Старажытны і заўсёды малады

- 17:53Родная земля

Полацк адзіны. Такіх, як ён, на Беларусі больш няма. Гэта наш Рым, наш Канстанцінопаль — наша ўсё. Як толькі Полацк ні называюць: і калыскай беларускай дзяржаўнасці, і горадам, адкуль пачаўся свет. Аднак тое, што гэта малады горад, давялося пачуць упершыню. Словы полацкіх педагогаў, з якімі сустракаліся ўдзельнікі прэс-туру “Настаўніцкай газеты” па Віцебшчыне, спачатку падаліся памылкай, агаворкай. Можа замест “малады” настаўнікі хацелі сказаць “старажытны”? Аднак “малады” прагучала некалькі разоў. Значыць, не памылка. І ўсё ж дзіўна: гораду больш за тысячу гадоў, а гавораць, што ён малады. Усё стала зразумела пасля наведвання ўстаноў адукацыі Полацка, яго святынь і прагулкі па ўтульных вуліцах.

Горад летуценнікаў

Полацк нездарма ў мінулым годзе быў маладзёжнай сталіцай Беларусі. У працэнтных суадносінах моладзі тут не менш, чым у Мінску. І што самае важнае, у горадзе створаны неабходныя ўмовы для якаснай вучобы маладых людзей і такога ж якаснага адпачынку. Сёння Полацк — гэта дзяржаўны ўніверсітэт, установы сярэдняй спецыяльнай і агульнай адукацыі, у якіх займаюцца тысячы студэнтаў і навучэнцаў, маладых, прыгожых, ініцыятыўных і крэатыўных хлопцаў і дзяўчат. А дзе маладосць — там каханне, рамантыка, летуценнасць, пяшчота, мары і спадзяванні. Менавіта такімі словамі можна ахарактарызаваць больш чым тысячагадовую гісторыю Полацка.

Хіба не быў рамантыкам архітэктар, які перабудоўваў полацкую Сафію ў XVIII стагоддзі? Толькі рамантык мог узвесці храм, які, нібыта белы лебедзь, ляціць над сівой Дзвіной. А дзейнасць славутага князя Усяслава Чарадзея, які марыў пра самастойнасць Полацкага княства і сваім жыццём даказваў, што нават самыя высокія мары можна -здзейсніць! А наколькі шчырымі былі малітвы яго ўнучкі Ефрасінні! Якой маштабнай была яе асветніцкая і рэлігійная дзейнасць! Нездарма мы лічым Ефрасінню святой, заступніцай нашай зямлі. Шмат войнаў праносілася праз Полацк, і пасля кожнага ліхалецця горад адбудоўваўся, спадзяванні і веру ў адраджэнне былой велічы горада палачане рэалізоўвалі спаўна.

Шмат праектаў, накіраваных на росквіт роднага горада, папулярызацыю яго багатай гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны рэалізуецца сёння ва ўстановах адукацыі Полацка. З некаторымі мы і азнаёміліся падчас прэс-туру.

Дзеля нашчадкаў

Цікава, як бы адрэагавалі Усяслаў Чарадзей, Францыск Скарына або Сімяон Полацкі, калі б даведаліся, што праз сотні гадоў, у далёкім ХХІ стагоддзі, юныя палачане (напрыклад, навучэнцы сярэдняй школы № 16 і гімназіі № 1) будуць з вялікім гонарам і захопленасцю расказваць сваім гасцям пра дзейнасць славутых землякоў? Канечне, былі б рады. Акрылены гэтай радасцю, яны, напэўна, здзейснілі б яшчэ некаторыя значныя ўчынкі. Усяслаў Чарадзей, магчыма, пабудаваў бы яшчэ адзін храм — не менш велічны, чым Сафія, Францыск Скарына перавыдаў бы Біблію значна большым тыражом, а Сімяон Полацкі напісаў бы яшчэ некалькі сілабічных вершаў, якія таксама ўвайшлі б у залаты фонд усходнеславянскай літаратуры.

Дзеля будучых пакаленняў рабілі свае вялікія справы славутыя палачане. Дзеля будучых пакаленняў працуюць і сённяшнія полацкія педагогі. Узяць, напрыклад, настаўнікаў сярэдняй школы № 16. Толькі дзеля наступных пакаленняў і дзеля памяці пра ранейшыя пакаленні педагогаў і навучэнцаў у 2010 годзе яны стварылі музей, прысвечаны станаўленню адукацыі на Полаччыне. Адкрыццё музея — гэта вынік карпатлівай працы полацкіх педагогаў і дапамогі іх калег з іншых устаноў адукацыі раёна пры асабістай падтрымцы начальніка ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірыны Афанасьеўны Драздовай і выдатніка адукацыі Яўгеніі Канстанцінаўны Мурутковай. Музей уключае пяць залаў. Першая зала — “Галерэя творчасці педагагічных работнікаў” аб’ядноўвае работы, аўтарамі якіх з’яўляюцца таленавітыя педагогі. Асноўная тэматыка работ — гэта, безумоўна, любімы, дарагі, старажытны і малады Полацк. У вучэбным кабінеце размясціўся цэнтр мастацкай вышыўкі. Ён таксама аб’ядноўвае работы педагогаў. Тут адчуваецца пераемнасць пакаленняў, бо прадстаўлены вырабы, якія вышываліся без схем, і сучасныя вышыўкі.

Наступная зала — летапісная, дзе сабраны ўнікальны матэрыял па гісторыі развіцця школ, гімназій — наогул адукацыі Полаччыны. Усяго тут 40 стэндаў, кожны — гісторыя пэўнай установы адукацыі. Унікальнасць залы ў тым, што ў ёй прадстаўлена інфармацыя нават пра школы, якія ўжо не функцыянуюць. Гэтая зала заўсёды карыстаецца папулярнасцю. Сюды часта прыходзяць госці і шукаюць сваю школу, учытваюцца ў інфармацыю, углядаюцца ў фотаздымкі, шукаюць на іх сябе і сваіх настаўнікаў. Матэрыялы залы пастаянна папаўняюцца. Сярод цікавых прадметаў — школьная дошка, парта (арыгінальная, зробленая адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, знайшлі яе ў Руднянскай школе), касцюмы вучняў. Прадстаўлена школьная бібліятэка, якая пастаянна абнаўляецца. Асобная выстава прысвечана школьным лабараторыям і мультымедыйнаму абсталяванню, якое выкарыстоўвалася ў савецкай школе і ў 90-я гады. Гэтая выстава асабліва цікавая сучасным вучням, паколькі не ўсе ўяўляюць, як можна было вучыцца без камп’ютараў, відэапраектараў і іншых інавацый. Менавіта ў гэтай зале захоўваецца ўнікальны макет полацкай Сафіі, створаны ў рамках праекта “Горад у мініяцюры, або Полацк вачыма дзяцей”. Хаця слова “мініяцюра” ў дачыненні да гэтага макета не зусім карэктнае. Макет полацкай Сафіі ніяк не назавеш мініяцюрным, бо створаны ён у маштабе 1:30. Вышыня веж — амаль 2 метры! Гэтую работу, створаную творчым калектывам педагогаў 16-й школы, плануецца сёлета выставіць на абласных “Дажынках” у Верхнядзвінску.

Наступная зала — зала працоўнай славы педагогаў Полацка і Полацкага раёна, а таксама баявой славы, паколькі некалькі стэндаў прысвечаны педагогам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Асноўная частка матэрыялаў пра настаўнікаў, якія былі ўзнагароджаны медалямі, маюць ганаровыя званні, з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў педагагічных работнікаў і кіраўнікамі ўзорных калектываў. Пра адзін са стэндаў музея дырэктар школы Ірына Аляксееўна Зімніцкая расказвала з асаблівай цеплынёй, бо тут захоўваюцца яе школьныя дзённікі.

— Мы такога эфекту ад музея не чакалі. У людзей былі проста слёзы, калі яны бачылі фотаздымкі сваіх настаўнікаў, сябе ў школьныя гады, дзякавалі, што пра іх памятаюць. Гэта цэнтр музейнай педагогікі, які заўсёды запатрабаваны і патрэбны. Ідэя стварэння музея прыйшла яшчэ ў 90-я гады, калі Полацк стаў горадам-пабрацімам Фрыдрыхсхафена. Калі наша дэлегацыя ўпершыню паехала ў гэты нямецкі горад, то наведала падобны музей. Пасля гэтай паездкі і ўзнікла ідэя стварэння музея адукацыі Полаччыны. А пустыя месцы на стэндах — для матэрыялаў пра будучых нашых герояў, — паведаміла Ірына Аляксееўна.

Лабірынты гісторыі

Праекты, накіраваныя на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, асабліва ў 2018 тэматычны год, рэалізуюцца ў кожнай установе адукацыі горада. Так, у Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі, як паведаміла метадыст аддзела турызму, краязнаўства і экскурсій установы Алена Сяргееўна Багдановіч, асаблівай папулярнасцю сярод навучэнскай моладзі карыстаецца квест “Полацкія лабірынты”. Мы з калегамі таксама раскрылі некаторыя таямніцы гэтых лабірынтаў. На жаль, з-за абмежаванасці часу наша квест-прагулка па Полацку была непрацяглай, аднак надзвычай інфарматыўнай. Усё дзякуючы прафесіяналізму Алены Сяргееўны, якая ведае шмат цікавага пра родны Полацк. Непрацяглыя пераезды паміж установамі адукацыі, прагулка па вуліцах Полацка і па Свята-Ефрасіннеўскім манастыры былі напоўнены цікавым і змястоўным аповедам.

— Галоўная святыня манастыра — Спаса-Праабражэнскі храм. Ён быў пабудаваны полацкім дойлідам Іаанам на беразе ракі Палаты па замове Ефрасінні. Навукоўцы лічаць, што царква пабудавана паміж 1152 і 1159 гадамі. Гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі храм, у якім захаваліся фрэскі ХІІ стагоддзя. У “Жыціі Ефрасінні” гаворыцца пра тое, што Іаану прысніўся сон, у якім яго клікалі ў Сяльцо, як раней называлася месца, дзе цяпер стаіць манастыр. Ён прыйшоў да Ефрасінні і спытаў, ці не яна яго клікала. Тая адказала, што не, але неабходна прыслухацца і выканаць волю. Храм, згодна з “Жыціем Ефрасінні”, быў узведзены за 30 тыдняў. З будаўніцтвам храма звязана яшчэ адна цікавая гісторыя: не хапала плінфы, і Ефрасіння малілася ўсю ноч, а на раніцу неабходная колькасць будаўнічага матэрыялу была знойдзена ў печы. Праўда тое ці не, аднак навукоўцы гавораць, што ёсць пласт плінфы, які па сваім хімічным складзе адрозніваецца ад іншых. Побач са Спаса-Праабражэнскай царквой у 1893—1897 гадах быў узведзены велічны пяцікупальны Крыжаўзвіжанскі сабор у псеўдавізантыйскім стылі. Гэты сабор моцна пацярпеў у Вялікую Айчынную вайну, аднак палачане сваёй працай і глыбокай верай аднавілі храм. Цяпер ён з’яўляецца дзеючым, — паведаміла Алена Сяргееўна.

Проста так не бывае

Ці бывае ў жыцці нешта выпадковае? Ці могуць пэўныя падзеі адбывацца проста так? І ці бываюць у жыцці цуды? Адзін скажа: “Канечне, бываюць”. Іншы запярэчыць: “Гэта проста супадзенне”. Ці з’яўляецца цудам той факт, што праз віхуру стагоддзяў, праз мноства войнаў і ліхалеццяў да нашага часу дайшоў храм, пабудаваны Іаанам, той самы храм, у якім малілася Ефрасіння? Ці ўсё ж гэта супадзенне? Прыедзьце ў Полацк, завітайце ў храм, пажадана ў той момант, калі там няма турыстаў. Пастойце ў адзіноце хвілінку-другую, паўглядайцеся ў фрэскі ХІІ стагоддзя. Адказ на пытанне пра выпадковасць вы абавязкова знойдзеце.

Шляхам Ефрасінні

Нельга прыехаць у Полацк і не ўбачыць Сафію. Мы яе з калегамі таксама ўбачылі, няхай і здалёк, з моста праз Заходнюю Дзвіну. А яшчэ пачулі цікавы аповед нашага экскурсавода і даведаліся, што будаўніцтва сабора было здзейснена ў сярэдзіне XI стагоддзя і было звязана з ростам палітычнай ролі горада. Гэты помнік стаў сімвалам незалежнасці полацкіх зямель. Як і кіеўская, Сафія полацкая з’яўлялася галоўным грамадскім будынкам горада, дзе адбываўся прыём паслоў, абвяшчалася пра вайну і мір. Тут захоўваліся княжацкая скарбніца і першая на беларускіх землях бібліятэка.

— Гэта быў грандыёзны для таго часу храм, у шырыню і даўжыню амаль 27 метраў і 31 метр у вышыню. Пры ўзвядзенні сабора ў якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўвалі плінфу — пляскатую цэглу, рэцэпт вырабу якой, як і тэхналогію будаўніцтва, завезлі візантыйскія майстры. Цагліну-плінфу выраблялі ў Полацку недалёка ад месца будаўніцтва сабора, сушылі на адкрытым паветры, потым абпальвалі ў спецыяльных печах. Выкарыстоўваліся таксама неапрацаваныя камяні-валуны, якіх на полацкай зямлі незлічонае мноства. Будаўніцтва сабора вялося ў класічнай для архітэктуры Візантыі тэхніцы, калі кожны другі рад плінфы быў схаваны, патоплены ў глыб сцяны і зверху затынкаваны вапнавым растворам працяглага гашэння з дабаўленнем тоўчанай плінфы. Гэтая тэхніка стала традыцыйнай для полацкага дойлідства ў ХІ—ХІІ стагоддзях. Падлога сабора была выканана з невялікіх рознакаляровых паліўных керамічных плітак.

За сваю шматвекавую гісторыю Сафія не раз гарэла і руйнавалася. Падчас Паўночнай вайны ў Полацку размяшчаліся рускія войскі. У Сафійскім саборы знаходзіўся склад боепрыпасаў. 1 мая 1710 года ў сутарэннях сабора выбухнуў порах. Была знішчана адна сцяна, левы бакавы алтар, пашкоджаны падмурак, столь, калоны. Шэсць разоў перабудоўваўся сабор. Апошні раз — з 1738 па 1750 год, калі ён быў цалкам відазменены і ператвораны ва ўніяцкую барочную базіліку. Ад ранейшага сабора засталіся толькі асобныя часткі падмуркаў і фрагменты ўнутраных слупоў, — паведаміла Алена Сяргееўна Багдановіч.

Што звязвае Сафію і Спаса-Праабражэнскі храм? Полацкая школа дойлідства? Прыналежнасць да старажытнага Полацка? Не толькі. Гэтыя два храмы звязвае яшчэ і ўнікальны шлях. Гавораць, некалі сама Ефрасіння любіла прагульвацца ўздоўж Палаты ад аднаго храма да іншага. Была нават задума аднавіць гэты шлях і зрабіць яго турыстычным. Аднак пакуль што задума засталася толькі задумай. Магчыма, яна будзе рэалізавана і на карце Полацка з’явіцца яшэ адзін турыстычны маршрут з назвай кшталту “Шляхам Ефрасінні”.

Калі зоркі запальваюць зоркі

“Сябры дарагія, прыміце вітанне з прыдзвінскіх прастораў ад нас, шкаляроў. Хай з нашай гімназіяй ваша спатканне шануе братэрства і нашу любоў”. Такімі словамі журналістаў “Настаўніцкай газеты” сустракалі ў дзяржаўнай гімназіі № 1 Полацка імя Францыска Скарыны. А яшчэ вось якімі словамі Генадзя Бураўкіна: “Не шукайце красы за морамі, // Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, — // Прыязджайце да нас на Полаччыну, // Пахадзіце яе прасторамі”.

Пачынаць прагулку па прасторах Поллачыны лепш за ўсё з устаноў адукацыі, у прыватнасці гімназіі № 1. Тут вы абавязкова натхніцеся на працяглае падарожжа. А для гэтага настаўнікі і вучні правядуць вас па галерэі сямі вольных мастацтваў, арганізаванай выпускнікамі 2018 года, і захапляльна раскажуць пра жыццё знакамітых ураджэнцаў Полацка, пачынаючы ад Рагвалода. “Мы атрымалі багатую культурную спадчыну ад продкаў, і веданне іх дасягненняў узмяцняе пачуццё ўласнай годнасці. Невыпадкова лінейкі, на якіх ушаноўваюць алімпіяднікаў і пераможцаў розных конкурсаў, праходзяць менавіта ў скарынаўскай зале, што завяршае “Галерэю першых”, — адзначылі юныя экскурсаводы.

Фармат прэс-туру прадугледжвае абавязковае знаёмства з адметнасцямі адукацыйнага працэсу ўстановы адукацыі. Не будзем адступаць ад гэтай традыцыі. Як паведаміла дырэктар гімназіі Святлана Міхайлаўна Валюшкіна, гэты год для ўстановы быў юбілейным: 80 гадоў з дня заснавання сярэдняй школы № 7 з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы (установа пазней і атрымала статус гімназіі № 1) і 25 гадоў самой гімназіі. За гэты час ва ўстанове адукацыі склаліся свае традыцыі. Гэта дзень дублёра, дзень нараджэння гімназіі, “Зорны вальс”, турыстычны злёт на возеры Тросна, пасяджэнні “Зялёнага педсавета”. У 2003 годзе былі адкрыты фотагалерэі навучэнцаў “Зоркі” і настаўнікаў “Зоркі, якія запальваюць зоркі”. З 1999 года дзейнічае інтэлектуальны клуб “Што? Дзе? Калі?”, а з 2008 года праводзіцца конкурс “Разумнікі і разумніцы”. У 2009 го-дзе пачаў дзейнічаць праект “Аднакласнікі” для юбілейных выпускаў гімназіі. Спартыўны конкурс гімназіі “Вялікія гонкі” ў тым жа годзе атрымаў статус міжшкольнага.

— Захоўваючы традыцыі былой школы № 7 з паглыбленым вывучэннем замежных моў, нашы настаўнікі англійскай мовы рэалізоўваюць праект “Школа акадэмічнай мабільнасці”. Яго ўдзельнікі могуць удасканальваць свае камунікатыўныя навыкі, наведваючы іншыя краіны і сустракаючыся з носьбітамі мовы. Функцыянаванне на працягу 10 гадоў у статусе Полацкай нацыянальнай гімназіі, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове, стала асновай таго, што ўсе настаўнікі пачатковых класаў рэалізавалі ў гэтым годзе праект “Гучы, родная мова!”. Сёлета калектыў апрабаваў і такую форму работы, як правядзенне цыкла сесій навукова-практычнай канферэнцыі “Я пазнаю свет” на аснове прынцыпаў халістычнага навучання. Важна, каб дзеці былі заняты карыснымі справамі. Такімі як, напрыклад, удзел у гімназічным праекце “Пабудуем храм разам” раённага праекта “Горад у мініяцюры, або Полацк вачыма дзяцей”. Калі камусьці падабаюцца інтэлектуальныя гульні — калі ласка, запрашае клуб “Што? Дзе? Калі?”. Прыцягвае спорт — улівайся ў агульнагімназічны варкаўт-рух. Дарэчы, на тэрыторыі гімназіі знаходзіцца абноўленая спартыўная пляцоўка з вулічнымі трэнажорамі. Для тых, каго цікавяць пытанні выбару прафесіі, дзейнічае агульнагімназічны праект “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, а хто марыць стаць журналістам, можа далучыцца да дзейнасці студыі журналістыкі “Друкаваны голас гімназіі”. Асаблівым гонарам гімназіі з’яўляецца ўзорны харэаграфічны калектыў “Забава”. Кожны навучэнец можа спаўна рэалізаваць усе свае таленты ў гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, — паведаміла Святлана Міхайлаўна.

Калі ласка, прыязджайце!

1156 гадоў мінула з таго часу, калі Полацк быў упершыню згаданы ў летапісах. Узрост даволі паважаны. Але што гэты ўзрост значыць для вечнасці? Гэта не сталасць, тым больш не старасць. Гэта юнацтва, маладосць. Амаль 12 стагоддзяў старажытны Полацк упрыгожвае высокі бераг Заходняй Дзвіны, аднак ён такі ж малады і прыгожы, як у далёкія часы Усяслава і Скарыны. Прыедзьце ў Полацк, пастойце ля ўзнёслай Сафіі, прагуляйцеся па скверах і вуліцах горада, палюбуйцеся старадаўнімі будынкамі і новымі мікрараёнамі. Прыязджайце ў канцы вясны, летам, калі наўкола зеляніна, калі цёплыя вечары, калі навокал столькі пяшчоты і замілавання, калі хочацца быць маладым. Старажытны і заўсёды малады Полацк ласкава запрашае!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.