Родная мова як матчына песня

- 10:43Нам пішуць

Немагчыма выказаць любоў да роднага куточка словамі іншай мовы, апрача беларускай. Менавіта таму ў рамках Дня беларускай мовы ў Сінькоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове як крыніцы натхнення, пазнання і любові.

Гэтым святочным днём у госці да выхаванцаў дашкольнай групы завітала беларуская народная казка. Лялечная тэатральная пастаноўка “Коцік, пеўнік і лісічка” стала прыемным падарункам для малышоў ад выхаванцаў летніка “Вясёлка”.

У самім лагеры“Вясёлка” Дзень беларускай мовы быў вельмі насычаны. З самага ранку выхавальнікі ў народных строях і пад гукі беларускіх песень сустракалі дзяцей, каб задаць адпаведны настрой на ўвесь дзень. Пачалося свята з акцыі “Чытаем разам…”. Удзел узялі не толькі дзеці, але і ўсе работнікі ўстановы адукацыі. Ім прапаноўвалі згадаць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў і прачытаць на памяць любімыя радкі на роднай мове. Потым выхаванцы адправіліся ў цікавае гульнёвае падарожжа “Скарбы роднай зямлі”, дзе іх чакалі розныя конкурсы і заданні, звязаныя з веданнем сваёй мовы, твораў беларускіх аўтараў, гістарычнай і культурнай спадчыны. Зявяршыўся гэты незвычайны дзень дыскатэкай у Сінькоўскім ДК пад гукі сучаснай беларускай музыкі.

Свята скончылася, але роднае слова гучала і будзе гучаць у сценах нашай беларускамоўнай школы. Свята стварыла асаблівы настрой, дапамагло адчуць тую еднасць, якая збліжае ўсіх нас, робіць адным цэлым.

Вера ЛОБАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Сінькоўскага ясляў-сада —сярэдняй школы
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.