Шчырыя ўсмешкі

- 9:58Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

Валянціна Георгіеўна ГАХОВІЧ, якая амаль 40 гадоў працавала ў сярэдняй школе № 3 Навагрудка настаўніцай рускай мовы і літаратуры, была шчырым прыхільнікам духоўна­-маральнага выхавання.

У далёкія 50-я гады пачалася яе педагагічная дзейнасць. Маладзенькая настаўніца прыцягвала ўвагу навучэнцаў і настаўнікаў сваёй асаблівай душэўнасцю, чалавечнасцю, прастатой. У цяжкі пасляваенны час жылося сціпла, небагата, але вочы Валянціны Георгіеўны заўсёды свяціліся радасцю, дабром, шчырасцю, калі яна ўваходзіла ў клас.

Валянціна Георгіеўна нарадзілася ў сям’і свяшчэннаслужыцеляў, з дзяцінства ўвабраўшы ў душу святло хрысціянства, якое стала ў жыцці і педагагічнай дзейнасці ключом узаемаадносін. Гэтае святло — вера, надзея, любоў. Гэтыя вечныя маральныя каштоўнасці ляглі ў аснову дзейнасці педагога. Блажэнны Аўгусцін пісаў, што “няма любові без надзеі, няма надзеі без любові, няма абедзвюх без веры”. Валянціна Георгіеўна свята верыла ў сваіх вучняў і ў сілу ведаў. Да кожнага дзіцяці ўмела знайсці індывідуальны падыход, назаўсёды ўсяліўшы ў яго зацікаўле­насць вучобай.

Шмат гадоў кіравала драматычным гуртком і клубам паэзіі “Душа і ліра”. Такія заняткі дапамагалі зблізіцца з навучэнцамі на аснове агульных духоўных каштоўнасцей, высокіх маральных ідэалаў. Для фарміравання грама­дзянскіх пачуццяў, іх эстэтычнага выхавання педагог шырока выкарыстоўвала багатую паэтычную спадчыну савецкіх і беларускіх паэтаў. Сама Валянціна Георгіеўна па-майстэрску, артыстычна чытала вершы і прозу. Кожны ўрок быў падарожжам у невядомае займальнае адкрыццё, падчас якога дзеці вучыліся самастойна здабываць веды, разважаць, разбірацца ў складаных жыццё­вых сітуацыях. Педагагічную дзейнасць сумяшчала з грамадскай, дапамагала пачынаючым настаўнікам, шчодра дзялілася вопытам не толькі з педагогамі Навагрудка, але ўсёй Беларусі і іншых саюзных рэспублік. Была актыўнай прапагандысткай таварыства “Веды” яшчэ са студэнцкіх гадоў, ­атэставана лектарам абласнога ўзроўню. Рыхтуючыся да выступленняў, Валянціна Георгіеўна старанна абдумвала паслядоўнасць і характар выкладання матэрыялу. Форму падачы матэрыялу падбірала ў залежнасці ад складу слухачоў, таму ніколі не адчувала цяжкасцей у наладжванні кантакту з аўдыторыяй.

Валянціна Георгіеўна нарадзілася ў сям’і свяшчэнна­служыцеляў, з дзяцінства ўвабраўшы ў душу святло хрысціянства, якое стала ў жыцці і педагагічнай дзейнасці ключом узаемаадносін.

Велізарны педагагічны вопыт дазваляў Валянціне Георгіеўне з аднолькавым поспехам чытаць лекцыі, выступаць на бацькоўскіх сходах, вечарах пытанняў і адказаў, удзельнічаць у правядзенні вусных часопісаў, дыспутаў, канферэнцый. Умела і дарэчы прыводзіла прыказкі, прымаўкі, выказванні выдатных людзей, натхнёна чытала вершы сваіх любімых паэтаў, урыўкі з твораў.

Валянціна Георгіеўна выхоўвала ў сваіх навучэнцах актыўную жыццёвую пазіцыю і сама выконвала значную грамадскую нагрузку. Была дэлегатам XVI з’езда прафсаюзаў СССР, IX Усесаюзнага з’езда прафсаюзаў работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў; вяла VII з’езд настаўнікаў Беларусі, была дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў, членам журы XII Усесаюзнага фестывалю тэлефільмаў, прымала ўдзел у рабоце Камітэта савецкіх жанчын, Усесаюзнага савета па народнай адукацыі.

Імя Валянціны Георгіеўны Гаховіч занесена ў Кнігу славы Навагрудка і прысвоена званне ганаровага грамадзяніна нашага горада. У 1974 го­дзе прысвоена званне “Заслужаны настаўнік БССР”, узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За доблесную працу”, з’яўлялася выдатнікам народнай адукацыі БССР, у 1985 годзе прысвоена высокае званне — “Народны настаўнік СССР”.

З успамінаў самой Валянціны Ге­оргіеўны аб прысваенні звання: “Апладысментам, здавалася, не будзе канца. Ад душы апладзіравалі мне педагогі вобласці — і калі ішла да стала прэзідыума, і калі атрымлівала ўзнагароду, і калі вярталася на месца. Але самае хвалюючае было наперадзе: усмешкі на тварах дзяцей, калег, бацькоў, якія па­дзялілі маю радасць, і шчырыя словы ўдзячнасці, шматлікія тэлеграмы і паштоўкі ад выпускнікоў… І гэта — самая дарагая ўзнагарода за маю сціплую працу”.

Валянціны Георгіеўны ўжо няма з намі, але яна пакінула святло — святло сваёй душы, дабраты, творчасці, прафесіяналізму, умення вучыць дзяцей на­дзеі, веры і любові.

Ала МАКСІМЕНКА, 
настаўніца гісторыі,
кіраўнік музея сярэдняй школы № 3 Навагрудка.