Сад для асалоды

- 14:38Прафесіяналы

Кожны год назіраючы за ўступнай кампаніяй і за тым, як самы вялікі недабор у беларускія УВА менавіта на аграспецыяльнасці, у прыватнасці на факультэт пладаводства, не разумею прычын. Я ведаю шмат людзей, для якіх іх захапленне садам стала справай жыцця — любімай і перспектыўнай, і не ведаю тых, хто б пашкадаваў пра свой прафесійны выбар. Адзін з такіх людзей — Андрэй Сінкевіч, галоўны аграном гадавальніка “Дэкор-сад”. Пасля работы вечарамі ён даглядае свой уласны сад пад Мінскам. Сёння мы адпраўляемся да яго ў госці. Магчыма, тыя, хто яшчэ сумняваецца, усё ж вырашаць пайсці яго шляхам.

У зялёным лабірынце

Праўду сказаў Канфуцый: “Знайдзі сабе работу па душы, і табе не прыйдзецца працавац­ь ні дня ў жыцці”. Гэта пра Андрэя. Больш за тое, працу на зямлі выбралі многія з яго роду, які жыў у Самахвалавічах. Яго бабуля больш за 30 гадоў займалася селекцыяй агуркоў, столькі ж працавала ў Інстытуце пладаводства яго цётка, аўтар знакамітых гатункаў грушы “проста Марыя”, “ясачка” і інш. Менавіта цётка навучыла яго і сястру яшчэ падлеткамі акуліраваць дрэвы. Яна ж падарыла першы акуліровачны нож Андрэю, які і сёння яму служыць верай і праўдай.

Андрэй мае 2 вышэйшыя адукацыі, у тым ліку і агранамічную. Акрамя таго, у Англіі ён скончыў Школу садоўнікаў, праходзіў стажыроўкі ў Галандыі, Германіі, Японіі, працаваў у прамысловых садах у Польшчы, 10 гадоў працаваў у Беларускім інстытуце пладаводства пры Акадэміі навук Беларусі, апошнія гады працуе ва ўласным гадавальніку. Ён мае і рэдкую спецыялізацыю “Памалогія” — па кары, лісці, пупышках з лёгкасцю вызначае гатунак любой культуры. Але асноўны кірунак, у якім ён рухаецца, акрамя прывычных для аграномаў пасадак, прышчэпак і г.д., — выпрабаванні розных падвояў, абрэзка і фарміроўка пладовых дрэў.

Каб адчуць любоў Андрэя да саду, дастаткова пачуць, з якой любоўю ён расказвае пра кожнае дрэва ў ім. У яго менш як на 1 га расце калекцыя з 685 гатункаў і каля тысячы дрэў. Збольшага схаваўшыся ад спякоты ў прахалодзе зялёнага лабірынта, адпраўляемся з яго гаспадаром на экскурсію.

Садаводства — гэта хобі, якое зацягвае. Калі ўсё атрымліваецца, то для многіх людзей сад становіцца адпачынкам, а часта і прафесіяй.

 Амаль усе дрэвы тут крыху вышэйшыя за 2 метры, таму, хоць сад і дарослы, узнікае адчуванне, што ён яшчэ зусім малады. Але ўсе сумненні развейвае ўра­джай на галінах, якія часам літаральна ляжаць на клапатліва падасланай саломе. Акрамя традыцыйных культур — яблыні, грушы, вішні, чарэшні, парэчкі, агрэста, тут з­дзіўляюць вока жоўта-аранжавыя інжырныя персікі і нектарыны, абрыкосы і хурма, азіяцкія грушы — гібрыд з яблыкам, актынідыя і ківі буйнаплоднае кітайскае, кізіл і го­джы, чорная, белая і ружовая шаўкавіцы, жоўтая вішня і ніцая груша, бружмель і вінаград… Учапілася за агароджу павойная японская, ці кітайская, маліна — у вышыню яна можа вырастаць да 9 метраў. Інжыр даказвае карысць ад сябе ў беларускім садзе, растучы не толькі ў глыбокай яме (так зручней яго ўкрываць на зіму), але і проста пры сцяне дома.

— Гэта сучасныя навінкі, якія абкатваем у нашых умовах, каб найбольш удалыя перавесці ў гадавальнік, — прапануе ацаніць на смак розныя фрукты гаспадар сада і вядзе нас да пятачка ў квадратаў пятнаццаць, дзе падрастаюц­ь 400 раслін грэцкага арэха. За імі — новыя гатункі фундуку, пекан і іншыя арэхі.

Добрая частка “насельнікаў” гэтага саду — дзюкі. Так называюць скрыжаваныя паміж сабой культуры. Гэта і абрыкос-сліва, абрыкос-нектарын, персік-алыча і многае іншае. На некаторых культурах прывіта некалькі гатункаў, а ёсць і такія, на якія прышчэплена больш як па дзясятку гатункаў.

— А тут расце “двухпавярховая” груша: “проста Марыя” ўнізе, а ўверсе прышчэплены паўднёвы гатунак “абат Фітэль” (плады — грушы-бананы), — працягвае экскурсію Андрэй. — Сэнс у тым, што на дрэве вышэй за 2 метры перапады тэмператур і замаразкі не так моцна адчуваюцца, як каля зямлі. І каб паўднёвы сорт захаваць, яго прышчэпліваюць высока. А тут на чарнаплодную рабіну прышчэплена груша. Гэта фарміроўка для Сібіры. У іх груша не зімуе, а прышчэпленая на чарнаплодную рабіну яна лёгка гнецца, каб яе ўкрыць снегам. Для Сібіры праводжу выпрабаванне і сланцавых, ці куставых, яблынь. Яны сцелюцца, і пад снегам ім не страшныя нават лютыя сібірскія маразы. Персік “навасёлкаўскі” расце пад нахілам: калі бу­дзе суровая зіма, яго можна таксама ўкрыць, а вось старажыл саду — персік “данецкі белы” — ніколі не ўкрываецца. Увогуле, мы стараемся амаль нічога не ўкрываць: падбіраем культуры, гатункі, якія будуць без праблем зімаваць у нас. Бяром на апрабацыю розныя гатункі: і італьянскія, і малдаўскія, і іспанскія, але ў асноўным застаюцца самыя вынослівыя — канадскія і нямецкія, бо гэтыя краіны бліжэйшыя нам па клімаце.

Каб выгадаваць з дзіцяці будучага агранома, нельга прымушаць дзяцей працаваць у садзе ці ў агародзе. Задача бацькоў — зацікавіць: арганізуйце пікнік у садзе ці дапамажыце дзіцяці пабудаваць там домік, няхай яно само рве і каштуе розныя ягады, няхай само пасадзіць дрэўца, а вы разам сачыце за яго ростам, цвіценнем, налівам пладоў.

Максімум карысці ад міні-дрэў

— У сваім садзе я вырошчваю для параўнання цэлую лінейку падвояў — ад самых маленькіх, суперкарлікавых, вышынёй каля 1 метра, да насеннага, 6 метраў вышынёй (высокае дрэва тут усяго адно, яго пакінулі для параўнання), — дэманструе садавод шарэнгу дрэў, якія выстраіліся па росце. Ён перакананы, што нізкія падвоі — гэта на сёння самае актуальнае, у той час як сад на насенным падвоі — учарашні дзень. — Справа ў тым, што сёння ўжо ніхто не хоча чакаць некалькі гадоў да першага ўраджаю, ніхто не хоча абразац­ь вялікія дрэвы, выдаткоўваць на інструмент значныя сродкі, ды і сіл і здароўя для такой абрэзкі трэба шмат. Не кажучы ўжо пра цыркавыя трукі на галінах падчас збору ўраджаю. На нізкіх падвоях харчаванне ідзе не ў рост, а ў плады. За кошт гэтага мы атрымліваем кампактныя дрэвы, якія хутка ўступаюць у плоданашэнне, даюць вялікі ўраджай, і збіраць яго можна, стоячы на зямлі і дацягваючыся рукой да кожнага плода. Пры гэтым крона не загушчана — сонца праходзіць да пладоў, а лістота добра праветрываецца, таму дрэва менш хварэе. Акрамя таго, кампактныя дрэвы эканомяць месца, што дазваляе нават на невялікім участку вырасціць розныя культуры і гатункі на густ кожнага члена сям’і і нават рознага памеру. Напрыклад, дзіцяці вялікі яблык насіць у школу не мае сэнсу — яно не паспее з’есці яго за перапынак і проста выкіне. Таму лепш паса­дзіць “дзіцячую” яблыню — з невялікімі і салодкімі пладамі.

Нездарма людзі жартуюць: у садавода дзве бяды — барацьба за ўраджай і барацьба з ураджаем. У нас мала цяпер робяць яблычны сідр, джэмы і г.д.: большасць людзей вырошчвае фрукты для свежага спажывання. Таму аб’ёмаў кампактнай яблыні на клонавым падвоі (мінімум 30—40 кг пладоў) часта бывае дастаткова.

Але плануючы сад, Андрэй раіць не перастарацца з колькасцю культур і адказна падысці да выбару іх гатункаў:

— Я не прыхільнік адначасовай пасадкі ўсіх дрэў у садзе. Іх лепш саджаць паступова. Не купляйцеся на рэкламу, на моду, на фота пладоў, міма якіх вы не змаглі прайсці ў магазіне, ці на парады прадаўцоў на рынку. Арыентуйцеся толькі на свой густ і на патрэбы сваёй сям’і. Напрыклад, улічвайце, калі вашы дзеці любяць салодкія яблыкі, бабуля — слівовае варэнне, нехта ў сям’і любіць чорныя парэчкі, нехта — толькі маліну, а камусьці на лекі патрэбна каліна.

Не факт, што ўсе вашы жаданыя культуры будуць расці на вашай глебе. Калі ў вас пясок, то будуць добра расці паўднёвыя культуры: абрыкос, персік, нектарын, вінаград, грэцкі арэх, бо такая глеба хутка праграецца і няма застою вільгаці. Калі ў вас суглінак, добрая тлустая зямля, чарназём, то ў вас будзе расці амаль усё. Складаней за ўсё з пасадкай саду на балоцістых глебах. І, канечне, не менш важна выбраць гатункі. Іх апісанне трэба глядзець не на сайтах фірм-прадаўцоў, а на сайтах вытворцаў гатункаў. У Беларусі гэта Інстытут пладаводства ў Самахвалавічах. Набываць са­джанцы лепш у навуковых арганізацыях: у Інстытуце пладаводства, акрэдытаваных Акадэміяй навук гадавальніках або апорных пунктах, якія вывучаюць гатункі ў пэўным рэгіёне. Можна купляць саджанцы і ў прыватных гадавальніках, але тут можна спадзявацца толькі на кампетэнтнасць і добрасумленнасць яго прадаўцоў.

Галоўнае перакананне А.Сін­кевіча: сад павінен быць не ў цяжар, а для асалоды. А для гэтага, лічыць, не трэба саджаць вялікі сад, каб потым з ранку да вечара яго аполваць ці штодзень вёдрамі збіраць ападкі. Калі выканаеце баланс працы, адпачынку, тады вы і адчуеце асалоду ад свайго саду і ад яго пладоў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.

Падрабязней пра парады ад Андрэя Сінкевіча па закладцы саду, па выбары культур для розных тыпаў глеб і доглядзе маладога саду чытайце ў наступным нашым дадатку “Утульная хатка”.