Разам для птушак і людзей!

- 15:49Нам пішуць

У лютым 2018 года споўнілася 10 гадоў з дня заснавання клуба АПБ “Крылаты дазор” сярэдняй школы № 9 Слуцка. Дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак былі проста цікаўнымі назіральнікамі, а сталі юнымі арнітолагамі. Першыя “дазораўцы” сёлета заканчваюць 11 клас. За 10 гадоў — сотні назіранняў і фотасесій, паходаў і экспедыцый, сустрэч з цікавымі людзьмі, удзел у конкурсах і фестывалях, кампаніях і акцыях, рэспубліканскіх з’ездах. Рэалізаваны сацыяльныя, творчыя, арніталагічныя і міжнародныя адукацыйныя інтэрнэт-праекты. Неаднаразова школьнікі станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх экалагічных конкурсаў.

У актавай зале школы прайшло ўрачыстае ўручэнне заслужаных узнагарод удзельнікам міжнароднага інтэрнэт-конкурсу “Кармушка”, ушанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Птушка года” ў намінацыі “Літаратурная творчасць”, акцыі “Птушкі ля кармушкі”, абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст” у намінацыі “Птушыныя гісторыі”, школьнага творчага конкурсу “Прырода і чалавек”. 25 аматараў птушак сталі юнымі арнітолагамі. Адбылася сустрэча навучэнцаў з Валерыем Валер’евічам Ванецкім, грамадскім інспектарам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы малодшыя школьнікі даведаліся пра ролю водна-балотных угоддзяў у жыцці чалавека, прыроды і птушак. Члены клуба выступілі з заклікам “Мы ваду захаваем для птушак!”.

Наперадзе ў “крылатых” новыя цікавыя справы і адкрыцці, сустрэчы з прыродай і цудоўным таямнічым светам птушак. І дзеці ўпэўненыя, што ад іх клопату залежыць захаванне прыроднага багацця для сённяшняга і будучага пакаленняў. Будзем разам для птушак і людзей!

Жанна ВАЛЕТКА,
кіраўнік клуба “Крылаты дазор” сярэдняй школы № 9 Слуцка.