Педагагічны дэбют

- 10:02Нам пішуць

Пасля правядзення конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” нарадзілася ідэя правядзення падобнага мерапрыемства сярод маладых педагогаў Бераставіцкага раёна. У сістэме адукацыі Бераставіччыны зараз працуюць 47 маладых педагогаў, стаж работы якіх менш як пяць гадоў.

Арганізатарамі фестывалю-конкурсу “Педагагічны дэбют-2018” выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама, Бераставіцкі вучэбна-метадычны кабінет, Бераставіцкі раённы камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, раённы камітэт ГА БРСМ. Удзел у фестывалі ўзялі 8 педагогаў з сямі ўстаноў адукацыі.

Ставілася задача раскрыць творчы патэнцыял маладых педагогаў, спрыяць развіццю маладзёжных педагагічных ініцыятыў. З гэтай мэтай у праграму фестывалю былі ўключаны правядзенне ўрока ў незнаёмым класе, самапрэзентацыя, якая раскрывала жыццёвыя прыярытэты і педагагічную філасофію ўдзельнікаў, публічнае выступленне па тэме, па якой, на погляд удзельніка, павінна быць арганізавана шырокае і адкрытае грамадскае абмеркаванне ў сістэме адукацыі.

Члены журы, арганізатары конкурсу адзначылі якаснае і эфектыўнае выкарыстанне маладымі педагогамі інфармацыйных тэхналогій, добрае веданне прадмета і методыкі яго выкладання.

Усе канкурсанты былі ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі, а кубкі пераможцаў дасталіся Наталлі Панкевіч, настаўніцы нямецкай мовы Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы (1 месца), Юліі Захаравай, настаўніцы англійскай мовы Вялікабераствіцкай сярэдняй школы (2 месца) і Алене Валынчык, настаўніцы хіміі і біялогіі Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы (3 месца).

Пераможцы конкурсу будуць запрошаны ў раённы клуб педагагічнага майстэрства “Алімп” і змогуць узяць удзел у метадычных выездах для правядзення адкрытых урокаў і майстар-класаў ва ўстановах адукацыі раёна.

Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ,
в.а. загадчыка Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета.