сетка. Прафілактыка ў дзеянні”. У гімназіі ёсць свая група “УКантакце” “Першая — значыць лепшая” (ідэя педагога-аранізатара Марыі Аляксадраўны Саладар). Група налічвае каля 950 чалавек, у яе складзе — навучэнцы гімназіі, іх бацькі. У групе размяшчаецца інфармацыя пра кожнае мерапрыемства, якое праводзіцца ў гімназіі, выстаўляюцца фатаграфіі.

Чацвёрты блок — “Абвяргаючы — прапануй. Прапануючы — дзейнічай”. Гэта работа валанцёрскіх атрадаў. Валанцёры раздаюць лістоўкі і брашуры з карыснай інфармацыяй у гімназіі, грамадзянам на вуліцах горада.

Пяты блок — “Прафілактыка школьная — навука дастойная”. Па словах Ірыны Валер’еўны, у гімназіі была праведзена дыягностыка ведання права навучэнцамі 8—9 класаў, якая паказала, што дзеці добра валодаюць прававымі ведамі, могуць прымаць удзел у мерапрыемствах і акцыях, паказваць сябе. 

Шосты блок — “Арыентуем сям’ю на пазітыў” — гэта бацькоўскія сходы і бацькоўскія ўніверсітэты, сямейныя гасцёўні.

— Мэта нашага праекта — паказаць, што, згуртаваўшыся ва ўстанове адукацыі з педагогамі, навучэнцамі, іх бацькамі, можна пабудаваць стройную сістэму па прафілактыцы, — падсумоўвае І.В.Шаркунова. — Канчатковая мэта праекта — сфарміраваць светапогляд нашых дзяцей, заснаваны на веданні правоў чалавека, закона; выхаваць прававую культуру асобы. 

Бацькі нашых навучэнцаў — галоўныя нашы сябры і памочнікі. У часы пандэміі, калі сустрэчы перайшлі ў анлайн, адчувалася, што бацькам не хапае жывых зносін. Педагогі гімназіі звяртаюцца па дапамогу з-за паводзін вучняў на ўроках. Часам гэта бываюць і глыбокія ўнутраныя праблемы, траўмы. 

У мяне быў выпадак з вучнем 5 класа, у якога не ладзіліся ўзаемаадносіны з бацькамі, хаця сям’я добрая, не праблемная, бацькі ўважлівыя, клапатлівыя. Я вырашыла папрацаваць з хлопчыкам, выкарыстоўваючы методыку “Карта ўнутранага свету” ці “Карта казачнай краіны”. Мы з дзіцем малявалі карту яго ўнутранага свету і прагаворвалі: “Гэта пячора страху, а тут паляна ўсмешак, рака мудрасці, акіян дабрыні”. Хлопчык усё назваў, размаляваў сваю карту. І калі мы з ім прааналізавалі карту, ён уважліва яе разгледзеў і сказаў: “Дык у мяне ж, аказваецца, усё добра. У мяне ёсць бацькі, сябры, усё, што трэба”. Ён зразумеў, што з ім усё ў парадку, хаця навакольныя гаварылі, што з ім “штосьці не так”. Бацькам я паведаміла вынікі, якія прадэманстравала методыка, мы з імі спланавалі работу крыху інакш, каб даць дзіцяці больш свабоды. 

Згодна з існуючым заканадаўствам, адказнасць за выхаванне дзяцей у роўнай ступені нясуць як установа адукацыі, так і бацькі. Адна з умоў эфектыўнай прафілактычнай работы — фарміраванне ва ўстанове адукацыі сацыякультурнага асяроддзя, аптымальнага для станаўлення асобы дзяцей і падлеткаў. Хаця праект “Я выбіраю правільны шлях. Прафілактыка ў пазітыве” быў разлічаны да 2021 года, у гімназіі працягваецца яго рэалізацыя, бо тут створана эфектыўная сістэма прававога выхавання.

Наталля КАСТЭНКА.