Студэнт года — паліглот з Баранавіч

- 11:18Вышэйшая школа

У аўторак студэнцтва Беларусі аб’яднала самае чаканае і яркае маладзёжнае шоу — гранд-фінал Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2020”. Тытул пераможцы заваявала будучы лінгвіст, краіназнаўца, выкладчыца англійскай і нямецкай моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар’я Паўлоўская. Арганізатарам конкурсу з 2011 года выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

“Адкрываючы сябе” — пад такім слоганам на сцэне Мінскага гарадскога палаца культуры ў творчых і інтэлектуальных спаборніцтвах сышліся 10 лепшых студэн­таў краіны — пераможцаў абласных тураў праекта. Усе яны — круглыя выдатнікі, стыпендыяты спецыяльных фондаў, удзельнікі навуковых канферэнцый, прадметных алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, фестываляў і вядуць актыўную грамадскую дзейнасць у сваіх установах. Усяго ў адборачных турах конкурсу прынялі ўдзел 270 студэнтаў з 44 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Фіналісты прыехалі ў Мінск не з пустымі рукамі, кожны з іх прывёз ключ: металічны, драўляны, а хтосьці нават віртуальны. Гэтыя ключы як талісманы суправаджалі іх на працягу ўсіх фінальных выпрабаванняў.

Студэнцкая прэзентацыя “Будзем знаёмы”, конкурсы інтэлектуальнага і прамоўніцкага майстэрства “#Впрофессии”, творчыя батлы — шлях да сэр­цаў журы быў няпростым. Таленты канкурсантаў ацэньвалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, рэжысёры, артысты, тэлевядучыя і па сумяшчальніцтве педагогі — тыя, хто перадаваў свой вопыт фіналістам на майстар-класах.

— Калі я ўпершыню пераступіла парог свайго ўніверсітэта, зразумела: вось ён, наступны ўзровень майго жыцця. Кожны ўзровень складаецца з мноства місій, выконваючы якія я дасягаю перамогі. Усім нам вядомы выраз: галоўнае не перамога, а ўдзел. Аднак я так не лічу. У жыцці прытрымліваюся правіла: “Калі рабіць нешта, то добра і з вынікам. Сёння яно спрацавала”, — зазначыла Дар’я Паўлоўская.

Дар’я вучыцца на 4 курсе факультэта славянскіх і германскіх моў, плануе стаць выкладчыцай нямецкай і англійскай. Для сябе вывучыла польскую мову, гаворыць на кітайскай. Шмат часу праводзіць за чытаннем — не толькі навуковай літаратуры, але і мастацкай. Дзяўчына з’яўляецца неаднаразовай удзель­ніцай навукова-практычных канферэнцый і інавацыйных праектаў. Любіць падарожнічаць. У вольны час Дар’я часта адпачывае на прыродзе, дзе нават не ловіць сігнал мабільнага тэлефона. Таму, думаецца, галоўны прыз конкурсу — аўдыя­сістэма і падарожжа па Еўропе — будзе ёй вельмі дарэчы.

Другое месца ў рэспубліканскім конкурсе заняў студэнт 4 курса агранамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Арцём Несцярук. Ён стаў пераможцам у намінацыі “Студэнт года анлайн”. На трэцім месцы — студэнт 2 курса факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Кірыл Громаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.