“ШАГ”аем далей…

- 15:51Нам пішуць

“Гэта было шчыра, захапляльна і натхнёна!” — так эмацыянальна выказваліся навучэнцы Хутарскога дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна ад сустрэчы з народным музыкам Віктарам Васільевічам Харытановічам. Сустрэча адбылася ў межах праекта “ШАГ” (“Школа актыўнага грамадзяніна”).

Віктар Харытановіч, дзякуючы свайму таленту, трывала ўвайшоў у пяцёрку лепшых народных музыкаў пасля падвядзення вынікаў конкурсу гарманістаў, праведзенага ў Мінскай вобласці. Ён не мае адпаведнай музычнай адукацыі, не ведае нот, але абсалютны слых дазваляе яму віртуозна іграць на інструменце, захапляць майстэрствам усіх, хто хоча паслухаць сапраўднае выкананне народных і вядомых аўтарскіх песень: ад полькі да “Прощания славянки”.

Гармонік у руках Віктара Васільевіча — цуд, казка, якая зачароўвае, прымушае задумацца і прыцягвае незвычайнай меладычнасцю і загадкавасцю (нездарма Віктар Васільевіч грае з шасці гадоў). Гэта выключна народны і рэдкі на сёння талент: у Мінску, па словах Віктара Васільевіча, на 2 мільёны насельніцтва прыпадае ўсяго 15 гарманістаў. “Такія людзі, як В.В.Харытановіч, — патлумачыў яго сябар, член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Іван Паўлавіч Ярашэвіч, — рэдкія самародкі, дзякуючы якім народная музыка, арыгінальнае аўтарскае выкананне будуць толькі спрыяць незабыццю і раскрыццю каларыту аўтэнтычнага фальклору нашых продкаў, зместу яго каляндарна-абрадавых песень.

Хвіліны выканання народнай музыкі чаргаваліся са шматлікімі вучнёўскімі пытаннямі, у якіх было ўсё: ад утварэння гукаў і будовы інструмента да яго выкарыстання і магчымасцяў у сучасных музычных напрамках.

Мелодыі граліся так шчыра і натхнёна, што асобныя старшакласнікі спрабавалі нават танчыць.

Бясспрэчна, такія сустрэчы спрыяюць фарміраванню не пасіўнай, а актыўнай пазіцыі будучага грамадзяніна, які, хочацца верыць, будзе памятаць духоўную спадчыну сваіх продкаў, не наважыцца грэбаваць і ігнараваць творчы здабытак папярэдніх пакаленняў.

Напрыканцы творчай сустрэчы ўсе ўдзельнікі фатаграфаваліся, захаваўшы ў сэрцы прыемныя ўражанні і ўспаміны.

Валерый ЗАХАРАЎ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.