Пазнавальны тыдзень “Час кода”

- 16:41Нам пішуць

У рамках адукацыйнай акцыі “Час кода” з 3 па 9 снежня ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка ладзіўся тыдзень інфарматыкі.

План тыдня быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі і даваў магчымасць удзельнічаць як заўзятым праграмістам, так і аматарам. Таму кожны дзень адрозніваўся арыгінальнасцю і навізной.
На працягу тыдня на першым паверсе школы працавала відэазала, дзе вучні маглі паглядзець відэаролікі аб значэнні акцыі “Час кода”, мультфільмы аб праграмаванні.

Выхаванцы старшых класаў падчас удзелу ў мерапрыемствах акцыі пазнаёміліся з трэндамі развіцця ІТ-сферы, з новымі прафесіямі. А яшчэ прыйшлі да высновы, што праз 10—15 гадоў чалавецтва стане зусім іншае: новыя інфармацыйныя тэхналогіі будуць выконваць работу, з якой справяцца значна лепш за людзей.

На ўроку-семінары “Штучны інтэлект” выхаванцы вырашалі, наколькі ў будучыні будзе актуальная гэтае вынаходніцтва. Падчас дыскусіі па тэме “Навуковы савет” у асобах дакладчыка, судакладчыка, апанента і правакатара аргументавана адстойлівалі свой пункт гледжання “за” або “супраць” штучнага інтэлекту. Але ўсе аднагалосна прыйшлі да высновы: чалавецтва павінна ўсведамляць адказнасць за выкарыстанне сваіх вынаходак.

У 7 “А” класе прайшоў “Урок лічбы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў гульнявой форме паглыбіліся ў дзівосны свет лічбавых тэхналогій. Даведаліся пра важнасць развіцця лічбавых навыкаў, пазнаёміліся з асновамі праграмавання і пабылі ў ролі праграміста. Па выніках гульні кожны ўдзельнік атрымаў сертыфікат юнага праграміста.

Увесь час у школе працавала лабараторыя LEGO. Кожны мог распрацаваць праграму для адпаведнага робата і пакіраваць ім.
Напрыканцы тыдня ўдзельнікі школьнай лабараторыі LEGO правялі для малодшых школьнікаў гульню “Інфарматык-шоу”. У цікавай забаўляльнай форме вучні 4-х класаў рашалі рэбусы, задачы, тлумачылі складаныя паняцці інфарматыкі і праграмавання. А самым запамінальным стала выкананне частушак аб інфарматыцы.
На факультатыўных занятках вучні 2 класа паказалі сябе знаўцамі ў асяроддзі праграмавання Scratch.

Мерапрыемствы, што адбыліся ў школе падчас акцыі “Час кода”, сталі для навучэнцаў добрым штуршком для самастойнага вывучэння інфарматыкі, праграмавання.

Алена БУСЬКО,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 5 Навагрудка.