Педагог-­бондар

- 10:09Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Добра, калі настаўнік дасканала ведае свой прадмет, а яшчэ лепш, калі мае захапленне, якім можа зацікавіць выхаванцаў. Астрамечаўскім школьнікам у гэтым плане пашанцавала. 

На ўроках тэхнічнай працы яны не толькі авалодваюць асновамі сталярнай справы, але і спасцігаюць сакрэты бондарства.

У педагогіку ўраджэнец Століншчыны Анатоль Адамавіч Сенькавец прыйшоў не адразу. Але з вышыні часу выбар настаўніцкай прафесіі бачыцца яму заканамерным.

У дзяцінстве цікаўнаму хлапчуку вельмі падабалася дапамагаць свайму дзядзьку Яўгену Іванавічу Бруцкаму, вядомаму на ўсю ваколіцу майстру сталярных работ. Анатоль захоплена назіраў за тым, як ва ўмелых руках звычайныя дошкі і брускі ператвараюцца ў дзверы, шыбы, табурэткі, сталы… Будучы “на падхваце”, падлетак паступова спасцігаў азы рамяства: вывучаў уласцівасці матэрыялаў і асаблівасці настройкі інструментаў, асвойваў простыя аперацыі па апрацоўцы драўніны.

А вось жыццёвую філасофію будучы педагог засвоіў у дзеда Анатоля Іванавіча, удзельніка Першай сусветнай вайны, заўзятага рыбака і паляўнічага. “Рамяство заўсёды з табой, не трэба ніякай торбы, каб яго пераносіць”, — гэтыя дзедавы словы адыгралі важную ролю ў асобасным і прафесійным станаўленні А.А.Сенькаўца.

Стаць педагогам ён не марыў. Пасля заканчэння школы і службы ў арміі паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, дзе набыў кваліфікацыю інжынера-механіка па сельскагаспадарчых машынах. На працягу 13 гадоў Анатоль Адамавіч шчыраваў у калгасах Гомельшчыны і Брэст­чыны: умацоўваў іх рамонтна-тэхнічную базу. Работа падабалася, але з-за напружаных сялянскіх будняў зусім не заставалася часу на дзіцячае захапленне, што вельмі засмучала. Хацелася цалкам прысвяціць сябе любімай справе.

Гэтае жаданне падтрымаў тагачасны дырэктар Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсц­кага раёна Анатоль Іванавіч Даніш, які прапанаваў былому вучню пасаду настаўніка тэхнічнай працы. А.А.Сенькавец з радасцю пагадзіўся, хаця адаптаваўся да новай работы амаль 2 гады. Дапамаглі яго працавітасць і настой­лі­васць. 

У школе Анатоль Адамавіч адразу арганізаваў гурток “Юны сталяр”, займацца ў якім было шмат жадаючых. Пад кіраўніцтвам творчага педагога дзеці выраблялі конаўкі, дзежкі, бочкі. Гурткоўцы паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах, выставах і алімпіядным руху. 

Асаблівая гордасць настаўніка — калекцыя адметных самаробных прылад і прыстасаванняў, некаторыя з якіх існу­юць у адзінкавым экзэмпляры і ўяўляюць сабой сімбіёз сялянскага вопыту і кемлівасці з сучаснай інжынернай думкай. Для вырабу многіх інструментаў выкарыстоўваліся дэталі сельскагаспадарчай і бытавой тэхнікі, адходы піларамы, другасная сыравіна. 

— На жаль, зацікавіць сучасных падлеткаў сталярнай справай, якой даводзіцца канкурыраваць з гаджэтамі, даволі цяжка, — заўважае А.А.Сенькавец. — Многім дзецям не хапае цярпення і ўседлівасці, хочацца хуткага выніку без адпаведнай падрыхтоўкі. Мая задача — сфарміраваць у школьнікаў базавыя працоўныя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ім у дарослым жыцці. Для гэтага неабходна заціка­віць дзяцей. Паколькі слу­хаць тэарэтычны матэрыял сумна, ра­зумна спалучаю яго з практыкай. Але галоўнае — матывую ўласным прыкладам. Паказваю, як трэба, і заўсёды падкрэсліваю: каб дасягнуць поспеху, варта шмат працаваць.

Педагог умее заразіць сваім энтузіязмам выхаванцаў, якія на дадатковых занятках вырабля­юць складаныя стульчыкі, біклагі, экзатычныя кумганы, бочачкі, цабэркі, дзежкі, ражкі. Сваім вопытам Анатоль Адамавіч шчодра дзеліцца з калегамі на майстар-класах, канферэнцыях і выставах. Акрамя таго, настаўнік як прафесійны рамеснік актыўна ўдзельнічае з уласнымі бондарскімі вырабамі ў кірмашах і фестывалях рознага ўзроўню. Яго работы адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі. 

Маляўнічы дом А.А.Сенькаўца з незвычайнай разной шалёўкай бачны здалёк. У вольны час педагог працуе ва ўласнай майстэрні і шкадуе, што ў сутках усяго 24 гадзіны. Цікавых задум у яго вельмі шмат. 

— Бондарства — адзін са спосабаў самарэалізацыі, — гаворыць Анатоль Адамавіч. — Прыемна, што любімая справа прыносіць карысць і іншым. Для творчага чалавека вельмі важна адчуваць сваю запатрабава­насць і значнасць работы, якой ён прысвяціў усё жыццё.

За гэта настаўніку можна не хвалявацца. Вынікі 24-гадовай педагагічнай дзейнасці пацвярджаюць і першае, і другое.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.