Пазнавальныя магчымасці тыдня замежных моў

- 15:26Нам пішуць

Развіццё іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі, выхаванне, развіццё асобы, якая будзе здольна ўдзельнічаць у міжкультурных зносінах на замежнай мове, — асноўная мэта настаўнікаў замежнай мовы нашай школы. Для гэтага выкарыстоўваем разнастайныя метады, формы і прыёмы навучання як на вучэбных занятках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Вопыт паказвае, што пазаўрочная работа ў значнай ступені спрыяе развіццю маўлення, творчага патэнцыялу вучняў, актывізуе іх пазнавальную дзейнасць.

Важнае месца ў гэтым працэсе належыць тыдню замежнай мовы, які традыцыйна праводзіцца ў нашай школе ў лютым. Тэматыка даволі разнастайная. Сёлета ён быў прысвечаны жыццю і дзейнасці вядомых асоб англа- і нямецкамоўных краін.

На працягу шасці дзён у школе ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Вялікую цікавасць выклікаў конкурс плакатаў “Знакамітыя людзі свету”, дзе вучні другой і трэцяй ступеней навучання паказалі творчыя здольнасці.

Навучэнцы 3—6 класаў таксама старанна папрацавалі і арганізавалі выставу сваіх работ. Іх шматлікія малюнкі былі прысвечаны творчасці казачнікаў: братоў Грым, Льюіса Кэрала, Джоан Роўлінг, Аляксандра Мільна.

Падчас віктарыны “Цікавыя факты” мы (настаўнікі замежнай мовы) яшчэ раз упэўніліся, што нашы выхаванцы ведаюць многіх знакамітых людзей краіны, мову якой вывучаюць, цікавяцца малавядомымі фактамі з іх жыцця.

Ота фон Бісмарк, Генрых Гейнэ, Маргарэт Тэтчэр, Уільям Шэкспір… Іх ведае ўвесь свет, іх крылатыя выразы сталі правіламі жыцця для мільёнаў. У гэтым нас чарговы раз пераканаў конкурс “Закончы цытату”, у якім узялі ўдзел навучэнцы 8—11 класаў.

Сёння нельга ўявіць адукацыйны працэс без электронных сродкаў навучання. Яны дапамагаюць вучыцца ў інтэрактыўным рэжыме. Адзін з інструментаў выкарыстання інтэрактыўных сродкаў — прэзентацыя. У рамках тыдня замежных моў быў праведзены конкурс прэзентацый “Годныя для пераймання”. Нашы школьнікі прадэманстравалі не толькі майстэрства валодаць камп’ютарам, але і творчыя здольнасці.

На працягу тыдня ў кожным класе настаўнікі правялі цікавыя тэматычныя мерапрыемствы: жывы часопіс “Гісторыя ў асобах” (8 кл.), урок “Знаёмства з творчасцю вялікага Гётэ” (4 кл.), вэб-квэст па творчасці У. Шэкспіра (7 кл.), віктарына “Кошт славы” (9 кл.), урок-практыкум “Славутыя людзі з беларускімі каранямі” (11 кл.), інтэграваныя ўрокі “Вядомыя мастакі сучаснасці” (10 кл.), “Знакамітыя кампазітары нямецкамоўных краін” (8 кл.) і інш.

Завяршала тыдзень замежных моў традыцыйнае агульнашкольнае падвядзенне вынікаў работы вучняў і настаўнікаў. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.А.Машаргіна павіншавала пераможцаў школьнай алімпіяды, уручыла ім граматы і падарункі, выказала падзяку ўсім, хто актыўна ўдзельнічаў у правядзенні тыдня замежнай мовы. А навучэнцы разам з настаўнікамі падрыхтавалі цікавы канцэрт з танцамі, мініяцюрамі, песнямі на англійскай і нямецкай мовах.

І.А.РУБАН,
настаўніца нямецкая мовы сярэдняй школы № 2 Камянца Брэсцкай вобласці.