Пераемнасць

- 9:35Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Юлія Сяргееўна Дардзюк сябруе з навукай з дзяцінства. А інакш, напэўна, і быць не магло, калі дзядуля і маці — кандыдаты тэхнічных навук. 

Пётр Паўлавіч Строкач больш за 50 гадоў працаваў у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, дзе ў свой час узначальваў кафедру інжынерных сістэм і экалогіі. Падручнікамі прафесара карыстаюцца і сённяшнія студэнты. А вось Наталля Пятроўна Ялавая з’яўляецца прарэктарам па выхаваўчай рабоце БрДТУ.

— Навукай захапілася яшчэ ў 8 класе, калі правяла даследаванне, прысвечанае біяіндыкацыі, — гаворыць Юлія Сяргееўна. — У старшых класах вывучала якасць вады (пітной і не толькі), актыўна ўдзельнічала ў навукова-практычных канферэнцыях пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава і Маскоўскім энергетычным інстытуце. Ужо ў школьныя гады мела навуковыя публікацыі, якіх цяпер больш за 70. 

Нягледзячы на захапленне хіміяй і біялогіяй, пасля заканчэння брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна дзяўчына паступіла на будаўнічы факультэт БрДТУ. Выбраная спецыяльнасць (“Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”) прыцягвала не толькі добрымі перспектывамі на рынку працы, але і творчым характарам, што вельмі важна для Ю.С.Дар­дзюк. 

Вучоба цалкам супала з чаканнямі. Ва ўніверсітэце няўрымслівая студэнтка вярнулася да даследчай дзейнасці, але па новым ужо напрамку. Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры тэхналогіі бетону і будаўнічых матэрыялаў, доктара тэхнічных навук, прафесара Віктара Уладзіміравіча Тура Юлія Сяргееўна занялася дыягностыкай будаўнічых канструкцый.

Усё атрымлівалася і падабалася, але заставацца выкладаць ва ўніверсітэце Ю.С.Дардзюк не планавала: ірвалася на вытвор­часць. Паўтара года працавала ў Брэсцкім абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці і на чвэрць стаўкі ў БрДТУ па сумяшчальніцтве, пасля чаго канчаткова зразумела, што выкладчыцкая дзейнасць больш па душы. Скончыла магістратуру, паступіла ў аспірантуру. У 2020 годзе абараніла дысертацыю на тэму “Колькасная ацэнка тэхнічнага стану жалезабетонных канструкцый з каразійнымі і сілавымі пашкоджаннямі па выніках візуальнага абследавання”, а ў 2021 годзе ўзначаліла кафедру эканомікі і арганізацыі будаўніцтва.

Юліі Сяргееўне падабаецца і навуковая, і выкладчыцкая, і адміністрацыйная дзейнасць. Ю.С.Дар­дзюк — навуковы кіраўнік у 3 магістрантаў. Загадванне кафедрай разглядае як новы вопыт. Маладому кіраўніку з ахвотай дапамагаюць старэйшыя калегі.

Спыняцца на дасягнутым не ў характары 32-гадовай Юліі Сяргееўны, таму ў перспектыве яна плануе паступіць у дактарантуру. А пакуль марыць укараніць уласныя навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў тэхнічныя нарматыўна-прававыя даку­менты. 

— Уласным прыкладам падтрымліваю перспектыўную моладзь, развіваю навуковыя інтарэсы ў студэнтаў. У навуцы павінна быць пераемнасць пакаленняў, — падагульняе Ю.С.Дардзюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.