Поспех — у метадычнай логіцы ўрока

- 11:48Суразмоўца

З Валянцінай Мікалаеўнай Сіўковіч мы пазнаёміліся нядаўна. Ведаю яе былую вучаніцу, якая, напэўна, пераняла ад сваёй настаўніцы галоўнае — пачуццё роднай мовы. Я ўсё дзівілася, адкуль у яе такая здольнасць. Валянціна Мікалаеўна ў мовазнаўстве як матэматык: у яе ўсё дакладна і лагічна. Напэўна, гэта і стала прычынай папулярнасці яе вучэбных выданняў. Сёння яна дзеліцца з намі не толькі сакрэтамі поспеху, але і практычным вопытам.

Валянціна Мікалаеўна СІЎКОВІЧ нарадзілася ў 1952 годзе на Гродзеншчыне. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладала ва ўстановах сярэдняй і вышэйшай адукацыі беларускую і рускую мовы, рускую мову як замежную, рыторыку.

Валянціна Мікалаеўна — выкладчык-практык са шматгадовым педагагічным стажам. Падрыхтавала больш за трыццаць пераможцаў гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд школьнікаў па беларускай мове. Спецыялізуецца ў распрацоўцы вучэбных матэрыялаў і практычных дапаможнікаў па беларускай мове. Уваходзіла ў рэдакцыйную калегію часопіса “Беларуская мова і літаратура” (з 2001 па 2006 год).

Да выдання падрыхтавала наступныя падручнікі і дапаможнікі:

“Беларуская мова ў пытаннях і адказах” (за выключэннем 2010 года выходзілі штогод з 2004-га па 2015-ы);

“Беларуская мова. Кароткі даведнік” (таксама практычна штогод выходзіў з 2004-га, апошняе выданне было ў 2014 годзе);

“Беларуская мова. Практыкум для старшакласнікаў і абітурыентаў” (2005, 2006); “Сучасная беларуская мова. Даведнік” (2005); “Тэсты па беларускай мове” (2007); “Слоўнік беларускай мовы” (2012); “Беларуская мова. Сшытак для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання” (2014, 2017); “Беларуская мова. ЦТ за 60 урокаў” (2015, 2016).

— Валянціна Мікалаеўна, пачнём з вашага самага запатрабаванага дапаможніка, які ўжо вытрымаў 10 (!) перавыданняў. У чым сакрэт такой папулярнасці?

— У кнізе-даведніку “Беларуская мова ў пытаннях і адказах” сабраны матэрыял з асноўных раздзелаў мовазнаўства. Матэрыял аб’яднаны ў параграфы і пада­дзены ў форме пытанняў і адказаў. Пасля параграфаў або раздзелаў даюцца заданні на замацаванне тэмы і тэсты на вызначэнне ўзроўню валодання матэрыялам. У выданне ўключана 10 тэставых комплексаў для падрыхтоўкі да ЦТ. У канцы кнігі прыводзяцца адказы да ўсіх заданняў і ключы да тэстаў.

У кнізе сабраны арыгінальны дыдактычны матэрыял усіх ­узроўняў цяжкасці. Правапіс прадстаўлены і ў асобным раз­дзеле, і ў раздзелах “Словаўтварэнне” і “Марфалогія”. У даведніку паказаны ўсе віды моўнага разбору: фанетычны, графічны, арфаграфічны, лексічны, марфемны, словаўтваральны, марфалагічны (усіх часцін мовы), сінтаксічны і пунктуацыйны. Шмат тэкстаў з канкрэтнымі заданнямі, шэраг якіх можна дапоўніць аналізам стылю, моўных сродкаў, будовы тэксту, складаннем плана, тэзісаў, анатацый і рэфератаў.

Матэрыял кнігі можа быць выкарыстаны абітурыентамі пры падрыхтоўцы да вуснага экзамену і пісьмовых тэстаў (асобна падаюцца парады, як да кожнага віду кантролю рыхтавацца), а таксама настаўнікамі і вучнямі школ, ліцэяў і гімназій для сістэматызацыі ведаў па беларускай мове.

Шмат карыснага знойдуць у выданні студэнты-практыканты і выкладчыкі, якія толькі пачынаюць сваю педагагічную дзейнасць, паколькі сістэма пытанняў у кожным параграфе падказвае метадычную логіку ўрока.

— Некалькі вашых выданняў прысвечаны падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Тут я маю на ўвазе такія, як “Беларуская мова. ЦТ за 60 урокаў” і “Беларуская мова. Сшытак для абітурыентаў”. Скажыце, да ЦТ сапраўды можна падрыхтавацца за 60 урокаў?

— Можна. А калі вучні здольныя, то і за 30. Практычны дапаможнік “ЦТ за 60 урокаў” прызначаны для сістэматызацыі і паглыблення ведаў па беларускай мове пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

Увесь матэрыял выдання скіраваны на выпрацоўку ўмення карыстацца нарматыўнымі моўнымі адзінкамі, знаходзіць парушэнне нормы і выпраўляць памылкі, што дапаможа ўдасканаліць арфаграфічную і пунктуацыйную пісьмен­насць, а таксама павысіць моўную культуру ў цэлым. Матэрыял размеркаваны на 60 урокаў і пададзены тэматычна, што павінна дапамагчы падрыхтавацца да ЦТ і паспяхова прайсці яго.

Калі гаварыць пра структуру дапаможніка, то першы ўрок — пробны тэст. Урокі з 2-га па 59-ы — тэорыя і практыка па тэмах ЦТ. А апошні, 60-ы, урок — кантрольны тэст. У канцы даюцца ключы да тэстаў.

Структура ўрокаў наступная:

Першая частка — праверачныя тэсты. Іх мэта — выявіць тыя тэматычныя пазіцыі, у якіх дапускаюцца памылкі, што дапаможа навучэнцам пракантраляваць сябе, рэальна ацаніць свае веды і ўменне выконваць тэсты.

Другая частка — даведачны матэрыял (тэорыя) па тэме ўрока (усе пазіцыі ілюструюцца фактычным моўным матэ­рыялам). Тут мэта — знайсці тыя правілы, якія дапамогуць ліквідаваць прабелы ў ведах.

Трэцяя частка — варыянты кантрольных тэстаў па тэме, мэтай якіх з’яўляецца паўторная праверка і замацаванне ­матэрыялу тэмы. У некаторыя тэмы ўключана паўтарэнне ­папярэдняга матэрыялу.

Усе тэсты складзены на ўзор тых, што выкарыстоўваліся на ЦТ у папярэднія гады, з улікам спецыфічных цяжкасцей засваення тэарэтычнага матэрыялу пэўнай тэмы. Дапаможнік прызначаны як для самастойнай падрыхтоўкі старшакласнікаў і абітурыентаў, так і для працы пад кіраўніцтвам настаўнікаў.

— А сшытак для абітурыентаў — лагічны працяг “Беларускай мовы ў пытаннях і адказах” і “ЦТ за 60 урокаў”?

— Так, гэтае выданне ўяўляе сабой пашыраную практычную частку да названых вамі дапаможнікаў. У ім прадстаўлены матэрыялы па лексікалогіі і фразеалогіі, фанетыцы, арфаэпіі і акцэнталогіі, арфаграфіі і пунктуацыі, слова­ўтварэнні і стылістыцы, а таксама практыкаванні і тэсты, якія дапама­гаюць выпраца­ваць навыкі аналізу тэкстаў.

Практычны дапаможнік змяшчае практыкаванні ­(І част­ка), тэматычныя тэсты (ІІ частка), узор тэставага комплексу (ІІІ частка), а таксама адказы да практыкаванняў і ключы да тэстаў, што дазволіць кожнаму навучэнцу вызначыць ступень сфармірава­насці неабходных навыкаў па ўсіх раздзелах граматыкі, рэальна ацаніць свае веды і прааналізаваць памылкі. Дапаможнік можна выкарыстоўваць як рабочы сшытак.

Выконваючы практыкаванні, абі­турыент мае магчы­масць паўтарыць і замацаваць вучэбны матэрыял па ўсіх тэмах школьнага курса беларускай мовы. Тэматычныя тэсты скла­дзены з улікам спецыфічных цяжкасцей пры засваенні пэўных норм беларускай мовы, таму пры іх выкананні можна вызна­чыць, якія тэмы дастаткова паўтарыць, а якія давядзецца выву­чыць з нуля. Мяр­кую, што дапаможнік будзе карысным таксама настаўнікам беларускай мовы агульна­адукацыйных школ і падрыхтоўчых курсаў для мэтанакіраванай працы па фарміраванні правапісных уменняў падчас правядзення вучэбных і кантрольных заняткаў, а таксама для развіцця лінгвістычнага мыслення, удасканалення культуры маўлення.

— Валянціна Мікалаеўна, зыходзячы з вашага практычнага досведу, што можаце параіць нашым настаўнікам пры падрыхтоўцы вучняў да ЦТ па беларускай мове?

— 1. Каб высветліць узровень ведаў па тэмах — падчас групавых заняткаў у пачатку навучання рабоце з тэстамі — даць заданні рознага ўзроўню (у класе з дваццаццю вучнямі прыкладна чатыры варыянты), каб псіхалагічна падтрымаць слабейшых вучняў.

  1. Паказаць вучням, як зрабіць канспект — лепш у табліцах.
  2. Навучыць дзяцей весці сшытак, каб было некалькі раз­дзелаў: для тэорыі, для практыкуму, для слоўнікавых слоў і г.д.
  3. Давесці да ведама вучняў, што пэўныя тэмы патрабуюць разумення і лагічнага падыходу (напрыклад, тэма “Члены сказа”), іншыя ж патра­буюць завучвання правіл па пунктах на памяць.
  4. Вучыць самаправерцы і самакантролю.
  5. Ведаць, якія пазіцыі выбіраюцца для ЦТ у кожнай тэме. Гэта даволі лёгка зрабіць, аналізуючы матэрыялы для цэнтралізаванага тэсціравання. Напрыклад, у тэме “Аднародныя члены сказа” гэта будуць наступныя пазіцыі:
  • О ды О (ды = і);
  • О і О ды О (розныя злучнікі аднаго тыпу);
  • О, О і О — О;
  • О : О, О, О — …;
  • О, і О, і О (тры аднародныя члены, перад першым няма злучніка).
  1. Не абмяжоўвацца тэмай урока. Любыя матэрыялы: словы, сказы, тэксты, практыкаванні, тэсты — выкарыстоўваць для паўтарэння па ўсіх магчымых кірунках (фанетычныя і арфаэпічныя характарыстыкі, лексічныя характарыстыкі, граматычныя катэгорыі і граматычныя формы, члены сказа, будова сказа).

— Вы склалі і кароткі даведнік па беларускай мове. Зыходзячы з фармату, можна сказаць, што гэта такая адмысловая шпаргалка, але для больш шырокага кола карыстальнікаў.

— Выданне адрасавана вучням агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў, для абітурыентаў, студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей ВНУ і настаўнікаў. У невялікай па аб’ёме кнізе даецца сістэматызаваны выклад правіл напісання слоў і пастаноўкі знакаў прыпынку, якія прыняты ў сучаснай пісьмовай практыцы, а таксама прыклады іх ужывання. Прыведзены таксама дадатковы матэрыял, які дапаможа карыстальніку даведніка паглыбіць свае веды па беларускай мове. Навучэнцам і абітурыентам выданне бу­дзе вельмі карысным пры падрыхтоўцы да заняткаў, алімпіяд, да цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных экзаменаў у ВНУ.

— У арсенале вашых выданняў ёсць “Слоўнік беларускай мовы”. Не скажу, што ён выбіваецца з лагічнага ланцужка (слоўнік заўсёды быў настольнай кнігай філолага), але ж гэта зусім іншага фармату работа. Каб скласці слоўнік, трэба і час, і цярплівасць, і ўседлівасць, і валоданне адпаведнай методыкай.

— Так, сапраўды, але я вельмі люблю беларускае слова. Мовазнаўства — гэта мая стыхія. “Слоўнік беларускай мовы” грунтуецца на правілах, якія ўведзены ў дзеянне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятым
23 ліпеня 2008 года.

Крыніцамі слоўніка з’яўляюцца наступныя выданні:

1. Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. ­Акцэнтуацыя. Словазмяненне. Пад рэд. М.В.Бірылы. — Мн.: 1987.

2 Тлумачальны слоў­нік беларускай літаратурнай мовы. Пад рэд. М.Р.Судніка і М.Н.Крыўко. — Мн.: 1996.

У слоўнік уключана прыкладна 33 тысячы слоў, якія размешчаны ў алфавітным парадку. Пры адборы лексічнага матэрыялу і памет, пры выбары граматычных форм слоў, а таксама ўмоўных скарачэнняў быў скарыстаны вопыт складання і афармлення вышэйназваных слоўнікаў.

Слоўнік змяшчае не толькі самую ўжывальную лексіку сучаснай бела­рускай мовы, але і словы абмежаванага ўжытку, якія могуць выклікаць цяжкасці пры напісанні: некаторыя тэрміны, устарэлыя словы, дыялектызмы (абласныя словы) і словы размоўнага стылю, якія пашыраны ў мове мастацкай літаратуры. У слоўніку прыводзяцца складанаскарочаныя словы (абрэвіятуры) рознага ўтварэння. Уведзены найменні асоб, звязаных з рознымі рэлігіямі. Падаюцца геаграфічныя і астранамічныя ­назвы, цяжкія для напісання, а таксама наз­вы міфалагічных і казачных герояў. Прадстаўлены новыя іншамоўныя словы, якія раней уваходзілі толькі ў спецыяльныя слоўнікі або ўвогуле не былі зафіксаваны. Такім чынам, карыстальнік мае магчымасць атрымаць сукупныя звесткі пра напісанне большасці слоў беларускай мовы і іх граматычных форм, пра варыянты лексічных адзінак і граматычных форм у адпаведнасці з новымі правапіснымі нормамі.

Націск паслядоўна прастаўлены над кожным рэестравым словам, за выключэннем аднаскладовых. У беларускай мове шмат слоў з рухомым націскам, што выклікае пэўныя цяжкасці ва ўжыванні правільных граматычных форм слоў, таму ў слоўніку пасля ўсіх зменных рэестравых слоў прадстаўлены тыя іх граматычныя формы, у якіх мяняецца месца націску (пабочны націск у складаных словах не падаецца). Трэба мець на ўвазе таксама, што акцэнтныя сістэмы беларускай і рускай моў шмат у чым разыходзяцца, але пры наяўнасці двухмоўя нельга пазбегнуць узаемаўплыву адной мовы на другую, таму пры засваенні літаратурнай нормы неабходна карыстацца слоўнікам.

— Згодна з вамі. Вялікі дзякуй за цікавую і змястоўную размову.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.