Пазнавальная экскурсія

- 14:35Нам пішуць

Напярэдадні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання юным парламентарыям Навагрудчыны выпала магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй парламентарызму ў Беларусі. Дэпутаты маладзёжнага парламента наведалі Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Арганізавалі экскурсію для юных парламентарыяў аддзел адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама і Вольга Мікалаеўна Папко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У авальнай зале Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Мікалаеўна расказала дэпутатам маладзёжнага парламента аб неабходнасці займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, імкнуцца рэалізаваць сябе.

Сапраўднай нечаканасцю стала для моладзі магчымасць дакрануцца да ўнікальных друкаваных выданняў з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі.

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці юныя парламентарыі пазнаёміліся з экспанатамі, якія ахопліваюць перыяд сучаснай гісторыі Рэспублікі Беларусь з 1990 года да сённяшніх дзён. Асаблівую цікавасць выклікалі макеты архітэктурных помнікаў і аб’ектаў, збудаваных або рэканструяваных за гады незалежнасці нашай дзяржавы.

З захапленнем навучэнцы разглядалі экспазіцыі, якія адлюстроўваюць дасягненні краіны ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі, навуцы, культуры, спорце, міжнародных адносінах. Убачылі першы ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, узоры дзяржаўных узнагарод, юбілейныя і памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, узнагароды беларускіх алімпійцаў, прызы міжнародных тэатральных, музычных фестываляў.

Святлана КРЫНСКАЯ,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Навагрудскага раённага ЦТДіМ, куратар маладзёжнага парламента.