Расце цікавасць моладзі да тэхнічных спецыяльнасцей

- 11:47Суразмоўца

Нягледзячы на тое, што прырода падарыла нам чатыры месяцы зімы, усё ж пазбаўляць вясенніх клопатаў выпускнікоў яна не збіраецца. Таму, безумоўна, для моладзі актуальнай стане сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела сярэдняй спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства Людмілай Віктараўнай Гулінай-Галубковай, якая дзеліцца з нашымі чытачамі сваімі меркаваннямі аб развіцці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Якія шляхі аптымізацыі чакаюць яе ў хуткім часе, што новага будзе ў сёлетняй прыёмнай кампаніі, што такое “рэгіянальны каледж” – усё гэта і яшчэ шмат іншага ў цэнтры ўвагі спецыяліста.

— Людміла Віктараўна, як сёння выглядае сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі на фоне тых эканамічных пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў нашай краіне?
— Сярэдняя спецыяльная адукацыя разам з іншымі ўзроўнямі прафесійнай адукацыі вырашае задачу забеспячэння эканомікі кваліфікаванымі, практыка-арыентаванымі спецыялістамі і спрыяе сацыяльнай адаптацыі моладзі і яе прафесійнаму станаўленню.  Л.В. Гуліна-ГалубковаРазвіццё сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы на 2011—2015 гады. Спецыялісты з гэтым узроўнем адукацыі складаюць 23 працэнты ад агульнай колькасці працуючых ва ўсіх галінах эканомікі. Калі паглядзець у разрэзе галін, то найбольшая колькасць работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй заняты ў ахове здароўя і сацыяльным забеспячэнні — 44 працэнты (практычна палова), у культуры — 37 працэнтаў, у сферы фінансаў, крэдытавання і страхавання — 31 працэнт, у мастацтве — 27,5 працэнта, у прамысловасці — 20,4, у будаўніцтве і сельскай гаспадарцы пароўну — па 17,6 працэнта.

— Ці змяняецца інтарэс нашай моладзі да сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Якія спецыяльнасці найбольш папулярныя?
— Па сутнасці, з гадамі гэты інтарэс не змяншаецца. У нас каля 15 працэнтаў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ паступаюць ва ўстановы, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сярод іх 213 дзяржаўных і 12 прыватных. Усе ўстановы раўнамерна распаўсюджаны па тэрыторыі краіны, што забяспечвае наяўнасць адукацыйных паслуг непасрэдна па месцы жыхарства нашых патэнцыяльных абітурыентаў. Штогод на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступае парадку 50 тысяч чалавек. Спектр спецыяльнасцей вельмі шырокі, і сёння прыём ажыццяўляецца амаль па 170 спецыяльнасцях. Узрастае інтарэс абітурыентаў на спецыяльнасці тэхнічнага профілю, якія сёння запатрабаваны ў эканоміцы. У папярэдняе дзесяцігоддзе мы адчувалі вялікі наплыў маладых людзей на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці, забытымі заставаліся тэхнічныя спецыяльнасці, на якія адчуваўся спад пры паступленні. Сёння назіраецца вялікая цікавасць моладзі да такіх тэхнічных спецыяльнасцей, як “Цеплаэнергетыка”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Аўтаматызацыя вытворчасці”, “Аўтасэрвіс”, “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння” і іншыя.

— Як забяспечана метадычнае суправаджэнне сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі?
— Сістэма навукова-метадычнага забеспячэння сярэдняй спецыяльнай адукацыі засноўваецца на выніках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у сферы адукацыі. Змест сярэдняй спецыяльнай адукацыі абнаўляецца ў адпаведнасці з развіццём галін вытворчасці, эканомікі і сацыяльнай сферы, карэкціруецца з улікам патрабаванняў заказчыкаў кадраў. Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца згодна з адукацыйнымі стандартамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія распрацаваны па ўсіх спецыяльнасцях.

— Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з работадаўцамі?
— З уступленнем у сілу Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь была ўстаноўлена сістэма ўзаемадзеяння заказчыкаў кадраў з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Навучальныя ўстановы гэтага ўзроўню заключылі дагаворы з прадпрыемствамі на падрыхтоўку кадраў. Цяпер фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму ажыццяўляецца пры пацвярджэнні не менш чым 80 працэнтаў заяўкамі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў, і адначасова ідзе скарачэнне прыёму на спецыяльнасці і спецыялізацыі, па якіх размеркаванне маладых спецыялістаў складае менш за 90 працэнтаў. Як вынік, павысілася адраснасць падрыхтоўкі, палепшыліся паказчыкі працаўладкавання выпускнікоў. Калі параўноўваць, напрыклад, з 2006 годам, то тады было толькі 85 працэнтаў размеркавання выпускнікоў, а ўжо ў мінулым годзе — 96 працэнтаў.
Дагаворная сістэма працуе эфектыўна і дазваляе забяспечваць аб’ёмы падрыхтоўкі на перспектыву згодна з патрэбамі: колькі, каго і па якіх профілях. Сёння ў сваёй большасці прадпрыемствы зацікаўлены ў якасці падрыхтоўкі кадраў і дапамагаюць у гэтым навучальным установам. У першую чаргу гэта тычыцца матэрыяльнай падтрымкі пры абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Акрамя таго, адчуваецца адказнасць і актыўнасць заказчыкаў кадраў і ў фарміраванні зместу прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Яны з’яўляюцца аднымі з распрацоўшчыкаў вучэбных планаў, удзельнічаюць у атэстацыі навучэнцаў, у рэцэнзаванні курсавых і дыпломных работ.

— Як ідзе працэс інтэграцыі сярэдняй спецыяльнай адукацыі з іншымі ўзроўнямі адукацыі?
— Гэты працэс я б назвала даволі інтэнсіўным у сферы інтэграцыі з прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыяй. Каля 20 працэнтаў (а гэта практычна пятая частка агульнага набору), гэта набор навучэнцаў, хто мае прафесійна-тэхнічную адукацыю і паступае на скарочаны тэрмін атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта азначае, што пасля заканчэння прафтэхустановы па аналагічных альбо адпаведных спецыяльнасцях яе выпускнікі змогуць працягваць навучанне ў больш кароткія тэрміны на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Міністэрства адукацыі падтрымлівае курс на пашырэнне падрыхтоўкі спецыялістаў і з вышэйшай адукацыяй на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 60 працэнтаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі маюць дагаворы з большасцю ўніверсітэтаў краіны аб бесперапыннай падрыхтоўцы, і туды паступаюць выпускнікі для навучання па скарочанай праграме.

— У апошнія гады прадпрыемствы і арганізацыі маюць істотны недахоп у рабочых кадрах. Усё большай праблемай становіцца забяспечанасць вытворчасці высокакваліфікаванымі рабочымі. Якую ролю ў падрыхтоўцы такіх кадраў вы адводзіце сярэдняй спецыяльнай адукацыі?
— Па той прычыне, што 75 працэнтаў спецыяльнасцей сярэдняй спецыяльнай адукацыі разам з атрыманнем кваліфікацыі спецыяліста прадугледжваюць і атрыманне рабочай прафесіі, гэтая патрэбнасць істотна забяспечваецца спецыялістамі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пры гэтым, улічваючы мадэрнізацыю эканомікі, укараненне новых тэхналогій, складанай тэхнікі, якая патрабуе высокіх тэарэтычных і практычных ведаў і ўменняў, усё большай праблемай становіцца забяспечанасць вытворчасці рабочымі, якія маюць высокі разрад. Такіх рабочых можна рыхтаваць па адукацыйных праграмах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку на аснове прафесійна-тэхнічнай, што прадугледжвае больш цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі. Трэба ўлічваць і тое, што падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў магчыма толькі пры наяўнасці сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы, што патрабуе засяроджвання дарагога абсталявання ў адной канкрэтнай установе, а не распыленне яго па асобных навучальных установах. Такая канцэнтрацыя тэхнікі магчыма таксама пры інтэграцыі ўстаноў. Таму і ўзнікла неабходнасць стварэння ўзбуйненых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледжаў, якія будуць рэалізоўваць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі дарослых.

— Гаворка ідзе пра рэгіянальны каледж?
— Так, у працэсе аптымізацыі сеткі навучальных устаноў прафесійнай адукацыі згодна з рашэннямі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама ў кожным рэгіёне будуць створаны ўзбуйненыя рэгіянальныя каледжы, якія з’яўляюцца ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А класічныя ССНУ педагагічнага, медыцынскага профілю, культуры, спорту застануцца ў сваім першапачатковым стане. Такое аб’яднанне двух узроўняў адукацыі — сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай — дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць выкарыстання педагагічных кадраў. Важна і тое, што гэта дазволіць выкараніць дубліраванне падрыхтоўкі і дасягнуць больш рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Не сакрэт, што шэраг устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сувязі са змяншэннем колькасці моладзі сёння не цалкам запоўнены, таму базу пры аб’яднанні можна выкарыстоўваць больш эфектыўна, каб забяспечыць рацыянальнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Хачу дадаць, што ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі апошнім часам істотна палепшылі стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ў асноўным за кошт дзяржаўных праграм развіцця. Для майстэрняў, лабараторый, вучэбных кабінетаў каледжаў набыта дарагое абсталяванне, у тым ліку станкі, камп’ютарная тэхніка. Установы цалкам забяспечаны нагляднымі дапаможнікамі, стэндамі і іншымі сродкамі навучання.

— Сёння аптымізацыя закранае не толькі сетку і структуру сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і змест навучання.
— Так, сапраўды, з вучэбнага працэсу былі выключаны незапатрабаваныя дысцыпліны, напрыклад “Увядзенне ў спецыяльнасць”, “Дакументазнаўства” і шэраг іншых, адзіных для большасці спецыяльнасцей прадметаў. У выніку вызвалены блок у вучэбным працэсе накіраваны на павелічэнне практычнага складніка. Колькасць вучэбнага часу, адведзеная на практыку, будзе павялічана па ўсіх спецыяльнасцях. У рамках аптымізацыі зместу і непасрэдна скарачэння асобных вучэбных прадметаў на кожную групу мяркуецца вызваленне парадку 100 гадзін вучэбнага часу.

— Як будзе сёлета ажыццяўляцца прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Ці мяркуюцца змены ў правілах прыёму?
— У гэтым годзе правілы прыёму ў сярэднія спецыяльныя ўстановы захоўваюцца на ўзроўні папярэдніх двух гадоў, і ніякіх змяненняў у гэтую прыёмную кампанію ўнесена не будзе. Але трэба заўважыць, што ў апошнія гады з улікам дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне прымаліся меры па зніжэнні колькасці навучэнцаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў асноўным за кошт змяншэння падрыхтоўкі па малазапатрабаваных спецыяльнасцях. Як паказаў аналіз рынку працы, сярод беспрацоўных ва ўсіх рэгіёнах прэваліруюць эканамісты, бухгалтары і юрысты, таму з кожным годам скарачаецца прыём на эканамічныя, юрыдычныя спецыяльнасці. Адначасова павялічваўся прыём па запатрабаваных спецыяльнасцях тэхнічнага, медыцынскага профілю.
Сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі штогод карэкціруе прагнозныя паказчыкі прыёму з улікам колькасці выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў і заяўленай патрэбнасці спецыялістаў. Таму ў 2013 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 46 тысяч чалавек, а гэта на 2 тысячы менш, чым у мінулым годзе, у працэнтных суадносінах гэта складае 5 працэнтаў. Пры гэтым плануецца на 4 працэнты скараціць прыём на дзённую форму навучання і на 14 — на завочную. У першую чаргу скарачэнне будзе за кошт няпрофільнай падрыхтоўкі і малазапатрабаваных спецыяльнасцей. Увогуле скарачэнне абумоўлена ў першую чаргу менавіта змяншэннем патоку абітурыентаў за кошт змяншэння выпускнікоў школ. Так, у прыватнасці, колькасць выпускнікоў 9 класаў у параўнанні з мінулым годам зменшыцца на 3 працэнты, а 11-класнікаў — на 6 працэнтаў. Як бачна, прыём змяняецца ў першую чаргу з-за пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, але таксама і з-за аптымізацыі аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі кадраў. Цяпер ідзе фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму. Пры распрацоўцы прагнозных паказчыкаў прадугледжваецца скарачэнне плана прыёму на навучанне за кошт сродкаў бюджэту па спецыяльнасцях, незапатрабаваных арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і пацверджанымі заяўкамі менш чым на 80 працэнтаў; скарачэнне прыёму на спецыяльнасці, якія не адпавядаюць профілю падрыхтоўкі ўстановы адукацыі; скарачэнне падрыхтоўкі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове па спецыяльнасцях, па якіх выпускнікі зарэгістраваны ў службах занятасці ў якасці беспрацоўных. Як вядома, па некаторых спецыяльнасцях па заяўках ідзе невялікая колькасць навучэнцаў, таму набор трэба ажыццяўляць праз год.

— Як уплываюць на абнаўленне структуры падрыхтоўкі кадраў заказчыкі кадраў? Ці з’явяцца новыя спецыяльнасці?
— Пры планаванні кантрольных лічбаў прыёму была праведзена вялікая работа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў па абнаўленні структуры падрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пры гэтым былі ўлічаны імклівыя змяненні патрэб рынку працы, попыт на новыя прыярытэтныя спецыяльнасці. З 1 верасня гэтага года плануецца пачаць навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі па 4 спецыяльнасцях і па адной спецыялізацыі, па якіх раней падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў краіне не вялася. Гэта “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння” ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі па заяўцы Парка высокіх тэхналогій, “Паляўнічая гаспадарка” ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы па даручэнні Савета Міністраў, “Абсталяванне мэблевай вытворчасці” з кваліфікацыяй майстра мэблевай вытворчасці. Такая спецыяльнасць будзе адкрыта ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА па заяўцы канцэрна “Беллеспаперапрам”. Спецыяльнасць “Мехатроніка” з кваліфікацыяй рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй 5 разраду для вытворчасці харчовых прадуктаў будзе распачата ў Маладзечанскім політэхнічным каледжы, адзіным у краіне, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў для перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны. Па спецыялізацыі “Радыёсістэмы аховы і тэленазірання” падрыхтоўка кадраў пачнецца ў Мінскім вышэйшым каледжы сувязі. Па заяўцы Міністэрства інфармацыі з мэтай аптымізацыі работы паліграфічных прадпрыемстваў абноўлена структура спецыяльнасці “Тэхналогія паліграфічных вытворчасцей”. Выключаны з Агульнадзяржаўнага класіфікатара спецыялізацыі “Тэхналогія друкарскай вытворчасці” і “Тэхналогія брашуровачна-пераплётнай вытворчасці”. Падрыхтоўка па абноўленай спецыяльнасці пачнецца ў Мінскім прафтэхкаледжы паліграфіі. Акрамя таго, у 15 ССНУ будзе адкрыта падрыхтоўка па 13 існуючых спецыяльнасцях, але запатрабаваных заказчыкамі кадраў, па якіх у гэтых установах падрыхтоўка раней не вялася. У асноўным гэтыя спецыяльнасці тэхнічнага профілю.

— Людміла Віктараўна, нельга абысці пытанне аб прафарыентацыйнай рабоце, якая сёння з’яўляецца вельмі актуальнай. Ці мае сістэма сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў гэтым плане свае традыцыі?
— З улікам пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, агульнага зніжэння колькасці выпускнікоў школ для выканання кантрольных лічбаў прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі вялікае значэнне набывае прафарыентацыйная работа. Шляхам шматгадовай практыкі ва ўстановах склалася цэлая сістэма яе арганізацыі і правядзення, і сёння яна мае шырокі аспект дзейнасці. Штогод каледжы арганізоўваюць рэйды, выезды агітбрыгад па прафарыентацыі ў школы, установы ПТА, на прадпрыемствы, праводзяць сустрэчы і гутаркі са школьнікамі, бацькамі, у рамках бацькоўскіх сходаў і класных гадзін, ствараюць прафесійныя кансультацыйныя пункты, для дапамогі навучэнцам у выбары сваёго далейшага шляху. Ва ўсіх каледжах выдаюцца плакаты, праспекты, буклеты, лістоўкі. На сайтах размяшчаецца інфармацыя пра навучальную ўстанову, пра кожную спецыяльнасць, расказваецца аб жыцці навучэнцаў, аб мерапрыемствах, якія там праводзяцца. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца ў школьнікаў экскурсіі ў каледжы, азнаямленне з іх базай, інтэрнатам, з калектывам педагогаў, самімі навучэнцамі. Традыцыйна праводзяцца ва ўстановах дні адкрытых дзвярэй. Яны становяцца святамі, выставамі дасягненняў устаноў адукацыі, кірмашамі спецыяльнасцей. Усе гэтыя формы прафарыентацыйнай работы, безумоўна, пазітыўна ўплываюць на нашых маладых людзей і спрыяюць іх правільнаму жыццёваму выбару.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.