Прызванне школы — захаваць вёску

- 14:47Нам пішуць

Выбар прафесіі — важны этап у жыцці кожнага. У шосты школьны дзень адзін з асноўных кірункаў работы ў Нягневіцкай сярэдняй школе — прафарыентацыйная работа.

Адным з важных момантаў у выбары прафесіі з’яўляецца наведванне дзён адкрытых дзвярэй ва ўстановах. Вучні 9 класа нашай школы з вялікім задавальненнем пабывалі на экскурсіі ў Навагрудскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Ліцэй рыхтуе кваліфікаваныя рабочыя кадры для аграпрамысловага комплексу, будаўнічай індустрыі і харчовай прамысловасці. Падлеткі пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, з умовамі адукацыі і адпачынку, з асноўнымі прафесіямі: электрагазазваршчыка, трактарыста-машыніста, вадзіцеля катэгорыі С, афіцыянта і кухара. Колькі задавальнення атрымалі яны, калі ўдзельнічалі ў майстар-класах! Кожны жадаў праехаць на трактары або аўтамабілі, пазнаёміцца з іх механізмамі і будовай, патрымаць у руках зварачны апарат, напекчы аладак, накрыць прыгожа стол і па этыкету прыняць гасцей. Скончылася сустрэча чаяваннем.

Цеплая атмасфера ўстановы, дабрыня і шчырасць педагогаў і студэнтаў, напэўна, дапамаглі вучням з выбарам прафесіі.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.