Прыярытэтны напрамак даследаванняў — БУДАЎНІЦТВА

- 17:12Рознае, Суразмоўца

За Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам замацавалася рэпутацыя сур’ёзнага дзелавога партнёра ў галіне інтэграцыі навукі і вытворчасці. Многія распрацоўкі выкладчыкаў паспяхова ўкараняюцца на прамысловых прадпрыемствах не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Падчас міжнародных кірмашоў і выстаў тэхнічныя дасягненні брэсцкіх навукоўцаў ніколі не застаюцца незаўважанымі і заўсёды атрымліваюць узнагароды. Пра распрацоўкі ўніверсітэцкіх выкладчыкаў і асаблівасці арганізацыі навуковай дзейнасці ў БрДТУ расказвае прарэктар па навуковай рабоце кандыдат фізіка-матэматычных навук Уладзімір Сцяпанавіч РУБАНАЎ.

— Па якіх напрамках ва ўніверсітэце вядзецца навуковая дзейнасць?
— Навуковая дзейнасць ва ўніверсітэце ажыццяўляецца па прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне будаўніцтва, энерга- і рэсурсазберажэння, рацыянальнага прыродакарыстання, інфармацыйных тэхналогій, машынабудавання і эканомікі. Так, нашы навукоўцы распрацоўваюць новыя метады і праграмы разлікаў будаўнічых канструкцый, канструктыўных і тэхналагічных рашэнняў аднаўлення эксплуатацыйных характарыстык будынкаў, закладваюць тэарэтычныя асновы стварэння аптымальных па трываласці і ўстойлівасці будаўнічых канструкцый з новых матэрыялаў. Акрамя таго, навукоўцы займаюцца пошукам канструктыўных, тэхналагічных і арганізацыйных рашэнняў па ўладкаванні падмуркаў будынкаў і прагназаваннем характарыстык уласцівасцей матэрыялаў.
У машынабудаванні распрацоўваюцца рэсурсазберагальныя і ўмацоўваючыя тэхналогіі, навукова абгрунтаваныя метады зніжэння матэрыялаёмістасці, павышэння трываласці, надзейнасці і эксплуатацыйных уласцівасцей механізмаў і машын, а таксама метады і сродкі дыягностыкі механічных прывадаў.
У галіне прыродакарыстання даследуюцца, распрацоўваюцца і ўкараняюцца прагрэсіўныя сістэмы водаспажывання і водаадвядзення, распрацоўваюцца рацыянальныя рэсурсазберагальныя тэхналогіі, скіраваныя на абарону навакольнага асяроддзя, навуковыя асновы ацэнкі гідраметэаралагічных характарыстык ва ўмовах сучаснага змянення клімату, праводзяцца тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні новых метадаў спальвання апалу.
Даволі цікавыя напрацоўкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Сярод іх варта вылучыць распрацоўку матэматычных і камп’ютарных мадэлей, камп’ютарных тэхналогій і інтэлектуальных сістэм апрацоўкі, абароны і перадачы інфармацыі, падтрымкі і прыняцця рашэнняў. Вядуцца даследаванні і распрацоўка лазерных, оптыка-, мікра- і радыёэлектронных тэхналогій і сістэм.
Не застаецца без увагі і эканоміка. Тут даследуюцца праблемы павышэння інвестыцыйнай актыўнасці і інавацыйнай дзейнасці прадпрыемстваў народна-гаспадарчага комплексу рэгіёнаў. Вынікам гэтай работы з’яўляюцца прапановы па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў.
Летась навукоўцы выконвалі 139 тэм даследаванняў, з якіх 20 фінансаваліся са сродкаў дзяржаўнага бюджэту і 119 — па гаспадарчых дагаворах з заказчыкамі. Акрамя таго, выконвалася 14 заданняў у рамках 7 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў: “Механіка, тэхнічная дыягностыка, металургія”, “Функцыянальныя і кампазіцыйныя матэрыялы, нанаматэрыялы”, “Электроніка і фатоніка”, “Інфарматыка і космас, навуковае гарантаванне бяспекі і абароны ад надзвычайных сітуацый”, “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы, прыродна-рэсурсны патэнцыял”, “Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі”, “Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава”.
На фінансаванне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх (тэхналагічных) работ летась было затрачана каля 1,6 мільярда рублёў з рэспубліканскага бюджэту і амаль 3,3 мільярда рублёў пазабюджэтных сродкаў. Набыта абсталяванне на суму 1,4 мільярда рублёў. Такім чынам, агульны аб’ём фінансавання склаў 6,3 мільярда рублёў, а аб’ём экспарту па выніках мінулага года перавысіў 700 мільёнаў рублёў.
У 2013 годзе было пададзена 46 заявак на вынаходкі і карысныя мадэлі, атрымана 54 патэнты, апублікавана 13 манаграфій (5 за мяжой), 39 вучэбных дапаможнікаў і канспектаў лекцый, 6 нумароў навукова-тэарэтычнага часопіса “Веснік БрДТУ”, 15 зборнікаў матэрыялаў навуковых канферэнцый, 620 навуковых артыкулаў і 556 тэзісаў дакладаў. Праведзена 20 канферэнцый, з якіх 13 — міжнародныя.

— Назавіце прыклады найбольш значных і актуальных даследаванняў навукоўцаў. У чым іх вартасць і дзе яны могуць быць запатрабаваны?
— Прыярытэтным напрамкам даследаванняў з’яўляецца будаўніцтва. Так, БрДТУ прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы і ўкараненні еўрапейскіх стандартаў у айчынную будаўнічую практыку. Сёння гэтыя стандарты выкарыстоўваюцца ў рабоце.
Ва ўніверсітэце працуе акрэдытаваны выпрабавальны цэнтр, які праводзіць для будаўнічых арганізацый агульныя і дэталёвыя абследаванні будынкаў, грунтоў падмуркаў, тэхнічнага стану фундаментаў, апорных і абгароджвальных канструкцый, вузлоў і дэталей, інжынерных сістэм і камунікацый і інш.
Нашы навукоўцы паспяхова ўкараняюць металічную структурную канструкцыю сістэмы “БрДТУ” з вузламі з полых шароў, якая дазваляе перакрываць пралёты звыш 120 метраў і ствараць любыя архітэктурныя формы. Будаўнічыя канструкцыі серыйна выпускаюцца на ААТ “Брэстмаш”. Выкарыстанне такой канструкцыі (у параўнанні з іншымі структурнымі сістэмамі) дазваляе скараціць расход сталі да 20% на адзін квадратны метр пакрыцця будынка, зменшыць працазатраты на будаўнічай пляцоўцы, скараціць тэрміны ўзвядзення ў 1,5 разу і кошт — на 10—20%. Канструкцыя пераканаўча даказала абсалютную надзейнасць і трываласць аб’ектаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Казахстане, заваявала міжнароднае прызнанне, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на тэхнічных выставах за мяжой.
Навукоўцы БрДТУ распрацавалі, вырабілі і ўкаранілі ў вытворчасць комплекс машын і агрэгатаў для перапрацоўкі і другаснага выкарыстання пакрыццёвых бітумных адходаў. Сёння гэтае абсталяванне вырабляецца па ліцэнзійным дагаворы.
Распрацоўка дазваляе ажыццяўляць механізаванае зняцце слаёў бітумных пакрыццяў з наступным сухім драбненнем адходаў у парашок, які раздзяляецца на фракцыі. Пасля гэтага вырабляюцца гарачыя і халодныя асфальтавыя сумесі, якія выкарыстоўваюцца найперш для рамонту дарог.
Абсталяванне ўяўляе цікавасць для будаўнічых арганізацый, занятых эксплуатацыяй і рамонтам дахавых пакрыццяў будынкаў і дарожным рамонтам. Акрамя таго, абсталяванне можна выкарыстоўваць пры будаўніцтве палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, а таксама на палігонах па захаванні таксічных цвёрдых адходаў.
Вяжучыя бітумныя парашкі асабліва мэтазгодна выкарыстоўваць на будаўнічых аб’ектах у цяжкадаступных і аддаленых ад энергетычных цэнтраў месцах, у суровых кліматычных раёнах, пры экстраннай ліквідацыі аварыйных сітуацый на будаўнічых аб’ектах і дарогах, а таксама пры абароне ад уздзеяння таксічных прамысловых рэчываў.
У навукова-даследчай лабараторыі “Пульсар” распрацаваны парагазагенератар на аснове пульсуючага гарэння вадкага ці газападобнага паліва. Сёння ён вырабляецца па ліцэнзійным дагаворы на Брэсцкім радыётэхнічным заводзе.
Канструкцыя парагазагенератара ўяўляе сабой камеру пульсуючага гарэння (тэмпература факела ўнутры каля 1200°С), апушчаную ў вадзяную ванну з элементамі падачы вады. Пры ахалоджванні сценак камеры вадой утвараецца пара. Пульсуючае гарэнне дазваляе спальваць паліва без недапалаў. Шкодныя і непажаданыя злучэнні ў прадуктах згарання адсутнічаюць, а змяшэнне пары з газавым патокам дае цепланосьбіт — парагаз высокай якасці для тэрмавільготнаснага ўздзеяння.
Парагазагенератар максімальна набліжаны да прапарачнай камеры, з-за чаго адсутнічаюць цеплавыя страты на цеплатрасе і праз дымавыя трубы, паколькі для эксплуатацыі ПГГ яны не патрэбны. Апарат аўтаномны і транспартабельны (мае ўласнае шасі ці перавозіцца на платформе).
Парагазагенератар можа выкарыстоўвацца для атрымання сумесі вадзяной пары і чыстых газападобных прадуктаў для тэрмавільготнаснай апрацоўкі розных матэрыялаў (драўніна, адходы), ачысткі чыгуначных цыстэран ад рэшткавага мазуту, прапаркі сельгасматэрыялаў, стварэння ў цяпліцах вільготнага цёплага асяроддзя з вуглякіслым газам і інш. ПГГ можна прымяняць не толькі ў заводскіх умовах, але і непасрэдна на будаўнічых пляцоўках. На аснове парагазагенератара могуць функцыянаваць воданагравальныя агрэгаты і сістэмы плаўлення снегу.
Падпісаны Дагавор аб вытворчасці геліяўстаноўкі “Прамень”, распрацаванай у НДЛ “Пульсар”, з польскімі партнёрамі. Цяпер праект знаходзіцца на перадвытворчай стадыі: завяршаецца зборка і наладка эталоннага ўзору.
Геліяўстаноўка прызначана для ўлоўлівання і канцэнтрацыі сонечных прамянёў на сферычным фокусе, перадачы цеплаты, якая там утвараецца, цепланосьбіту (вадзе) і збору нагрэтага цепланосьбіту ў баку-акумулятары для далейшай раздачы спажыўцам. Інавацыйным складнікам распрацоўкі з’яўляецца ўнікальная рухомая аптычная сістэма, якая ўлоўлівае сонечныя прамяні з наступнай перадачай энергіі цепланосьбіту (вадзе).
Працягваецца актыўная работа ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Сярод распрацовак асаблівую ўвагу прыцягвае актыўны модуль абароны камп’ютарных сетак, засна-ваны на метадах штучных нейронных сетак і штучных імунных сістэм (унікальнасць модуля заключаецца ў яго самаабнаўляльнасці, дзякуючы чаму ён пераўзыходзіць па эфектыўнасці вядомыя антывірусныя праграмы). Цікавая таксама нейрасеткавая сістэма выяўлення эпілептычнай актыўнасці, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне для аналізу і атрымання дадатковай інфармацыі аб сігналах электраэнцэфалаграмы, што дазваляе ставіць больш дакладны дыягназ. Вялікія перспектывы выкарыстання маюць таксама мабільныя робаты (робат для адукацыйных мэт, роба-футбольная каманда і інш.).
Сёлета плануецца распрацаваць праграмную сістэму для даклінічнага распазнавання транзіторных ішэмічных атак. Такая сістэма дазволіць папярэдзіць рызыку наступных эпізодаў і іх пераход у мазгавы інсульт.
Распрацоўшчыкі БрДТУ разам з калегамі з БНТУ, БДЭУ і ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі, Грэцыі і Італіі пачалі рэалізацыю праекта “Беларуская сетка дарожнай бяспекі” ў рамках еўрапейскай праграмы TEMPUS. Памер гранта — больш за 1 мільён еўра.
Варта таксама згадаць эканамічны праект “Стварэнне сістэмы ацэнкі інавацыйных рызык, маніторынгу інавацыйнай актыўнасці рэгіёна і экспертызы інавацыйных праектаў”, фінансаванне якога ажыццяўляецца за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Брэсцкага аблвыканкама. Каманда спецыялістаў распрацуе праект па стварэнні інфармацыйна-кансалтынгавай інфраструктуры з мэтай развіцця інавацыйнага патэнцыялу суб’ектаў гаспадарання Брэстчыны і яго далейшай рэалізацыі ў розных сферах эканомікі.

— Ці адпавядае патэнцыял універсітэта запытам сучаснай навукі?
— Ва ўніверсітэце працуе звыш 20 дактароў і 180 кандыдатаў навук; у аспірантуры, якая ажыццяўляе падрыхтоўку па 14 навуковых спецыяльнасцях, вучыцца каля 40 аспірантаў. Летась выпускнікі абаранілі 6 дысертацый на саісканне вучонай ступені кандыдата навук. Пры ўніверсітэце дзейнічае спецыялізаваны Савет па абароне дысертацый на саісканне вучонай ступені кандыдата тэхнічных навук па спецыяльнасцях “Будаўнічыя канструкцыі, будынкі і збудаванні” і “Будаўнічыя матэрыялы і вырабы”.

— Наколькі плённым і выніковым з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва ў навуковай сферы?
— Міжнародная дзейнасць універсітэта даволі актыўная і ажыццяўляецца ў галіне навукова-тэхнічнага і праектнага супрацоўніцтва. Геаграфія гэтага супрацоўніцтва вельмі шырокая: Расія, Украіна, Грузія, Азербайджан, Малдова, Арменія, Польшча, Літва, Германія, Фінляндыя, Чэхія, Венгрыя, Італія, Іспанія, Партугалія, Ірландыя, Францыя, В’етнам, Інданезія, Кітай і Паўднёвая Карэя.
Універсітэт даўно і плённа ўдзельнічае ў праграмах і праектах міжнароднага маштабу. Так, летась БрДТУ быў задзейнічаны ў 5 міжнародных праектах, кожны з якіх атрымае далейшае развіццё сёлета, а некаторыя — і ў наступныя гады. Так, мэта праекта “Усходне-заходняя еўрапейская частка вышэйшай тэхнічнай адукацыі” (EWENT) на 2012—2016 гады, які рэалізуецца ў рамках праграмы Erasmus Mundus, заключаецца ў запуску даследчай і адукацыйнай сеткі, якая аб’ядноўвае ўніверсітэты Еўрапейскага саюза, Беларусі, Малдовы і Украіны.
Рэалізацыя праекта па зніжэнні эўтрафікацыі Балтыйскага мора на сучасным этапе (PRESTO), які разлічаны на 2011—2014 гады і ажыццяўляецца ў рамках праграмы “Рэгіён Балтыйскага мора 2007—2013”, павінна зменшыць насычэнне вадаёмаў біягеннымі элементамі, павысіць кваліфікацыю абслуговага тэхнічнага персаналу на каналізацыйных ачышчальных збудаваннях, навучыць інжынераў-праекціроўшчыкаў з праектных інстытутаў і выкладчыцкі склад кафедр водазабеспячэння і водаадвядзення тэхнічных універсітэтаў Беларусі, удасканаліць праграмы навучання студэнтаў на гэтых кафедрах.
Праект “Распрацоўка тэхналогіі для будаўніцтва экалагічна чыстых і энергаэфектыўных дамоў з кампазітнымі напаўняльнымі канструкцыямі” ажыццяўляецца ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”. Падчас рэалізацыі праекта плануецца выкарыстоўваць алейныя расліны (напрыклад, лён) пры вытворчасці будматэрыялаў для стварэння сценавых канструкцый энергазберагальных дамоў.
Летась нашы распрацоўкі былі прадстаўлены не толькі на беларускіх выставах, але і ў Расіі, Казахстане, Германіі, Малайзіі, Манголіі і Японіі.

— Якія планы і перспектывы развіцця БрДТУ ў навуковай галіне на бліжэйшы час?
— Найперш мы маем намер пашырыць удзел універсітэта ў выкананні дзяржаўных праграм рознага ўзроўню, рэгіянальнай праграмы Брэстчыны, міжуніверсітэцкіх праграм, міжнародных навукова-тэхнічных праектаў і міжнародных праграм акадэмічнай мабільнасці. Плануем удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу навуковых даследаванняў, працягваць развіццё маркетынгавай, выставачнай і пазабюджэтнай дзейнасці, скіраванай на эфектыўную рэалізацыю навукова-тэхнічнага патэнцыялу ўніверсітэта.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.