Развіццё праз даследчую дзейнасць

- 16:22Нам пішуць

Асноўная мэта сучаснай школы — павышаць якасці навучання і выхавання на падставе развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Таму педагагічнаму калектыву настаўнікаў неабходна стварыць такую сістэму работы, якая дазволіць вучням у поўнай меры рэалізаваць свае здольнасці. Адзін з кірункаў — навукова-даследчая работа малодшых школьнікаў.

У нашай установе адукацыі адзін з такіх прыкладаў — даследчая работа, праведзеная ў 4 “А” класе па тэме “Што ў імені маім і тваім?..”.

Выконваючы заданне на факультатыўным занятку “Мая Айчына”, мы сутыкнуліся з праблемай: што азначае наша імя? Зацікавіўшыся, вырашылі тэму даследаваць.

Вывучаць паходжанне і значэнне імёнаў, на наш погляд, актуальна таму, што кожны павінен ведаць гісторыю паходжання і значэння свайго імя: з гэтага пачынаецца разуменне і значэнне гісторыі роду і краіны. А яшчэ чалавечае імя са старажытных часоў валодае магічнай сілай. Імя ахутана таямніцай. І гэты таямнічы свет, разнастайны і маляўнічы, неспасціжным чынам уплывае на лёсы. Мэтай нашай работы было даследаваць, якія імёны распаўсюджаны сярод трох пакаленняў: дзяцей, бацькоў, бабуль-дзядуль.

Мы вылучылі гіпотэзу: у нашым класе 14 вучняў, з іх 8 дзяўчынак і 6 хлопчыкаў. Чамусьці ў нашым класе ёсць дзве Вікі, два Улады. А вось Ангеліна, напрыклад, адна, ды Ваня адзін. І ўсе астатнія імёны не паўтараюцца. Цікава, чаму?

Мы думаем, што сярод дзяцей нашага ўзросту распаўсюджаныя жаночыя імёны: Віка, Насця, Даша, Каця, Маша, Лена і Юля, а мужчынскія — Улад, Мікіта, Максім, Сяргей, Данііл. Сярод пакалення бацькоў і бабуль-дзядуль распаўсюджаныя зусім іншыя імёны, чым у дзяцей.

Аб’ектам даследавання былі імёны, якія даюцца пры нараджэнні, прадметам даследавання — анкетныя даныя, статыстычныя даныя імёнаў дзяцей школы і іх бацькоў, інфармацыйныя даныя работнікаў ЗАГС, кнігі пра імёны, СМІ, тлумачальныя слоўнікі, інтэрнэт-рэсурсы.

Прытрымліваючыся плана даследавання, які мы склалі напачатку, у школьнай бібліятэцы пад кіраўніцтвам бібліятэкара Людмілы Леанідаўны Шаўцовай у талковых слоўніках Даля і Ожагава мы знайшлі значэнне слова “імя”. Вывучыўшы даведачную літаратуру і інфармацыю з інтэрнэту, даведаліся, што азначаюць нашыя імёны, іх паходжанне. Цяпер ведаем, і ад чаго можа залежаць выбар імя. Пазнаёміліся з некаторымі цікавымі звесткамі пры выбары імя дзіцяці ў іншых краінах. У бацькоў высветлілі, хто выбіраў імя і чаму. Шляхам анкетавання правялі сацыялагічнае даследаванне імёнаў навучэнцаў школы. Знайшлі інфармацыю аб паходжанні і значэнні самых распаўсюджаных імёнаў навучэнцаў. Наведалі аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану Клімавіцкага райвыканкама, дзе галоўны спецыяліст Зінаіда Пятроўна Баброва пазнаёміла нас з працэсам рэгістрацыі нараджэння дзіцяці і прысваення яму імя.

Пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога Алы Анатольеўны Дадалевай правялі маніторынг сацыяльных пашпартоў класаў нашай школы і склалі статыстычныя табліцы распаўсюджанасці імёнаў па школе. Пазнаёмілі аднагодкаў з вынікамі. Не ва ўсіх выпадках нашы рысы характару супадаюць са значэннем нашых імёнаў. У розныя часы актуальныя розныя жаночыя і мужчынскія імёны. Калі-нікалі яны перагукаюцца, але ў асноўным час адкладае адбітак на пакаленні людзей.

Такім чынам, самыя распаўсюджаныя мужчынскія і жаночыя імёны трох пакаленняў наступныя. Сярод дзяцей нашай школы — Дар’я, Вікторыя, Ганна, Настасся, Аляксандр, Дзмітрый, Данііл, Мікіта. Сярод бацькоў — Алена, Наталля, Алеся, Таццяна, Ірына, Аляксандр, Сяргей, Андрэй, Ігар, Міхаіл. Сярод бабуль-дзядуль — Людміла, Таццяна, Любоў, Ніна, Валянціна, Уладзімір, Мікалай, Аляксандр, Міхаіл, Віктар. Распаўсюджана ва ўсіх трох пакаленняў мужчын імя Аляксандр, а жаночае — Наталля.

Вынікі нашай даследчай працы можна выкарыстаць пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў “Адкуль прыйшлі да нас імёны”, як даведачную літаратуру, як зыходны пункт да іншых даследаванняў.

Такім чынам, мы навучыліся працаваць з літаратурай, весці пошукавую работу, выбіраць патрэбны матэрыял з вялікага аб’ёму інфармацыі, афармляць работу. Мэтанакіраванае развіццё даследчых паводзінаў малодшых школьнікаў на аснове метадаў самастойнага даследчага пошуку дазволіць вучням дасягнуць поспеху ў сучасным дынамічным сусвеце.

Алена ІВАНЦОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.