Пазнаць новае

- 17:10Нам пішуць

«Мова – найвялікшы скарб нацыі». Пад такім дэвізам праходзіць Дэкада беларускай мовы, літаратуры і культуры у Вялікашылавіцкім НПК яслі-сад — базавая школа Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Усе школьнікі актыўна прымалі ўдзел у запланаваных мерапрыемствах.

Перад адкрыццём дэкады ў фае школы былі наладжаны выставы “З бабулінага куфэрка” і “Святло беларускага слова”, на якіх былі прадстаўлены самаробныя рэчы і кнігі беларускіх пісьменнікаў. Цікава і змястоўна прайшла інфармацыйная гадзіна “Пісьменнікі-юбіляры — 2017”. Вучні правялі вялікую падрыхтоўку: працавалі з даведачнай літаратурай і інтэрнэтам, рыхтавалі выразнае чытанне вершаў і празаічных урыўкаў. “Усе мы чытаем у школе вершы беларускіх паэтаў. Але ўспрымаюцца яны зусім па-іншаму, калі даведацца пра іх аўтараў штосьці новае”, – сказала вучаніца 7 класа Ксенія Міхно.

Гучала самабытнае роднае слова падчас правядзення сустрэчы з паэтам Алегам Бембелем (інакам Іаанам) у рамках супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой. Паэт прэзентаваў свае зборнікі, чытаў вершы, цікава расказваў пра жыццё ў Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры. Таксама госць парадаваў вучняў і педагогаў школы музычнымі творамі ў асабістым выкананні. Школьнікі былі ў захапленні ад сустрэчы, яны актыўна задавалі пытанні паэту.

Дэкада ў школе працягваецца, а гэта значыць, што наперадзе яшчэ шмат цікавых і займальных мерапрыемстваў. Вучням патрэбна праявіць веданне роднай мовы і мастацкай літаратуры, паказаць свае творчыя здольнасці. У рамках дэкады вучні кожны дзень адкрываюць для сябе штосьці новае, нязведанае.

Ганна ШУХНО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Вялікашылавіцкага НПК яслі-сад — базавая школа Слонімскага раёна.