Старт у прафесію дае настаўнік

- 11:42Нам пішуць

“У працэсе працоўнага навучання дзеці павінны атрымаць падрыхтоўку, якая дапаможа паспяхова дзейнічаць у свеце сучасных тэхналогій, выконваць розныя сацыяльныя ролі: грамадзяніна, працаўніка, гаспадара”, — лічыць Уладзімір Аляксеевіч Кашын, настаўнік Вярэйкаўскай сярэдняй школы.

Стаж працы педагога ў нашай школе складае больш за сорак гадоў. Гэты сціплы, добры настаўнік з залатымі рукамі і добрым сэрцам ніколі не хваліцца ні сваімі ўзнагародамі, ні званнямі (а іх у яго нямала!).

Ганарыцца Уладзімір Аляксеевіч вучнямі, прадаўжальнікамі сваёй справы, і іх дасягненнямі як на ўзроўні раёна, вобласці, так і рэспублікі. Другі год запар Віталь Бублейка і Алесь Талочка, навучэнцы 8 класа, займаюць першае месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Мадэль пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі”. Арцём Рышкель, вучань 9 класа, другі год запар займае першае месца ў абласным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” у секцыі “Тэхнічнае канструяванне”.

Уладзімір Аляксеевіч ахвотна дзеліцца досведам як у школе, так і на раённых метадычных аб’яднаннях, адно з якіх у красавіку прайшло на базе Вярэйкаўскай сярэдняй школы.

Вучні ганарацца сваім педагогам, а Уладзіміра Аляксеевіча не пакідаюць думкі, як зацікавіць усіх хлопцаў тэхнічным справай, каб урокі тэхнічнай працы паслужылі стартам для выбару далейшай прафесіі, а веды і практычныя навыкі сталі ім апорай у жыцці.

Святлана КІСЛУШКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.