Сталічная траекторыя развіцця пачынаючых педагогаў

- 11:41Суразмоўца

Далейшае развіццё сферы адукацыі ў многім залежыць ад тых, хто сёння робіць першыя крокі ў выбранай прафесіі. Асабліва шмат маладых педагогаў, вядома ж, у сталіцы, дзе налічваецца 279 устаноў толькі агульнай сярэдняй адукацыі. Як жа зараз ладзіцца работа з навічкамі? Якія змены і поспехі назіраюцца? Аб гэтым расказала рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Іванаўна МАРОЗ.

— Таццяна Іванаўна, падзяліцеся каштоўным вопытам, як жа ў сталіцы пабудавана работа з маладымі спецыялістамі?

— Для кожнага чалавека, які толькі пачынае прафесійную дзейнасць, вельмі важна знайсці свайго настаўніка — вопытнага спецыяліста, які мог бы падказаць, як выконваць тое ці іншае заданне, паступова раскрываючы сакрэты свайго майстэрства. У сталіцы камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама сумесна з інстытутам ствараюць для гэтага ўсе неабходныя ўмовы.

Так склалася, што ў Мінску, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў нашай краіны, у канцы мінулага стагоддзя аптымізавалі гарадскі і раённыя метадычныя кабінеты, таму метадычную падтрымку педагогаў у перыяд паміж тэрмінамі павышэння кваліфікацыі (у тым ліку і маладых спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі) ажыццяўляе ўпраўленне каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Дапамога маладым педагогам арганізавана на трох узроўнях: на ўзроўні ўстановы адукацыі, раёна і горада. Безумоўна, навічкі маюць патрэбу ў асаблівым суправаджэнні, дынамічным і якасным уключэнні ў прафесійную дзейнасць, таму работа ва ўстановах адукацыі горада вядзецца па некалькіх кірунках. Гэта і ўдасканальванне прафесійна значных якасцей, і фарміраванне індывідуальнага стылю ў педагагічнай дзейнасці, і развіццё педагагічнай творчасці. Акрамя таго, маладых спецыялістаў запрашаюць у школьныя метадычныя аб’яднанні, школы пачынаючага настаўніка.

На раённым узроўні створана каля 20 школ пачынаючага настаўніка, а ў Савецкім раёне сталіцы на працягу апошніх пяці гадоў паспяхова працуе яшчэ і клуб “Мы маладыя”. Варта адзначыць, што ва ўсіх раёнах горада ўжо склалася пэўная сістэма работы з пачынаючымі настаўнікамі, назапашаны станоўчы вопыт. Але гэтую сістэму неабходна было ўдасканаліць з улікам сучасных патрабаванняў і магчымасцей.

На гарадскім узроўні нефармальныя зносіны рэалізуюцца ў клубным аб’яднанні “Вялікі перапынак”, у якім дзейнічае студыя “Рост”. Акрамя гэтага, з маладымі настаўнікамі працуюць гарадскія школы пачынаючага настаўніка, ды­ферэнцыраваныя па вучэбных прадметах, а таксама нала­джана цьютарскае суправаджэнне маладога педагога, які працуе другі год. У 2020/2021 навучальным годзе была арганізавана дзейнасць 18 такіх школ пачынаючага настаўніка, ды­ферэнцыраваных па вучэбных прадметах, і цьютарскае суправаджэнне па 11 вучэбных прадметах. Такая сістэма работы дазволіла забяспечыць як адзінства патрабаванняў да ўсіх педагогаў сталіцы, так і індывідуальную траекторыю развіцця кожнага.

— З чаго пачыналася работа з маладымі настаўнікамі?

— Перш чым пачаць работу з маладымі педагогамі, мы правялі дыягностыку і вызначылі, якія праблемы ўзнікаюць у практычнай дзейнасці маладых настаўнікаў, што іх хвалюе, адкуль з’яўляецца дыскамфорт, чаму знікае жаданне працаваць у школе. Такімі прычынамі могуць быць: супярэчнасці ў сістэме адукацыі (высокая сацыяльная значнасць педагагічнай прафесіі і ў той жа час недастатковы ўзровень прафесійнай матывацыі многіх абітурыентаў педагагічных ВНУ); псіхалагічная непадрыхтаванасць маладых педагогаў да работы з соцыумам; недастатковая падтрымка маладых спецыялістаў у перыяд іх прафесійнага станаўлення. Асэнсаваўшы канкрэтныя прычыны, мы змаглі вызначыць асноўную мэту ў рабоце з маладымі педагогамі праз арганізацыю метадычнай дапамогі для іх паспяховай адаптацыі да працы. Дарэчы, практыка паказвае: прывабнасць работы ў школе для мола­дзі звязана не толькі з памерам аплаты працы і забяспечанасцю жыллём. Вельмі важнымі фактарамі становяцца і прафесійнае прызнанне, і бесперапыннае развіццё.

Формы работы з маладымі настаўнікамі на ўсіх узроўнях метадычнага суправаджэння самыя разнастайныя: калектыўныя (удзел у рабоце педагагічных саветаў і чытанняў, семінараў, канферэнцый і іншае); групавыя (удзел у рабоце метадычнага аб’яднання, школе маладога настаўніка, творчай групы і іншыя) і індывідуальныя (цьютарства, настаўніцтва, самаадукацыя, наведванне вучэбных заняткаў, кансультаванне і г.д.). Назапашванню вопыту спрыяюць і нефармальныя зносіны, клубны рух, конкурсы прафесійнага майстэр­ства.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней, як арганізавана работа гарадскіх школ пачынаючага настаўніка.

— Сёння як ніколі настаўнік павінен быць асобай, бо, як пісаў К.Д.Ушынскі, “толькі асоба можа выхоўваць асобу”. Сапраўдны настаўнік у першую чаргу заўсёды вучыцца сам. Вучыцца, працуючы над сабой, вучыцца, калі перадае свае веды іншым… Улічваючы той факт, што ў сталіцы больш за 80 педагогаў маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, было прынята рашэнне выкарыстоўваць іх патэнцыял у рабоце з маладымі спецыялістамі. І пачынаючы з 2015/2016 навучальнага года актуальнай і своечасовай стала арганізацыя дзейнасці гарадскіх школ пачынаючага настаўніка. Так, калі прасачыць, сёлета ў Мінску працуе 18 такіх школ, у 2016 годзе іх было ўсяго 9, у 2017 годзе — 12, у 2018 годзе — 14, а ў мінулым годзе — ужо 20. Штогод больш за 200 маладых педагогаў наведваюць гарадскія школы пачынаючага настаўніка, дыферэнцыраваныя па прадметах. На сённяшні дзень гэтая форма дапамагае хутчэй адаптавацца ў прафесіі настаўнікам беларускай і рускай моў, англійскай і нямецкай моў, матэматыкі, інфарматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, гісторыі, геаграфіі, працоўнага навучання, фізічнай культуры і кожнай паралелі пачатковых класаў.

У рамках работы школы адкрываюцца новыя прынцыповыя падыходы і тэндэнцыі ў вырашэнні важных пытанняў: чаму і як вучыць? А змест навучання разглядаецца як сродак развіцця асобы, а не самадастатковая мэта. Захоўваецца інтэграваны, варыятыўны падыход у рабоце з маладымі настаўнікамі, выкарыстоўваецца станоўчая стымуляцыя. Тэматыка пасяджэнняў школы пачынаючага настаўніка накіравана на аказанне дапамогі ў якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу, канструяванні сучаснага ўрока, вызначэнні аптымальных форм правядзення вучэбных заняткаў, а таксама дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу, што дапамагае маладым спецыялістам пазбегнуць памылак, зняць трывожнасць, павысіць прафесійны ўзровень.

У свой час, падводзячы вынікі першага года работы з маладымі педагогамі, мы адразу ўбачылі, што поўнай гатоўнасці да работы ва ўстановах адукацыі ў іх яшчэ няма. У сувязі з гэтым для педагогаў, якія другі год працуюць ва ўстановах адукацыі, пачынаючы з 2017 года было арганізавана цьютарскае суправаджэнне. Быць цьютарамі адразу вызваліся зноў-такі нашы настаўнікі-метадысты. Пераемнасць у метадычным суправаджэнні настаўнікаў-метадыстаў дазваляе амаль усім маладым настаўнікам пасля другога года работы атрымаць другую кваліфікацыйную катэгорыю. Мэта работы настаўніка-метадыста ў якасці цьютара — гэта менавіта персанальнае суправаджэнне маладога настаўніка ў адукацыйнай прасторы для станаўлення ў яго ўстойлівых матываў рэалізацыі асобасных патрэб і інтарэсаў, самавызначэння, асэнсаваных і адказных адносін да выбранай прафесіі. Важна, што ідзе сумесная работа цьютара і маладога педагога, любыя заняткі ці пазакласнае мерапрыемства праектуюцца разам. Так, на сённяшні дзень працуе 11 цьютарскіх груп: па прадметах “Беларуская мова”, “Руская мова” (2 групы), “Матэматыка”, “Інфарматыка”, “Біялогія”, “Хімія”, “Гісторыя”, “Замежная мова (нямецкая)”, “Фізічная культура і здароўе”, а таксама для настаўнікаў пачатковых класаў. Штогод з цьютарамі займаецца каля 100 педагогаў.

Вынікам работы цьютараў і маладых настаўнікаў становіцца правядзенне адкрытых вучэбных заняткаў “Мае першыя педагагічныя знаходкі”, “Педагагічны дэбют”. Асаблівую цікавасць у моладзі выклікае правядзенне дуэтных вучэбных заняткаў, на якіх два педагогі (метадыст і малады настаўнік) аднаго вучэбнага прадмета дэманструюць эфектыўныя метадычныя прыёмы. Такім чынам, у выніку фарміруецца банк сцэнарных планаў вучэбных заняткаў, які затым размяшчаецца на сайце ўстановы адукацыі для шырокага выкарыстання ў практыцы.

— А як вы ацэньваеце эфектыўнасць гэтай работы?

— Сістэма бесперапыннага прафесійнага развіцця маладых спецыялістаў спрыяе дасягненню жаданага статусу і прызнанню ў калектыве, сярод вучняў і іх законных прадстаўнікоў, уплывае на прафесійную кар’еру. Зацікаўле­насць у павышэнні ўласнага прафесійнага майстэрства, жаданне творча падысці да рэалізацыі сваіх магчымасцей дазволілі многім маладым педагогам на працягу пяці гадоў

(з 2016 года) атрымаць ужо не толькі другую кваліфікацыйную катэгорыю, але і першую. Сярод такіх творчых, захопленых педагогікай людзей хочацца адзначыць настаўніцу пачатковых класаў гімназіі № 34 Мінска Алену Сяргееўну Шчабярака, настаўніка матэматыкі сярэдняй школы № 208 Мінска Юрыя Валер’евіча Шпака, настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 124 Мінска Кацярыну Юр’еўну Жогаль, настаўніцу хіміі сярэдняй школы № 30 Мінска Маргарыту Уладзіміраўну Уласік, настаўніцу матэматыкі сярэдняй школы № 168 Мінска Алену Юр’еўну Насонаву, настаўніка матэматыкі сярэдняй школы № 42 Мінска Антона Васільевіча Рымдзёнка і іншых. Гэтыя педагогі паспяхова працягваюць працаваць ужо з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, карыстаюцца павагай калег і аўтарытэтам у вучняў. Напрыклад, малады матэматык сярэдняй школы № 223 Мінска Уладзіслаў Дзмітрыевіч Анісовіч быў удзельнікам гарадской школы настаўнікаў матэматыкі, падрыхтаваў каманду вучняў 11 “А” класа, якая заваявала дыплом І ступені ў рэспубліканскім адукацыйным марафоне “Ліга ведаў”.

Актыўнасць маладых настаўнікаў адзначаецца і на міжнародным узроўні. Напрыклад, да анлайн-сустрэчы “ММЦ — #START маладых!” у рамках дзейнасці праектнай лабараторыі “Стартапы праектнага майстэрства”, якая ладзілася міжнародным метадычным цэнтрам “Акадэмія педагагічнага майстэрства: навыкі XXI стагоддзя” (Омск, Расія), з ахвотай далучыліся ўдзельнікі гарадской школы маладога настаўніка фізічнай культуры і здароўя Павел Андрэевіч Сіняўскі (сярэдняя школа № 182) і гарадской школы маладога настаўніка пачатковых класаў Аліна Андрэеўна Гайкова (сярэдняя школа № 223). Такіх прыкладаў можна прывесці шмат, бо ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска працуюць актыўныя, ініцыятыўныя, творчыя педагогі. Галоўны ж вынік адаптацыі да прафесіі заключаецца ва ўзроўні замацаванасці маладых спецыялістаў. Паказальна, што ў мінулым годзе ў сярэднім гэты паказчык склаў больш за 60%.

Можна ўпэўнена сцвярджаць: метадычная падтрымка пачынаючых настаўнікаў у адаптацыйны да прафесіі перыяд у цэлым адлюстроўвае масіраваны зацікаўлены падыход на ўсіх узроўнях: на ўзроўні і ўстаноў адукацыі, і раённых упраўленняў па адукацыі, і гарадскім. З улікам таго, што рэалізацыя індывідуальнага адукацыйнага маршруту ў сістэме бесперапыннай прафесійнай адукацыі будуецца зыходзячы з адукацыйных запытаў і інтарэсаў пачынаючага настаўніка, наша сталічная трохузроўневая сістэма метадычнага суправаджэння цалкам адказвае на выклікі сучаснасці.

— Напэўна, з часам з’яўляюцца новаўвядзенні.

— Было прынята рашэнне аднесці да катэгорыі маладых яшчэ і пачынаючых намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце. Яны ўжо адбыліся як вопытныя настаўнікі-прадметнікі, аднак у кіраўніцкай дзейнасці робяць толькі першыя крокі. Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі з першага ж дня назначэння на пасаду арганізуе іх метадычнае суправаджэнне праз уключэнне ў дзейнасць школы пачынаючага намесніка дырэктара. Праграма пасяджэнняў школы разглядае найбольш актуальныя пытанні: нарматыўнае прававое рэгуляванне адукацыйнага працэсу, арганізацыю самакантролю, формы і тэхналогіі правядзення педагагічнага савета і іншыя. На працягу апошніх пяці гадоў такую метадычную падтрымку атрымалі больш за 150 пачынаючых намеснікаў дырэктара. Гэта дазволіла ім хутчэй адаптавацца, пазбегнуць пэўных памылак, атрымаць кансультацыі вопытных калег. У сваіх анкетах пачынаючыя намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце адзначаюць: заняткі эфектыўныя, практыка-арыентаваныя, выклікаюць цікавасць да актыўнай дзейнасці, дазваляюць больш упэўнена адчуваць сябе на сваім працоўным месцы. Неабходна разумець, што сістэмнасць і ўпарадкаванасць у арганізацыі кіраўніцкай дзейнасці дасягаецца наяўнасцю кваліфікацыі і вопыту кіраўніцтва. Намесніку дырэктара трэба быць лідарам сваёй каманды, умець уплываць на сваіх супрацоўнікаў, прафесійна ставіць перад імі задачы, эфектыўна вучыць, развіваць, ацэньваць і матываваць іх. Такім чынам, дзейнасць школы пачынаючага намесніка дырэктара стала завяршальным звяном цэласнай сістэмы метадычнай падтрымкі маладых, якую ажыццяўляе наш інстытут.

— Што б вы параілі маладым педагогам, каб знайсці свой педагагічны стыль, сваё месца ў школе, адчуць любоў да прафесіі?

— Хочацца пажадаць маладым педагогам не баяцца школы, быць упэўненнымі ў сабе і паслядоўнымі ў сваіх дзеяннях. Важна, каб яны разглядалі кожнага вучня як асобу, верылі ў іх дасягненні і здольнасці, бо ў кожным з нас ёсць свая іскра таленту. Ніколі нельга забываць: мы самі ствараем свой лёс, пішам сваю прафесійную біяграфію. Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі гатовы аказаць метадычную падтрымку кожнаму маладому педагогу. Нашы метадысты-прафесіяналы, выкладчыкі могуць і забяспечыць паспяховую адаптацыю пачынаючых настаўнікаў да прафесіі,і спрыяць развіццю асобы кожнага маладога спецыяліста на аснове дыягнастычнай інфармацыі аб дынаміцы росту яго прафесіяналізму, і дапамагчы спраектаваць сваю дзейнасць з апорай на дасягненні сучаснай навукі і перадавога педагагічнага вопыту, гарманічна ўвайсці ў адукацыйны працэс, спрыяць фарміраванню індывідуальнага стылю творчай дзейнасці, выклікаць і выхоўваць у маладых настаўнікаў патрэбу ў бесперапыннай самаадукацыі… Задач, безумоўна, многа. Але, як вядома, паспяхова шлях адолее толькі той, хто ўпарта і цярпліва ідзе па ім крок за крокам, паступова пераадольваючы цяжкасці, набываючы веды і жыццёвы вопыт.

Таццяна ШЫМКО.