Салодкая пара

- 11:03Нам пішуць

Педагогі Макранскага ВПК ладзяць мерапрыемствы, многія з якіх ужо сталі традыцыйнымі і іх з нецярпеннем чакаюць навучэнцы. 14 лютага 2018 года ў нас прайшла конкурсная праграма “Салодкая пара”, прысвечаная Дню святога Валянціна. У конкурсе ўзялі ўдзел 7 пар з 5 па 11 класы.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі вучні 7 класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Вольгі Іванаўны Красніцкай і педагога-арганізатара Наталлі Пятроўны Шчамялёвай. Кожны клас загадзя прадумваў касцюмы, вобразы. Вучні рыхтаваліся да конкурсаў “Візітка”, “Творчы нумар”. За музычнае афармленне адказвала настаўніца музыкі Алена Паўлаўна Савосцікава.

У конкурсе “Візітка” вучні павінны былі прадставіць сябе праз верш, песню, спектакль, танец. Другі конкурс “Шчаслівы Валянцінаў твар” выявіў мастацкія здольнасці. У трэцім конкурсе “Рэчы з залы” парам трэба было знайсці то акуляры, то ручку, то пярсцёнак… Калі пара заставалася без патрэбнага прадмета, то выбывала. У чацвёртым конкурсе “Скачкі” хлопчыкі прадэманстравалі хуткасць, артыстызм. Пяты конкурс “Эрудыт” паказаў, наколькі вучні абазнаныя ў той ці іншай галіне ведаў. Шосты конкурс “Прызнанне ў каханні” патрабаваў ад хлопчыкаў прызнацца ў каханні ў вобразе то ваеннага, то немаўляці, то робата. Сёмы конкурс “Творчы нумар”: вучні 10 класа праінсцэніравалі рускую народную казку, вучні 11 класа — сцэнку на творы рускай літаратуры. Не меней цікавымі былі і нумары другіх класаў.

Конкурсы прайшлі, як кажуць, на адным дыханні. Першае месца занялі вучні 10 класа Ігар Волікаў і Ліяна Галачова (іх пара называлася “Цар і Царыца”). Яны перамаглі ў намінацыі “Самая салодкая пара”. У намінацыі “Самая стыльная пара” перамаглі Дзмітрый Лявіцкі і Лізавета Сямёнава (іх пара называлася “Дзмітрый і Лізавета”). “Самай творчай парай” сталі вучні 5 класа Арцём Дарошка і Настасся Марозава (“Карлсан і малышка Настасся”). “Самая крэатыўная пара” — дзевяцікласнікі Андрэй Сычкоў і Кацярына Клепік (“Шурык і Ліда”). “Самай весёлай парай” сталі васьмікласнікі Іван Палёніс і Аляксандра Лявіцкая (“Маша і Мядзведзь”). Тытул “Самай прыгожай пары” атрымалі шасцікласнікі Сяргей Дземскі і Вера Сафонова (пара “Дзюймовачка і Прынц”). “Самая абаяльная пара” — “Іван ды Мар’я” сямікласнікаў Вячаслава Стральцова і Хрысціны Будзянковай.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі,
класны кіраўнік 5 класа
Макранскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Быхаўскага раёна.