Школьнікам пра бяспеку

- 17:13Нам пішуць

У рамках акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці!” прадстаўнікі РАНС на чале з першым намеснікам начальніка Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.С.Максімовічам наведалі Вераб’евіцкі КПК “дзіцячы сад — базавая школа”.

З навучэнцамі 2—9 класаў быў праведзены трэнінг на тэму “Небяспечныя сітуацыі (дома, у школе), паведамленні аб дапамозе”. Мэтай заняткаў было сфарміраваць дастатковыя веды, уменні і навыкі правільных паводзін у кватэры і індывідуальным жылым доме пры ўзнікненні пажару з улікам адсутнасці бацькоў і магчымасці пакінуць будынак, а таксама паглыбіць веды пра небяспеку, якая ўзнікае пры парушэнні правілаў абыходжання з бытавымі прыборамі, пры ўцечцы газу і атручванні ім.

Мерапрыемства прайшло ў цікавай і займальнай гульнявой форме. Вучні малодшых класаў адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў брэйн-рынгу “Пытанні — адказы”, гульні “Тупаем, пляскаем”. Цікавымі сталі прэзентацыя “Агонь — небяспечная гульня” і мультфільмы “Гульні з агнём”, “Небяспечныя цацкі”, “Запалка”. Пазнавальна прайшла інтэрактыўная гутарка-разважанне “Вогнішча”: адпрацавалі алгарытм дзеянняў у выпадку ўцечкі газу і няспраўнасцяў газавых прыбораў.

Для старшакласнікаў першы намеснік начальніка Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.С.Максімовіч падрыхтаваў прафарыентацыйны расказ пра пажарных-ратавальнікаў, пра тое, як арганізоўваецца работа ў пажарнай частцы, падкрэсліў якасці, якімі павінен валодаць пажарны: выдатная фізічная форма, устойлівая псіхіка, адвага, добрая рэакцыя, дысцыплінаванасць, уменне браць на сябе адказнасць, уменне аказаць першую медыцынскую дапамогу, кемлівасць і любоў да людзей. Таксама ён нагадаў навучэнцам аб мерах пажарнай бяспекі і дзеяннях у выпадку выяўлення пажару і ў іншых надзвычайных сітуацыях. Старшакласнікі пазнаёміліся з умовамі паступлення ў навучальныя ўстановы, патрабаваннямі да спецыялістаў службы. Усе не толькі з цікавасцю слухалі, але і задавалі розныя пытанні.

У канцы сустрэчы дзеці атрымалі брашуркі “Бяспечнае дзяцінства”, закладкі “Не панікуйце”, а таксама маляўнічыя займальныя кніжкі “Прыгоды Дашы ў краіне небяспекі”.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы.