Прафарыентацыйная субота

- 17:26Нам пішуць

Кім быць? Якую прафесію выбраць? Гэтыя пытанні хвалююць многіх выпускнікоў школы. Адказ на іх можна было знайсці падчас прафарыентацыйнай экскурсіі, што была арганізавана ў шосты школьны дзень для дзевяцікласнікаў Паляцкішскай сярэдняй школы ў Воранаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці.

У фае каледжа школьнікаў ветліва сустрэла метадыст Лілія Вацлаваўна Гайдукевіч. Яна правяла аглядную экскурсію па вучэбных кабінетах, прадэманстравала лабараторна-практычныя класы, расказала аб узроўнях навучання ў каледжы.

Цікавай была сустрэча вучняў з выкладчыкамі прафтэхкаледжа. Асабліва запамінальным было выступленне выкладчыка грамадскіх дысцыплін Яны Уладзіміраўны Івановай. Яна расказала пра дзейнасць установы прафесійнай адукацыі і яе дасягненні, аб навучэнцах і выпускніках, якія з’яўляюцца гонарам каледжа, прадэманстравала відэаролік пра навучальную ўстанову. Яна Уладзіміраўна расказала аб ролі рабочых прафесій у сучасным грамадстве, аб патрабаваннях, якія прад’яўляюць да чалавека кожная прафесія і спецыяльнасць.

Вучні прынялі ўдзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні на тэму “Беларусь мая сінявокая”, падчас якой пазнаёміліся з конкурснай работай навучэнкі каледжа Віялеты Ёдзіс “Радзімы спадчына — мой гонар”, якая ў 2016 годзе была пераможцай рэспубліканскага конкурсу ў рамках акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Пасля інтэлектуальнай гульні экскурсія была прадоўжана. Цікавасць у школьнікаў выклікала наведванне камп’ютарнага класа, швейнай майстэрні, кабінета па вывучэнні правіл дарожнага руху. У прысутнасці майстра вытворчага навучання Івана Віктаравіча Кажамякі вучням была прадастаўлена магчымасць пакіраваць аўтамабілем. Гэтую магчымасць выкарысталі не толькі юнакі, але і дзяўчаты.

Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.