Сцяжынкамі роднага краю

- 16:55Нам пішуць

Педагогі павінны выхоўваць у дзяцей любоў да малой радзімы, раскрываць яе прыгажосць. Для гэтага можна адправіцца ў падарожжа, вывучыць гісторыю роднага населенага пункта, даследаваць напаўзабытыя мясціны. Літаратурныя сюжэты заўсёды побач. І паказваюць яны, што наш край казачны і загадкавы.

Фота да матэрыялу: Сцяжынкамі роднага краю. Фота да матэрыялу: Сцяжынкамі роднага краю.

Як правіла, падарожныя нататкі пачынаюцца з апісання раніцы і надвор’я. У той суботні восеньскі дзень было ясна, а таму радасна. Мае пяцікласнікі весяліліся ў прадчуванні будучых прыгод. Хтосьці верыў у казку, хтосьці скептычна ўсміхаўся, але многія “ўзброіліся” самаробнымі вудамі, кошыкамі, харчовымі прыпасамі і чароўнымі вачыма — біноклем.

Уваходзім у мясцовы парк, дзе нас сустракае векавы клён. Абхопліваем яго ўпецярых, прыціскаемся шчокамі да шурпатай кары і слухаем, што ён скажа. Іншыя чакаюць рэакцыі. Але хіба гарэзы дадуць дрэву выгаварыцца?! Вучні захоплена гладзяць ствол, штосьці шэпчуць дзядулю-клёну. А ён у адказ толькі пакачаў галінкамі.

Фота да матэрыялу: Сцяжынкамі роднага краю. Фота да матэрыялу: Сцяжынкамі роднага краю.

Хтосьці заўважыў маленькія дубкі. Паклікаў астатніх пайсці па іх следзе, які прывёў да вялікага дуба-бацькі, што звысоку любуецца сваімі дзецьмі. Назбіраўшы ў кошыкі жалудоў, з азартам пабеглі далей.

Абышоўшы паваленыя дрэвы, убачылі вярбу над невялікай сажалкай, вялікае някошанае поле, рознакаляровыя дрэвы, альтанку, вінаградныя зараснікі… Ад закінутай крынічкі цягнула сырой прахалодай. Дзеці з задавальненнем пакаштавалі сцюдзёную ваду.

Фота да матэрыялу: Сцяжынкамі роднага краю. Фота да матэрыялу: Сцяжынкамі роднага краю.

Пяцікласнікі пыталіся, чаму дарослыя адновяць крынічку. Вясёлае падарожжа суправаджалася філасофскім роздумам. Фантазіравалі на тэму, як ажывіць закінуты парк, які калісьці належаў польскаму пану. За азярцом — падмурак ад былога маёнтка. На паваленых дрэвах — сляды ад бабрыных зубоў і дружныя сямейкі грыбоў.

Колькі загадак хавае мясцовы парк! Хочацца спадзявацца, што падчас падарожжа дзеці заўважылі хараство прыроды, якое падштурхне да творчасці і новых вандровак па родным краі.

Наталля ПЯТРЭНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.