Сустрэча са знакамітай выпускніцай

- 17:01Нам пішуць

У кожнай школы ёсць знакамітыя выпускнікі, якімі ганарацца. 22 снежня ў ДУА “Аюцавіцкая базавая школа” Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці адбылася сустрэча вучняў 5—9 класаў з ураджэнкай вёскі Аюцавічы, галоўным урачом 10-й гарадской паліклінікі, дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання Святланай Іванаўнай Цобкала.

Нарадзілася, вучылася Святлана Іванаўна ў невялікай вёсачцы Аюцавічы. Тут жывуць яе бацькі, якія выхавалі і далі пуцёўку ў жыццё. Дзякуючы выдатным здольнасцям, сіле волі, мэтанакіраванасці Святлана Іванаўна стала прафесійным урачом, паспяховым чалавекам, дасягнула вышынь у арганізатарскай дзейнасці. Паліклініка пад яе кіраўніцтвам аказвае дапамогу даросламу і дзіцячаму насельніцтву колькасцю 79,8 тыс. чалавек.

Дзеці хваляваліся, чакаючы сустрэць строгую, дзелавую жанчыну. Але Святлана Іванаўна аказалася прыемнай, гаваркой і адкрытай у размове: з задавальненнем расказвала пра сваё дзяцінства, школьныя гады, жыццё ў роднай вёсцы, успомніла першыя крокі на медыцынскай ніве. Дзеці слухалі з цікавасцю, задавалі пытанні. Самыя смелыя дзяліліся марамі і планамі. Прыемна было дзецям, што бацькоў многіх з іх Святлана Іванаўна добра ведае і памятае.

Нечаканым, але прыемным сюрпрызам сталі для вучняў падарункі да Новага года, якія ўручыла Святлана Іванаўна. Вучні таксама падрыхтавалі сувеніры для сваёй госці.

Для нашых школьнікаў гэта сустрэча стала добрым урокам жыцця, яскравым прыкладам таго, як мара можа здзейсніцца, калі ісці да яе настойліва, не зважаючы на цяжкасці.

Іна Аркадзьеўна УЦЮЖ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Аюцавіцкай базавай школы Карэліцкага раёна.